Прэзыдэнт Фінляндыі Аляксандар Стуб і іншыя эўрапейскія лідэры ў апошні дзень Мюнхэнскай канфэрэнцыі бясьпекі ў нядзелю спрабавалі вызначыць, як Эўрапейскі зьвяз можа перайсьці ад размоў да больш актыўных дзеяньняў і заставацца пільным, пакуль Вашынгтон імкнецца спыніць баі. Ён вылучыў тры этапы: папярэднія перамовы, спыненьне агню і доўгатэрміновыя мірныя перамовы, паведамляе AP.
«Першая фаза — папярэднія перамовы, і гэта момант, калі нам трэба пераўзброіць Украіну і аказаць максымальны ціск на Расею, а значыць, санкцыі, а значыць, замарозка актываў, каб Украіна пачала гэтыя перамовы з пазыцыі сілы», — сказаў ён.
Імкненьне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа да хуткага выхаду з вайны ва Ўкраіне выклікала занепакоенасьць і няўпэўненасьць у Мюнхэне.
Пасьля тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным на мінулым тыдні Трамп сказаў, што ён і Пуцін, падобна, неўзабаве сустрэнуцца для перамоваў аб мірным пагадненьні па Ўкраіне. Пазьней Трамп запэўніў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, што той таксама сядзе за сталом перамоваў. Афіцыйныя асобы ЗША заявілі, што эўрапейскія краіны, праўдападобна, ня будуць удзельнічаць у перамовах.
«Ня варта недаацэньваць Трампа як удзельніка перамоваў, я шчыра лічу, што Пуцін зьбянтэжаны і баіцца, што можа адбыцца», — сказаў Стуб.
«Цяпер мяч на нашым баку тут, у Эўропе. Нам трэба пераканаць амэрыканцаў, у чым вартасьці, а потым вярнуцца за стол перамоваў».
«Я думаю, што ў Эўропе нам трэба менш гаварыць і больш рабіць», — дадаў Стуб.
Прэзыдэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс, якая, як і Фінляндыя, мяжуе з Расеяй, пагадзіўся, што «калі мы моцныя, калі ў нас ёсьць што прапанаваць… тады мы будзем цікавыя ЗША. Калі вы проста будзеце працягваць праводзіць гэтыя добрыя канфэрэнцыі, размаўляць і ныць, то мы ня хутка станем цікавымі ўласнай публіцы».
Трохдзённая канфэрэнцыя стала цэнтрам перакрыжаванай дыпляматыі ў пытаньнях палітыкі, эканомікі, абароны і бясьпекі, з удзелам вядучых пасланьнікаў з такіх краін, як Сырыя і Саудаўская Арабія, Японія і Паўднёвая Карэя, а таксама з уделам эўрапейскіх кіраўнікоў.
Форум