Ён адным публічным выступам зьнішчыў амаль дваццацігадовую працу людзей, якія дабіваліся прыняцца гэтага закону. Але, можа, і праўда можна зьмяніць сытуацыю да лепшага без адпаведнага закону?
Нядаўна стала вядома, што ў Лунінецкім раёне завялі крымінальную справу супраць мужчыны, які сыстэматычна зьбіваў сваю жонку. А незвычайна ў гэтай гісторыі тое, што ўласна для завядзеньня справы не спатрэбілася заява жанчыны. І гэта акурат той падыход, які ўратаваў бы і палегчыў жыцьцё вялізнай колькасьці людзей, якія пакутуюць ад хатняга гвалту!
Вядома ж, што хатні гвалт як злачынства ці катэгорыя злачынстваў мае высокую латэнтнасьць, бо шмат хто з пацярпелых наўпрост не зьвяртаецца ў міліцыю. Паводле законаў жанру, вы мусіце спытацца, чаму ж яны не зьвяртаюцца па дапамогу? Ну, па-першае, беларуская міліцыя дыскрэдытавала сябе настолькі, што шмат хто проста ня хоча мець зь ёй увогуле нічога агульнага. Па-другое, агрэсара пасьля такой заявы ў большасьці выпадкаў ніхто нікуды не забярэ, а гэта значыць, што ён працягваць чыніць гвалт, ужо нібыта ў пакараньне. Канечне, калі ён ужо заб’е сваю ахвяру, будзе крымінальная справа і, імаверна, абвінавачвальны прысуд, але пацярпелай ад гэтага лягчэй не стане.
Калі імавернасьць пакараньня за гвалтоўнае злачынства залежыць найперш ад таго, ці заявіць пра яго ахвяра, гэта стварае хібную сыстэму, якой ахвяру ёсьць сэнс запужваць. А калі справы супраць так званых кухонных баксёраў будуць узбуджацца па факце зьбіцьця і незалежна ад наяўнасьці заявы, гэта літаральна можа выратаваць чалавечыя жыцьці.
Але ж вельмі цікава, чаму такі прэцэдэнт у Беларусі ўвогуле ўзьнік, ці няма ў ім нейкай дадатковай матывацыі пракурора і ці не акажацца ў выніку, што агрэсар па чароўным супадзеньні нейкі «экстрэміст», «змагар» ці «агент замежнай выведкі».
Мой скептыцызм заснаваны выключна на тым, што надта ўжо цяжка паверыць у больш рацыянальнае і разумнае стаўленьне цяперашняй беларускай дзяржаўнай сыстэмы да праблемы хатняга гвалту. Але вельмі, вельмі хочацца памыляцца.
Бо калі ў пацярпелых у Беларусі зьявіцца хоць такая палёгка, ад гэтага ўсім стане толькі лепей. Усім, акрамя агрэсараў, вядома. Але гэта ж да лепшага.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум