Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 7 лютага: зьявілася інфармацыя пра першыя затрыманьні пасьля ўзлому чат-боту «Беларускага Гаюна»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

У тэлеграм-каналах зьявілася інфармацыя пра першыя затрыманьні пасьля таго, як сілавікі здабылі доступ да боту «Беларускага Гаюна»

Intelligenceby з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы піша, што быў затрыманы 42-гадовы Максім Нікіценка. У апошнія гады ён працаваў на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. У Максіма ёсьць жонка і двое дзяцей.

У Рагачове былую палітзьняволеную двойчы асудзілі за «распаўсюд экстрэмізму»

5 лютага ў судзе Рагачоўскага раёну судзьдзя Ірына Зыль разглядала адміністрацыйную справу ў дачыненьні да мясцовай жыхаркі Юліі Касцючэнкі. Жанчыну абвінавачвалі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), паведамляюць праваабаронцы.

22 студзеня Юлію ўжо судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вынікі і ранейшага, і новага судоў пакуль невядомыя, піша «Гомельская Вясна».

На пачатку 2023 году Юліі прызначылі 1 год калёніі за «абразу Лукашэнкі» — паводле сьледзтва, жанчына на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Instagram разьмяшчала допісы і відэазапісы, якія «ўтрымлівалі абразу на адрас Лукашэнкі». Жанчына цалкам адбыла свой тэрмін.

Суполку «Родная мова» прызналі «экстрэмісцкай»

Суд Баранавіцкага раёну прызнаў суполку «Родная мова» ў сацсетцы «ЎКантакце» «экстрэмісцкай». Гэта вынікае з абноўленага пераліку «экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сайце Мінінфарму, заўважыла «Медиазона».

Суд Горацкага раёну прызнаў «экстрэмісцкім» буйны ўкраінскі партал Ukr.net. Таксама сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў папоўнілі тэлеграм-канал і інстаграм-старонка «Беларускай службы Польскага радыё» (Polskie Radio dla Zagranicy).

Дырэктарка «Паўночнага зьзяньня» Вольга Чайкоўская таксама паведаміла, што яе старонку ў Instagram прызналі экстрэмісцкай.

Акрамя таго, у сьпіс трапілі:

  • старонкі ў Instagram alena.davidovich, acameron375, belarus_en_france, belarusses2savoies, alice_syal, «Пра Віцебск», «МУЗЕЙ ВОЛЬНАЙ БЕЛАРУСІ» і іншыя рэсурсы.

Улады Беларусі актыўна выкарыстоўваюць барацьбу з уяўным «экстрэмізмам» для палітычных рэпрэсій супраць незалежных СМІ, аналітыкаў і праектаў.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду. На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG