Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаньне Ўкраіны да межаў перад 2014 годам і сяброўства ў NATO — нерэалістычныя мэты, заявіў міністар абароны ЗША


Міністар абароны ЗША Піт Гэгсэт
Міністар абароны ЗША Піт Гэгсэт

Міністар абароны ЗША Піт Гэгсэт на сустрэчы з саюзьнікамі ў штаб-кватэры NATO ў Брусэлі 12 лютага сказаў, што вяртаньне да межаў Украіны, якія існавалі да 2014 году, — гэта «нерэалістычная мэта».

Гэгсэт, выступаючы перад кантактнай групай у справе абароны Ўкраіны, таксама сказаў, што «жорсткая стратэгічная рэальнасьць перашкаджае Злучаным Штатам засяродзіцца ў першую чаргу на бясьпецы Эўропы», бо ЗША засяроджваюцца на «бясьпецы нашых уласных межаў» і «перадухіленьні вайны з Кітаем у Ціхіаакіянскім рэгіёне».

Гэгсэт падкрэсьліў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вызначыў галоўным прыярытэтам «спыненьне баявых дзеяньняў і дасягненьне трывалага міру» ва Ўкраіне.

«Ён мае намер пакласьці канец гэтай вайне шляхам дыпляматыі і прыцягненыя за стол перамоваў і Расеі, і Украіны. І Міністэрства абароны ЗША дапаможа дасягнуць гэтай мэты, — цытуе Гэгсэта Fox News. — Мы хочам сувэрэннай і квітучай Украіны. Але мы павінны пачаць з прызнаньня таго, што вяртаньне да межаў Украіны, якія былі да 2014 году, зьяўляецца нерэалістычнай мэтай. Пагоня за гэтай ілюзорнай мэтай толькі падоўжыць вайну і прычыніць яшчэ больш пакутаў».

Гэгсэт таксама сказаў, што не разглядае сяброўства Ўкраіны ў NATO як магчымую частку гарантыяў бясьпекі для Ўкраіны. Паводле яго, гарантамі могуць выступіць войскі эўрапейскіх і неэўрапейскіх краінаў, але не ЗША.

«Калі гэтыя войскі будуць разгорнутыя ў якасьці міратворцаў ва Ўкраіне ў любы момант, яны павінны быць разгорнуты ў рамках місіі, якая не ўваходзіць у NATO, і не падпадаць пад артыкул 5 [аб узаемных гарантыях бясьпекі паміж краінамі NATO]. Таксама павінен быць жорсткі міжнародны нагляд за лініяй судакрананьня, — працягнуў ён. NATO. Каб было ясна, у рамках любой гарантыі бясьпекі амэрыканскія войскі ня будуць разьмешчаны ва Ўкраіне».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG