Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плятформа «Новая Беларусь» правяла рэбрэндынг і дзеліцца на два праекты. Што новага прапануюць карыстальнікам


Беларускі лічбавы сэрвіс «Новая Беларусь», створаны Паўлам Ліберам, абвясьціў пра правядзеньне рэбрэндынгу і падзел на два праекты: SVAE — абноўленую мабільную аплікацыю для беларусаў і беларусак за мяжой і «Тры Сланы» — грамадзянска-палітычную плятформу, запуск якой адбудзецца ў бліжэйшыя тыдні, паведамляецца ў прэс-рэлізе.

Разам з рэбрэндынгам праграма набыла новыя функцыі, але місія праекту не зьмянілася. «Гэта ня проста новая назва, а разьвіцьцё праекту ў больш шырокім ключы. Мы аб’ядноўваем беларусаў і беларусак ва ўсім сьвеце, ствараючы бясьпечную прастору для зносінаў, узаемадапамогі і рэалізацыі сумесных ініцыятываў», — тлумачаць распрацоўнікі.

Рэбрэндынг вырашылі правесьці, бо наяўная аплікацыя стала занадта вялікай і разгалінаванай. Плятформа пад новай назвай SVAE атрымала шэраг функцыянальных абнаўленьняў:

  • Запусьціўся мэдыяагрэгатар — так карыстальнікі могуць ствараць сваю пэрсанальную стужку зь беларускіх і замежных СМІ і ютуб-каналаў, абіраючы сваю мову і цікавыя для сябе тэмы.
  • Зьявілася мапа прастораў — на ёй паводле геалякацыі адлюстроўваюцца беларускія пляцоўкі ў розных гарадах сьвету, дзе можна сустрэцца, пагутарыць і знайсьці патрэбнае.
  • Зрабілі асобную ўкладку «Грамадзтва» — гэта прастора для абмеркаваньня грамадзка-палітычных пытаньняў, дзе карыстальнікі змогуць актыўна ўдзельнічаць у дыскусіях. Яе можна будзе ўключыць ці адключыць у адзін клік.
  • Зьявіўся фармат сторыз паводле аналёгіі з Instagram — празь іх можна атрымаць хуткі доступ да галоўных навінаў і падзеяў у фармаце, які лёгка ўспрымаецца і дапамагае не прапусьціць важнае.
  • Запусьціўся AI-пошук — разумны пошук, які дапамагае хутка знайсьці патрэбную інфармацыю ўнутры аплікацыі.
  • Палепшылася пэрсаналізацыя (кожны карыстальнік можа наладзіць аплікацыю пад свае інтарэсы і патрэбы), абнавіўся дызайн і інтэрфэйс — яны сталі інтуітыўна больш зразумелымі.

«Мы хацелі зрабіць SVAE ня толькі зручнай, але і бясьпечнай. Карыстальнікі могуць выбіраць паміж звычайным і ананімным профілем, а плятформа не зьбірае пэрсанальных зьвестак», — падкрэсьліваюць распрацоўнікі.

Неўзабаве зьявіцца і асобная бясьпечная палітычная плятформа, яна будзе даступная ў вэб-вэрсіі. «Мы сьвядома выбралі вэб-фармат, бо выдаліць сьляды мабільнай праграмы з афіцыйных крамаў бяз рызыкі для карыстальнікаў немагчыма. Гэта забясьпечыць максымальную ананімнасьць і бясьпеку», — адзначаюць прадстаўнікі праекту.

Таксама SVAE працягвае падтрымліваць беларускія ініцыятывы, уключаючы мапу бізнэсаў, афішу імпрэзаў, суполкі па інтарэсах, базу карысных праектаў і курсаў, падатковую ініцыятыву па стварэньні і фінансаваньні актуальных праектаў, а таксама плятформы LegalHub і E-здароўе, якія даюць доступ да бясплатнай юрыдычнай і мэдычнай дапамогі.

Абнавіць праграму ці спампаваць яе можна па спасылках: iOS / Android.

Карыстацца сэрвісам у Беларусі не рэкамэндуюць з прычыны бясьпекі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG