Свабода атрымала спадарожнікавыя здымкі пажару у рэспубліканскім заказьніку «Простыр» на самай беларуска-ўкраінскай мяжы. Дым ад пажараў на іх зьявіўся 10 лютага. Цягам наступных трох дзён згарэла значная частка гэтай прыродаахоўнай зоны. Зона пажару можа складаць каля 25 квадратных кілямэтраў.
Тэрыторыя заказьніку на поўдні прылягае да мяжы з Украінай.
Першым пра пажар на балоце паведаміла выданьне “Флагшток”. Яно спасылалася на інфармацыю ад сэрвісу FIRMS амэрыканскага касьмічнага агенцтва NASA. Гэты сэрвіс паказвае мапу пажараў у сьвеце. Згодна з інфармацыяй агенцтва, пажар мог пачацца нават 9 лютага, актыўная фаза прыпала на 12 лютага. На 14 лютага сэрвіс FIRMS яго больш не фіксуе.
Пры гэтым ў зводках Берасьцейскага МНС за гэтыя дні няма ніводнай згадкі пра хоць які пажар у Пінскім раёне, дзе знаходзіцца заказьнік.
Як пазначана на сайце заказьніку, тэрыторыя аховы абыймае сабою буйное нізіннае поймавае балота ў міжрэччы Прыпяці, Простыра і Стыра.
“Гэта апошні з тыповых старых куткоў Заходняга Палесься, які захаваўся сярод пераўтвораных ляндшафтаў. Да нашага часу праз брак мастоў цераз Прыпяць і Простыр тут не пракладзена ніводнай дарогі. На гэтым участку поймы чаргуюцца забалочаныя лугі, нізінныя адкрытыя асаковыя балоты, лазьнякі і трысьняговыя зарасьнікі. Сярод забалочаных прастораў, працятых сеткай невялікіх азёраў і старыкоў, раскінуты невялікія ўзвышэньні, выспачкі. Лясоў практычна няма, з выняткам невялікіх алешнікаў уздоўж рэк”.
Тэрыторыя заказьніку мае важнае значэньне для захаваньня папуляцыяў некаторых рэдкіх відаў птушак.
Спэцыяліст у экалёгіі і прыродаахоўных зонах у Беларусі (дзеля бясьпекі пажадаў не называць сваё імя) у камэнтары зазначыў, што пажары зімою для “малапарушаных натуральных экасыстэмаў, у тым ліку балотаў”, ня ёсьць вялікай праблемай. Ён адзначае, што пажары ўва ўсе часы былі натуральнаю прыроднаю зьяваю.
“Гэта пэўны шок, зь якім экасыстэма спраўляецца тым хутчэй, чым меншы ўплыў чалавека зазнае”, — гаворыць эколяг. — “Таму для асноўных відаў, што ахоўваюцца на Простыры — вяртлявай чаротаўкі ці вялікі арлец — пажар ня створыць праблемаў. Зімой тарфяны пласт балота звычайна насычаны вадою і пакрыт лёдам. Таму пажар хутка праходзіць па версе і выпальвае толькі сухое расьліннае покрыва, якое ўвесну аднаўляецца з каранёў і насеньня”.
Эколяг адзначае, што празь цёплыя зімы, у тым ліку сёлетнюю, пажараў значна пабольшала. Цяпер яны здараюцца ў дзясяткі разоў часьцей. А агульныя зьмены клімату ўплываюць на наводненасьць балотаў.
Але найбольшую небясьпеку эколягі бачаць менавіта ў дзейнасьці чалавека, якая парушае натуральны ход рэчаў у прыродзе, тады і пажары робяцца больш небясьпечнымі і шкоднымі:
“Пажары ствараюць праблему на асушаных тарфяніках і балотах з парушаным мэліярацыяй гідралягічным рэжымам. Тут агонь можа заходзіць глыбока ў тарфяны пласт, пажары могуць доўжыцца тыднямі”.
Небясьпеку экспэрт бачыць і ў тым, што часам пажары падштурхоўваюць улады ствараць у прыродаахоўнай зоне інфраструктуру, якая быццам дапамагае зь імі змагацца, — сетку дарог і каналаў.
“Такія аб’екты нават могуць паказваць часовы эфект у пэўных сытуацыях. Але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве менавіта гэтая лінейная інфраструкура пачынае ствараць для балота шматкроць большыя праблемы, чым самыя пажары. Уплывае на гідралягічны рэжым і павялічвае даступнасьць тэрыторыі для людзей. Як гэта адбываецца, напрыклад, на Альманскіх балотах побач. Таму важная праца — аднаўленьне гідралягічнага рэжыму, абмежаваньне даступнасьці тэрыторыяў для чалавека і разуменьне, што чым болей мы будуем на балотах, тым больш ім гэтым шкодзім”.
Форум