У мэдыя і сацсетках распаўсюджваецца інфармацыя пра тое, што міністар унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў нібыта прыходзіцца родным дзядзькам украінскаму палітыку Аляксандру Кубракову. Гісторыя разышлася ў беларускіх мэдыя, аднак выглядае, што яна беспадстаўная. Свабода разабралася, адкуль прыйшла гэтая навіна, а таксама сабрала факты і дакумэнты, якія яе зьняпраўджваюць.
Аляксандар Кубракоў (нарадзіўся 20 жніўня 1982 году ў Першатравенску, цяпер Шахтарскае Днепрапятроўскай вобласьці Ўкраіны) — украінскі палітык і прадпрымальнік. Да 2019 году займаўся маркетынгам у сфэры тэлекамунікацый і IT. Летам 2019 году абраны дэпутатам Вярхоўнай Рады 9 скліканьня ад партыі «Слуга народу», а ў канцы таго ж году прызначаны старшынём Дзяржаўнага агенцтва аўтамабільных дарог Украіны «Укравтодор». 20 траўня 2021 году стаў міністрам інфраструктуры. У 2022 годзе ўвайшоў у склад стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага Ўкраіны і пасьля прызначаны віцэ-прэм’ер-міністрам у пытаньнях аднаўленьня Ўкраіны. З 7 студзеня 2025 году дарадца міністра абароны Ўкраіны.
Іван Кубракоў (нарадзіўся 5 траўня 1975 году у вёсцы Маліноўка Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласьці) — беларускі сілавік. Быў прызначаны міністрам унутраных справаў Беларусі 29 кастрычніка 2020 году. Працу ў міліцыі пачынаў у 1995 годзе. Займаў розныя міліцэйскія пасады, у тым ліку кіроўныя, у Заслаўі, Віцебску, Менску. Працаваў намесьнікам начальніка ГУУС Менгарвыканкаму падчас пратэстаў супраць «дэкрэту аб дармаедах» у 2017 годзе. У 2018 годзе Івану Кубракову прысвоілі званьне генэрал-маёра. Праз год ён узначаліў менскую міліцыю. У 2020 годзе кіраваў жорсткім разгонам і здушэньнем мірных пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Унесены ў санкцыйныя сьпісы Вялікай Брытаніі, Эўрапейскага Зьвязу, ЗША, Канады.
Фэйк, які выйшаў за межы Украіны
Першае паведамленьне пра сваяцтва Івана і Аляксандра Кубраковых зьявілася 1 сьнежня 2020 году ва ўкраінскіх выданьнях, вядомых публікацыямі неправеранай інфармацыі, — «Політрада» і «Знай.UA». «Політрада» спаслалася на «ўласныя крыніцы», якіх не канкрэтызавала, а «Знай.UA» падало як доказ матэрыялы «Нашай Нівы» і «Зеркала», у якіх была згаданая толькі біяграфія Івана Кубракова.
Гэтае сваяцтва ўкраінскія выданьні абгрунтавалі супадзеньнем імёнаў родзічаў — Кубракова Мікалая Ўладзіміравіча. Так завуць і бацьку ўкраінскага палітыка, і брата беларускага міністра. Яны поўныя цёзкі. За межы ўкраінскіх мэдыя гэтая інфармацыя ў 2020-м ня выйшла, але яе падхапілі беларускія выданьні і публікуюць час ад часу дагэтуль.
Сапраўды, брата беларускага міністра Івана Кубракова завуць Кубракоў Мікалай Уладзіміравіч. Так жа завуць і бацьку дарадцы ўкраінскага міністра абароны Аляксандра Кубракова. Але, як паказалі сабраныя Свабодай дакумэнты, гэта два розныя чалавекі.
Беларусь: Мікалай Кубракоў, брат беларускага міністра ўнутраных справаў
У 2015 годзе ў раённай дзяржаўнай газэце «Голас Касцюкоўшчыны» было апублікаванае інтэрвію з маці цяперашняга беларускага міністра Івана Кубракова — Ганнай Кубраковай. Яна 1937 году нараджэньня, зь вёскі Маліноўка Касьцюковіцкага раёну. У артыкуле называюцца імёны ўсіх яе 5 сыноў, а таксама даты іх нараджэньня.
«У 1960 годзе нарадзіўся Мікалай, 1961 — Міхаіл, 1964 — Віктар, 1969 — Сяргей, 1975 — Іван. [...] Усе яны маюць свае сем’і, жывуць у Менску, працуюць», — пісала газэта «Голас Касцюкоўшчыны» з словаў маці Івана Кубракова.
Тое ж самае расказвала і цётка Івана Кубракова па бацьку Валянціна Кубракова ў 2020 годзе, калі да яе прыяжджалі журналісты TUT.BY. Зь яе словаў, усе пяцёра братоў правялі дзяцінства на вёсцы. Паступова, адзін за адным, яны пераехалі ў Менск.
«Іван Кубракоў — наймалодшы зь пяці братоў. Ён апошнім зь іх зьехаў у Менск, але пабудаваў самую паспяховую кар’еру. Старэйшы брат Мікалай выехаў у Менск першым і таксама працаваў у міліцыі, пайшоў на пэнсію па выслузе гадоў, але працягвае працаваць у цывільным сэктары. Міхаіл — кіроўца „ў нейкага начальніка“, Віктар таксама кіроўца ў нейкай арганізацыі, кажа Валянціна Мацьвееўна. Маці новага міністра ўнутраных справаў памерла ў сакавіку 2020 году, кажа Валянціна Кубракова. Ёй было больш за 80 гадоў. Бацька памёр даўно і даволі рана — у 58 гадоў: сардэчны прыступ».
Пра тое, што нехта з дзяцей нібыта пераехаў ва Ўкраіну, жанчыны ня ўзгадвалі.
Але менавіта старэйшага брата міністра Івана Кубракова — Мікалая Кубракова — некаторыя мэдыя зьвязалі зь яго ўкраінскім цёзкам.
Як паведамілі Свабодзе «Кібэрпартызаны», ва ўзламанай імі базе зьвестак МУС Беларусі ёсьць дасье на маці Івана Кубракова Ганну. Але няма ніякіх зьвестак пра яе дзяцей, акрамя аднаго — Івана. Мужам пазначаны Кубракоў Уладзімір Цімафеевіч, 1934 году нараджэньня, без аніякіх падрабязнасьцяў.
Мы знайшлі ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» чалавека зь імем Мікалай Кубракоў. Годам нараджэньня ў яго пазначаны 1960-ы, што супадае з годам, названым у артыкуле «Голасу Касцюкоўшчыны». Фатаздымку на старонцы няма. У сябрах у яго ў асноўным людзі зь Дзяржынску (Койданава) і Станькава, гэта побач зь Менскам. Частка зь іх былыя вайскоўцы, сілавікі, людзі прарасейскіх поглядаў. Таксама тут жа адзін сябар з Касьцюковічаў — Віктар Глушакоў. У апошняга на старонцы ёсьць фатаздымкі з братамі Кубраковымі, зробленыя ў Касьцюковічах.
У тым жа артыкуле газэты «Голас Касцюкоўшчыны» ў 2015 годзе ёсьць і камэнтар самога Мікалая Кубракова. Для гэтага, як сьцвярджаецца, журналісты пазванілі яму «ў Менск»:
«Наша мама — рукадзельніца. Кожнай нявестцы ў падарунак да вясельля яна вышыла пасьцельную бялізну і ручнікі. Мы вельмі беражліва захоўваем яе працы. Цяпер я на пэнсіі, жыву на дачы, і пакоі хаты ўпрыгожваюць вышытыя наўлечкі. [...] Пагоду ў бацькоўскай хаце заўсёды стварае мама, дзякуючы ёй атмасфэра да гэтага часу захавалася сонечнай, цёплай, жыцьцесьцьвярджальнай, сюды хочацца заўсёды прыяжджаць».
Украіна: Мікалай Кубракоў, бацька дарадцы міністра абароны
Мікалай (Микола) Кубракоў, бацька дарадцы ўкраінскага міністра абароны Аляксандра Кубракова, вонкава не падобны ні на кога з братоў беларускага міністра. Больш за тое, год нараджэньня ягоны таксама іншы. Ён старэйшы на 5 гадоў за беларускага Мікалая Кубракова.
Старонкі Міколы Кубракова мы знайшлі ў сацыяльных сетках «Одноклассники» і Фэйсбук.
Фота і дата нараджэньня Міколы Кубракова супадаюць з дакумэнтамі, якія атрымала Свабода з украінскіх пашпартных базаў. Зь іх жа вынікае, што ўкраінскі Мікола Ўладзіміравіч Кубракоў нарадзіўся на ўсходзе Ўкраіны, у Луганскай вобласьці, таксама каля мяжы з Расеяй, але за 700 кілямэтраў ад Касьцюковічаў. Жыў у Крывым Розе і Першатравенску (цяпер Шахтарскае) Днепрапятроўскай вобласьці, а цяпер жыве ў Кіеве.
Яго сын Аляксандар Кубракоў, які 7 студзеня 2025 году стаў дарадцам украінскага міністра абароны, нарадзіўся ў Першатравенску (цяпер Шахтарскае) і ўжо доўгі час таксама жыве ў Кіеве.
У сацыяльных сетках Міколы Кубракова мы не знайшлі ніякіх узгадак пра Беларусь. Там жа можна пабачыць, што няма людзей зь Беларусі сярод ягоных сеткавых сяброў. Большасьць іх зь Першатравенску. Таксама ў яго на старонцы пазначана, што ў гэтым горадзе ён вучыўся ў школе № 2 з 1962 па 1972 гады.
Свабода зьвярнуліся па камэнтар як да Аляксандра Кубракова, так і да Міколы Кубракова. Абодва адказалі, што не прыходзяцца родзічамі міністру ўнутраных справаў Беларусі Івану Кубракову.
«Не, ніякага дачыненьня да яго ня маю, у Беларусі ніколі ня быў», — адказаў Мікола Кубракоў.
Такім чынам, ніводнага рэальнага доказу роднасьці й сваяцтва ўкраінскага Аляксандра Кубракова і беларускага міністра Івана Кубракова няма.
Форум