Пачынаюць судзіць беларуса, які вярнуўся з Польшчы дадому
Працэс над Русланам Зубковым пачынаецца 10 лютага 2025 году ў Берасьцейскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў: «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «Абраза прэзыдэнта» (ч. 1 арт. 368 КК). Яму пагражае да 6 гадоў калёніі.
Руслану Зубкову 26 гадоў. Мяркуючы па сацсетках, апошнія гады ён жыў і працаваў у Польшчы, піша «Наша ніва».
У сьнежні 2023 году Зубкова ўнесьлі ў сьпіс удзельнікаў экстрэмісцкага фармаваньня «Расея — гэта зло». Гэта невялікі тэлеграм-чат на 135 чалавек, дзе актыўныя цяпер толькі тры чалавекі.
У лютым 2024-га Руслана абвяшчалі ў вышук на тэрыторыі Беларусі і Расеі — гэта значыць, што на той момант ён яшчэ быў на свабодзе. Калі Руслан быў затрыманы, таксама невядома. У першы раз яго судзілі ў чэрвені 2024 году за «абразу» Лукашэнкі ў Камянецкім раённым судзе. Той вырак невядомы.