Трамп адмовіўся адказваць на пытаньне, колькі разоў ён размаўляў з Пуціным па тэлефоне. «Я лепш прамаўчу», — цытуе выданьне ягоныя словы.
Дэталяў размовы з Пуціным Трамп не прывёў. Ён сказаў, што расейскаму кіраўніку «сапраўды неабыякавая» гібель людзей на вайне ва Ўкраіне. «Ён хоча, каб людзі перасталі паміраць», — дадаў Трамп.
Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў не пацьвердзіў і не абверг інфармацыю пра тэлефонную гутарку.
«Па меры таго як адміністрацыя ў Вашынгтоне разгортвае сваю працу, узьнікае шмат розных камунікацый, і гэтыя камунікацыі вядуцца па розных каналах, і, вядома, на фоне множнасьці гэтых камунікацый я асабіста магу чагосьці ня ведаць, быць не ў курсе чагосьці. Таму ў дадзеным выпадку я не магу гэта ні пацьвердзіць, ні абвергнуць,» — цытуе Пяскова «Интерфакс».
Падчас свайго інтэрвію The New York Post Трамп зноў паўтарыў, што вайна ва Ўкраіне не пачалася б, калі б ён быў прэзыдэнтам ЗША ў 2022 годзе. Трамп кажа, што ў яго ёсьць «канкрэтны плян» па спыненьні вайны. Падрабязнасьцяў ён не паведаміў.
«Я спадзяюся, што гэта будзе хутка. Штодня гінуць людзі. Гэтая вайна такая жахлівая для Ўкраіны. Я хачу скончыць з гэтай чартаўшчынай», — сказаў ён.
Інтэрвію з прэзыдэнтам ЗША адбывалася на борце самалёта Air Force One. The New York Post піша, што разам з Трампам ляцеў дарадца па нацыянальнай бясьпецы Майк Уолц.
«Давайце пачнем гэтыя сустрэчы. Яны хочуць сустракацца», — зьвярнуўся Трамп да Уолца.
У інтэрвію The New York Post прэзыдэнт ЗША сказаў, што хоча заключыць зьдзелку з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім на 500 мільёнаў долараў, каб атрымаць доступ да рэдказямельных мінэралаў і газу ва Украіне ў абмен на гарантыі бясьпекі.
Раней Трамп прапанаваў аказаць ваенную дапамогу Украіне ў абмен на яе рэдказямельныя мэталы. Такім чынам ЗША зьменшаць сваю залежнасьць ад Кітая, які здабывае каля 60 працэнтаў усіх рэдказямельных мэталаў у сьвеце і перапрацоўвае амаль 90 працэнтаў. Зяленскі пагадзіўся на прапанову прэзыдэнта ЗША і сказаў, што Украіна гатова здабываць карысныя выкапні разам з краінамі-саюзьнікамі.
7 лютага падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Японіі Сігеру Ісіба Трамп сказаў журналістам: «Я, імаверна, сустрэнуся з прэзыдэнтам Зяленскім на наступным тыдні і, магчыма, пагавару з Пуціным».
Раней, 31 студзеня, Трамп паведаміў журналістам, што яго адміністрацыя ўжо правяла «вельмі сур’ёзныя абмеркаваньні» з Расеяй аб вайне ва Ўкраіне, напісала агенцтва Associated Press. На пытаньне журналістаў, ці размаўляў Трамп з Пуціным, ён адказваць адмовіўся.
1 лютага спэцпасланьнік Трампа па Ўкраіне Кіт Келаг паведаміў агенцтву Reuters пра жаданьне ўладаў ЗША, каб ва Ўкраіне прайшлі прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары да канца 2025-га году, асабліва калі ў бліжэйшыя месяцы Кіеў дамовіцца з Масквой аб спыненьні агню.
Пасьля гэтага Зяленскі ў інтэрвію AP сказаў, што размова ЗША і Расеі без Украіны вельмі небясьпечная, і спачатку Трамп павінен сустрэцца зь ім, а толькі пасьля гэтага размаўляць з расейцамі.
2 лютага прэзыдэнт Украіны ў сваім тэлеграм-канале напісаў, што Ўкраіна як ніколі за гэтыя тры гады вайны блізкая да міру. У гэты ж дзень Трамп паведаміў журналістам, што ягоная адміністрацыя заплянавала сустрэчы і перамовы з Украінай, Расеяй і іншымі бакамі.
3 лютага прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў паўтарыў публічную пазыцыю кіраўніка Расеі, што Зяленскі ня мае права ўдзельнічаць у перамовах. За мінулы год Пуцін шмат разоў назваў Зяленскага нелегітымным прэзыдэнтам, апошні раз — 29 студзеня.
Тады ж Reuters са спасылкай на дзьве расейскія крыніцы напісала, што Масква разглядае Абʼяднаныя Арабскія Эміраты і Саудаўскую Арабію як патэнцыйнае месца для сустрэчы з Трампам.
Форум