Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны пяты беларус наогул ня мае зьберажэньняў празь недахоп грошай, — апытаньне НАН


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У сярэднім амаль кожны пяты беларус наогул ня мае зьберажэньняў недахоп сродкаў, вынікае з апошняга апытаньня Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі.

Інстытут сацыялёгіі НАН Беларусі правёў ацэнку і аналіз фінансавай граматнасьці насельніцтва ў кантэксьце розных сацыяльных груп, паведамляе выданьне Myfin.by і публікуе вынікі апытаньня.

Згодна зь ім 15% апытаных сярод моладзі, 17,4% людзей, якія працуюць, і 23% пэнсіянэраў наогул ня робяць зберажэньняў з прычыны недахопу сродкаў.

Яшчэ па 3,2% моладзі і пэнсіянэраў і 3,1% дарослых, якія працуюць, акрамя таго, што трацяць усе заробленыя грошы, яшчэ дадаткова выкарыстоўваюць крэдытныя сродкі / займы.

Тыя беларусы, якім усё ж удаецца рабіць зьберажэньні, у большасьці маюць фінансавую падушку, якой у выпадку страты асноўнай крыніцы даходу хопіць толькі на кароткі пэрыяд — ад аднаго да трох месяцаў (пра гэта сказалі агулам 36,1% апытаных сярод моладзі, 35,5% працоўных дарослых і 25,3% пэнсіянэраў).

Пра тое, што іх зьберажэньняў хопіць на 3-6 месяцаў, сказалі 9,6% апытаных сярод моладзі, 9,2% працоўных дарослых і 7,3% пэнсіянэраў. Пратрымацца за кошт зьберажэньняў ад паўгода да года, згодна з апытаньнем, змогуць 6,1% апытаных маладзёнаў, 5,2% працоўных дарослых і 6,8% пэнсіянэраў; больш за год — толькі 6,1% моладзі, 4,3% дарослых, якія працуюць, і 3,25% пэнсіянэраў.

У дасьледаваньні гаворыцца, што прыкладна дзьве траціны беларусаў не вядуць рэгулярны пісьмовы ўлік сямейнага бюджэту. Тых, хто лічыць свае траты, аказалася ўсяго 33-37% у залежнасьці ад групы.

Дасьледнікі адзначаюць, што пераважнай стратэгіяй кіраваньня фінансамі для беларусаў зьяўляецца «рэшткавае зьберажэньне», калі адкладаюць грошы, якія ня выдаткавалі пасьля ўсіх неабходных тратаў — яе прытрымліваецца 41-46% прадстаўнікоў усіх сацыяльных груп. Са сьцьвярджэньнем пра неабходнасьць адкладаць грошы на будучую пэнсію згодныя каля 40% беларусаў (38,2% моладзі, 39,6% дарослых, якія працуюць і 41,2% пэнсіянэраў).

Сярод маладых людзей 18,2% лічаць, што з прычыны фінансавага становішча ніколі не атрымаюць у жыцьці тое, што хочуць (сярод дарослых, якія працуюць, — 23,6%, сярод пэнсіянэраў — 39,9%).

Таксама апытаных папрасілі ўявіць, што яны выйгралі 50 тысяч рублёў, і падзяліцца, куды яны накіравалі б гэтыя грошы. Сярод моладзі большасьць палепшыла б жыльлёвыя ўмовы (31,1% апытаных), а дарослыя працоўнага ўзросту і пэнсіянэры ў асноўным іх адклалі б (25,9% і 35,3% рэспандэнтаў адпаведна).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG