Сьвятлана Ціханоўская пачала дыскусію на панэлі «Ніколі не марнуйце крызіс чвэрці жыцьця: новыя рашэньні ў палярным стагодзьдзі». Таксама ў ёй узялі ўдзел прамоўцы з іншых краінаў — дэпутатка парлямэнту Намібіі Ўтаара Маоту, удзельніца польска-амэрыканскай парлямэнцкай групы і прадстаўніца замежнапалітычнага камітэту польскага Сэйму Аляксандра Ўзнаньская-Вішнеўская, віцэ-кіраўнік Мюнхэнскай канфэрэнцыі Бэнэдыкт Франке і прадстаўніца Кангрэсу Гватэмалы Элена Мотта.
У сваім выступе Сьвятлана Ціханоўская папярэдзіла, што ў сучаснасьці нават краіны з глыбокімі традыцыямі дэмакратыі сутыкнуліся з пагрозай пераходу на недэмакратычны лад.
«Я размаўляю з маладымі людзьмі, якія ня ведаюць, як апісаць дэмакратыю, бо яны атрымліваюць асалоду ад гэтага кожны дзень. Дэмакратыя ў дэмакратычных краінах таксама знаходзіцца пад пагрозай, і цяпер абавязак кожнага маладзёна яе абараняць».
Але пачала свой зварот да ўдзельнікаў і слухачоў канфэрэнцыі беларуска з размовы пра каштоўнасьці.
«Нашы каштоўнасьці добрыя, і ў нас няма патрэбы пераглядаць іх. Мы не павінны пераглядаць патрэбу абароны бізнэсу, напрыклад. Але людзі, якія жывуць у дэмакратычных краінах Эўропы, яны прывыклі да дэмакратыі і не заўважаюць яе. Іншая сытуацыя ў Беларусі, Ірана і іншых дзяржаў, дзе людзі паміраюць у барацьбе за дэмакратыю».
Далей Ціханоўская адказала на пытаньне, што цешыць яе на канфэрэнцыі, што дае надзею, нягледзячы на агульны тон размоваў пра небясьпеку і крызісы.
«Я мару ўбачыць Беларусь дэмакратычнай дзяржавай. Што дае мне надзею, дык гэта людзі, якія не здаюцца і працягваюць змагацца. Кожны беларус, які не здаецца, гэта і палітвязьні, якія не падпісваюць прашэньні аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, і тыя, хто ня здрадзіў сваім прынцыпам, каб жыць багацей, чым жыў. Гэта і Марыя Зайцава, якая ўзяла ўдзел у пратэстах 2020, была параненая, а пасьля рэабілітацыі адправілася ваяваць за Ўкраіну, стала снайпэркай і нядаўна загінула.
Я ведаю і людзей у гэтай залі, якія робяць унёсак у змаганьне за дэмакратыю. Тыранія гэта як рак, які распаўзаецца па ўсім целе да тае пары, пакуль такія людзі як вы не пачынаюць змагацца, каб гэта спыніць».
Таксама беларуска адзначыла пэўны крызіс веры ў дэмакратыю, які назірае цяпер.
«Змаганьне за дэмакратыю магчымае тады, калі на нашым баку стаяць моцныя дэмакратычныя дзяржавы, якія дзейнічаюць супольна. Часам я бачу, што дэмакратыя перастае верыць сама ў сябе. Я заўважаю, як прадстаўнікі дэмакратычных дзяржаў баяцца ўстаць і падаць голас супраць дактатараў. Вядома, дыктатары не паважаюць чужога меркаваньня, яны перакрочваюць адну чырвоную рысу за другой. Але вы павінны стаяць на дэмакратычных прынцыпах, на якіх стаіць ваша дзяржава. Дэмакратыя перад усім гэта адказнасьць, і кожны павінен быць адказным за захаваньне дэмакратычных каштоўнасьцяў».
На пытаньне пра тое, чаго ёй як чалавеку бракуе ў барацьбе, Ціханоўская адзначыла, што яна хоча жыць у Эўропе рашучай і непадзеленай, дзе першаснае значэньне маюць каштоўнасьці, а не інтарэс. Яна адзначыла, што хоча бачыць Беларусь у такой кампаніі.
«Прэзыдэнт Украіны Зяленскі слушна адзначыў напярэдадні, што межы цывілізаванай Эўропы мусяць пралягаць па ўсходняй мяжы Беларусі. Дапамажыце мне вярнуць Беларусь на яе сапраўднае месца сярод дэмакратычных дзяржаў кантынэнту, не будуйце чарговай жалезнай заслоны, і мая нацыя удзе шчасьлівай».
Форум