Андрэй Стрыжак нагадаў, што для сувязі са службай эвакуацыі BySol трэба выкарыстоўваць адзіны акаўнт гарачай лініі фонду ў Тэлеграме @help_bysol. Служба эвакуацыі не выкарыстоўвае ботаў у сваёй працы, падкрэсьліў ён.
Ён адзначыў, што створаны сілавікамі фальшывы тэлеграм-канал і бот BySol Тэлеграм пазначыў як фэйкавы.
10 лютага фонд BySol і Андрэй Стрыжак паведамілі пра стварэньне сілавікамі фэйкавых тэлеграм-чату і бота BySol і папярэдзілі, што «правакатары даюць спасылкі на падстаўныя, падробленыя акаўнты і боты».
- 5 лютага стваральнік каналу «Беларускі Гаюн» Антон Матолька паведаміў пра ўзлом бота і папярэдзіў грамадзян, якія адсылалі інфармацыю ці пісалі з акаўнтаў, што могуць іх ідэнтыфікаваць, пра пагрозу іхнай бясьпецы. Фонд салідарнасьці BySol заклікаў зьвяртацца на гарачую лінію фонду тых, чыю бясьпеку мог закрануць узлом чату «Гаюна».
- 7 лютага зьявілася інфармацыя пра першае затрыманьне інфарматараў «Беларускага Гаюна»: праўладныя тэлеграм-каналы заявілі, што быў затрыманы 42-гадовы Максім Нікіценка, які апошнімі гадамі працаваў на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе.
- У той жа дзень, 7 лютага, маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» паведаміў аб спыненьні працы, не называючы прычын.
- 9 лютага Андрэй Стрыжак паведаміў, што ў службу эвакуацыі фонду салідарнасьці BySol паступіла 150 зваротаў пасьля выцеку зьвестак з чат-боту «Беларускі Гаюн».
- «Беларускі Гаюн» — незалежны маніторынгавы праект, які адсочваў вайсковую актыўнасьць на тэрыторыі Беларусі. Ён атрымаў вядомасьць дзякуючы апэратыўным і дакладным зьвесткам пра перамяшчэньні расейскіх і беларускіх войскаў. Адна з ключавых асаблівасьцяў праекту — актыўны ўдзел грамадзян унутры Беларусі. Беларусы, знаходзячыся ў розных частках краіны, перадавалі інфармацыю пра вайсковую тэхніку, авіяпералёты, чыгуначныя перавозкі і іншыя перамяшчэньні арміі. Гэта дазваляла праекту хутка зьбіраць і аналізаваць зьвесткі, робячы іх даступнымі для грамадзкасьці, журналістаў і аналітыкаў. Раней улады Беларусі прызналі тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» экстрэмісцкім фармаваньнем. На цяперашні момант у канале каля 332 тысяч падпісчыкаў.
Форум