Ці падзяляюць эўрапейскія саюзьнікі ЗША падыходы адміністрацыі Дональда Трампа да міжнароднай бясьпекі? Ці будуць ЗША працягваць вайсковую дапамогу Ўкраіне? Наколькі вялікія шанцы на прыняцьце прапановы Аляксандра Лукашэнкі накіраваць ва Ўкраіну беларускіх міратворцаў у выпадку заключэньня міру?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае экспэрт Фінскага інстытуту міжнародных спраў Рыгор Ніжнікаў.
Сьцісла:
- «Мы больш ня бачым формулы „нічога пра Ўкраіну без Украіны“».
- «Важнае пытаньне: ці зможа Эўропа выступіць адзіным фронтам, калі яе бясьпека, у тым ліку і эканамічная, пад пагрозай».
- «Цяперашняя сытуацыя — вялікі выклік эўрапейскай інтэграцыі і трансатлянтычнаму адзінству».
- «Прапанова Лукашэнкі пра беларускіх міратворцаў непрымальная для Ўкраіны. Калі прыняць такую прапанову, то тады ўжо можна і расейскія войскі разглядаць як „міратворцаў“»
- «Трампу трэба захаваць аблічча, трэба паказаць, што мір — гэта яго перамога. І ў гэтым яму павінен дапамагчы Пуцін. Але ці захоча ён гэта рабіць?»
— 12 лютага адбылося пасяджэньне групы «Рамштайн» для вайсковай дапамогі Ўкраіне. Упершыню яно прайшло пад старшынствам не кіраўніка вайсковага ведамства ЗША, а міністра абароны Вялікай Брытаніі Джона Гілі. «Украіна вяртаецца з гэтай сустрэчы з падтрымкай чальцоў кантактнай групы, з падтрымкай у выглядзе зброі і боепрыпасаў на мільярды даляраў, аб вылучэньні якіх было абвешчана сёньня», — адзначыў брытанскі міністар. Ці вядома што-небудзь больш падрабязна? Якую дапамогу Украіна атрымае: такую, як раней, ці меншую, ці можа большую?
— Пакуль гэта невядома, усё будзе вырашацца пазьней. Як мы бачым, адміністрацыя ЗША Дональда Трампа паказвае новы падыход да вайны ва Ўкраіне, да адносінаў з Расеяй. Таму нават калі гэтыя кантракты былі адпаведна заключаныя, мы пакуль ня ведаем, як яны будуць працаваць у рэчаіснасьці.
— Новы міністар абароны ЗША Піт Гэгсэт на сустрэчы з саюзьнікамі ў штаб-кватэры NATO ў Брусэлі 12 лютага сказаў, што вяртаньне да межаў Украіны, якія існавалі да 2014 году, і яе сяброўства ў NATO — гэта «нерэалістычныя мэты». Наколькі такі падыход падзяляюць эўрапейскія саюзьнікі ЗША? Да апошняга часу прадстаўнікі NATO казалі, што будуць падтрымліваць Украіну столькі і датуль, колькі і дакуль будзе трэба.
— Тое, што мы бачылі за апошнія 24 гадзіны, — гэта даволі скандальна. І даволі істотна і для Ўкраіны, і для Эўропы. Я маю на ўвазе ня толькі гэтыя заявы міністра абароны ЗША, але і тэлефонную размову Трампа з Уладзімірам Пуціным, і шэраг заяваў Трампа наконт Украіны.
Мы больш ня бачым формулы «нічога пра Ўкраіну без Украіны». Трамп размаўляе з Пуціным пра Ўкраіну без Украіны. Заява міністра Гэгсэта пра немагчымасьць сяброўства Ўкраіны ў NATO — гэта падарунак Трампа Пуціну. Гэта істотная зьмена пазыцыі ЗША.
І другі момант — гэта тое, што будучыня бясьпекі Эўропы ўжо абмяркоўваецца без Эўропы. І гэта ставіць пад пытаньне пэрспэктыву эўраатлянтычнага альянсу. Трамп і Пуцін дамаўляюцца пра Ўкраіну і пра заканчэньне вайны без Украіны і без Эўропы, без уліку іх інтарэсаў. Кіраўнік Пэнтагону кажа, што ЗША ня будуць слаць войска ў якасьці міратворчага кантынгенту і што краіны Эўропы самі павінны гэтым займацца.
— Прыгадваецца, што зусім нядаўна краіны Эўразьвязу крытыкавалі вугорскага лідэра Віктара Орбана за кантакты з Пуціным. Яму ладзілі абструкцыю. А Трампа так крытыкаваць ня будуць?
— Не, ня будуць. Мы бачым, што Эўропа агаломшаная, яна гэтага не чакала. Дарэчы, можна прыгадаць, што візыт Орбана ў Маскву адбыўся яшчэ да абраньня Трампа прэзыдэнтам. І тады Орбана за гэта ў Эўразьвязе сапраўды бэсьцілі. А лідэр Славаччыны Робэрт Фіца езьдзіў да Пуціна ўжо пасьля абраньня Трампа, і рэакцыя на гэты візыт была ўжо спакайнейшай.
Трамп зьбіраецца сустрэцца з Пуціным нават тройчы. І ўсё гэта плянуецца без Эўропы. Тут пытаньне, ці зможа Эўропа выступіць адзіным фронтам, калі яе бясьпека, у тым ліку і эканамічная, пад пагрозай. Я маю на ўвазе ня толькі сытуацыю з Украінай, але і з тарыфам на экспарт з Эўропы ў ЗША. Не выключаю, што некаторыя краіны ЭЗ аддадуць перавагу таму, каб дамаўляцца з Трампам сам-насам. Не выключаю, што ў Вашынгтон паедуць і італьянцы, і прадстаўнікі краінаў Балтыі, і іншыя. Гэта сытуацыя будзе вялікім выклікам эўрапейскай інтэграцыі і трансатлянтычнаму адзінству.
— Пасьля тэлефоннай гутаркі з Пуціным Трампа спыталі, ці будуць ЗША працягваць дапамагаць Украіне. Ён адказаў: «Будзем. Але мы хочам, каб нашы грошы былі ў бясьпецы.... Калі б мы гэтага не зрабілі, Пуцін сказаў бы, што перамог. Мы — сіла, якая стрымлівае гэта. І, шчыра кажучы, мы будзем рабіць гэта столькі, колькі трэба, бо мы ня хочам, каб што-небудзь яшчэ адбылося. Але прэзыдэнт Пуцін цяпер хоча міру, і гэта добра», — заявіў Трамп на брыфінгу 12 лютага. Трамп паўтарыў ранейшую формулу «мы будзем дапамагаць столькі, колькі трэба». А вы кажаце, што ўсё мяняецца істотна і кардынальна.
— Трамп кажа розныя рэчы. Але варта глядзець на справы. А справы азначаюць зьмену парадыгмы. Орбана крытыкавалі за кантакты з Пуціным таму, што яны парушалі палітыку ЗША і іх саюзьнікаў — палітыку ізаляцыі і ціску. Ізаляцыі ўжо няма. Для мяне найбольш трывожным сыгналам зьяўляецца інфармацыя пра тое, што пэўны час таму, пасьля прыходу Трампа да ўлады, уся амэрыканская вайсковая дапамога была прыпыненая.
Гэта ня значыць, што яна ня будзе адноўленая. Але калі і будзе, то на новых умовах. Трамп фактычна гаворыць, што ЗША будуць дапамагаць Украіне, але хай за гэта плацяць украінцы і эўрапейцы, бо гэта не амэрыканская вайна і не амэрыканскі інтарэс. Але адначасна ён ня можа сказаць, што ўва ўсім вінаватыя Зяленскі і Байдэн, а ён дамовіўся з Пуціным і «ўмывае рукі». Гэта ня будзе ўспрынята, у ЗША ў тым ліку.
— Ці можа Эўропа ў прынцыпе адхіліць падыход Трампа і працягваць адносна Ўкраіны тую палітыку, якую яна разам з адміністрацыяй Байдэна праводзіла на працягу трох гадоў вайны?
— Гэта пытаньне магчымасьцяў і волі Эўропы. На гэта, магчыма, разьлічвае Уладзімір Зяленскі. Але пытаньне: ці зможа Эўропа гэтак рабіць, хто можа быць лідэрам такой палітыкі, хто гатовы браць на сябе рызыкі дзейнічаць без амэрыканцаў? Я ня бачу ў Эўропе такой гатоўнасьці. Нават у пытаньні міратворцаў.
— Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі ў дзень сёлетніх выбараў заявіў, што гатовы паслаць ва Ўкраіну беларускіх вайскоўцаў у якасьці міратворцаў. Як вы мяркуеце, ці можа гэта аказацца прымальным для заходніх краінаў і ці можа гэта прынамсі абмяркоўвацца — што сярод іншых ва Ўкраіне будуць і беларускія міратворцы?
— Пакуль гэта выглядае сюррэалістычным. Мяркую, што для Ўкраіны гэта будзе цалкам непрымальна. Агрэсары робяцца міратворцамі? Тады ўжо можна запрасіць і расейскія войскі ў якасьці «міратворчых».
— Ну, вы ж кажаце, што мяняецца парадыгма. Хіба яна ня можа памяняцца і ў гэтым пытаньні?
— Цяпер я не магу сказаць, што гэтага дакладна не адбудзецца. Адна зь перашкодаў — гэта невядомая пакуль пазыцыя Масквы, Пуціна. Трамп і сапраўды вельмі жадае скончыць вайну, скінуць яе цяжар з карку Амэрыкі. Але яму таксама трэба і захаваць аблічча, паказаць, што гэта яго перамога. І ў гэтым яму павінен дапамагчы Пуцін. Але ці захоча Пуцін гэта рабіць? Перамоўны працэс можа зацягнуцца на многія месяцы. І ЗША тады давядзецца надалей дапамагаць Украіне, нягледзячы на сваё нежаданьне. Але ўсё можа скончыцца хутка. І кепска. Кепска прынамсі для Ўкраіны.
— Чаго можна чакаць ад сёлетняй Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў бясьпецы, якая пачынаецца заўтра? Трамп анансаваў важныя перамовы на канфэрэнцыі чальцоў амэрыканскай дэлегацыі, віцэ-прэзыдэнта Джэя Д. Вэнса і дзяржаўнага сакратара Марка Рубіё. Якімі могуць быць вынікі гэтых перамоваў?
— Звычайна Мюнхэнская канфэрэнцыя ў пэўным сэнсе пазначала, куды і як будзе рухацца сьвет. Але я думаю, што пазыцыя ЗША была сфармуляваная яшчэ да сёлетняй канфэрэнцыі. Іншае пытаньне — якую пазыцыю зойме Эўропа. Але яна сама ў крызісе. З падыходам адміністрацыі Джо Байдэна таксама былі праблемы. Але тады канчатковая адказнасьць была ў пэўным сэнсе на Вашынгтоне. Цяпер падыходы Вашынгтону зьмяніліся. І мы ня можам чакаць, што ўтворыцца нейкая кааліцыя сяброў Украіны, якая пойдзе на радыкальныя меры бяз Злучаных Штатаў. І гэта цяжкая сытуацыя — у першую чаргу для Ўкраіны.
Форум