Міністэрства юстыцыі Беларусі падрыхтавала законапраект, які павінен зьмяніць працэдуру спагнаньня штрафаў за некаторыя парушэньні правілаў дарожнага руху. Калі яго прымуць, штрафы за зафіксаваныя сыстэмай фотафіксацыі парушэньні змогуць сьпісваць аўтаматычна з банкаўскіх рахункаў кіроўцаў.
Як распавёў БелТА міністар юстыцыі Беларусі Яўген Каваленка, у праекце закона «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях выканаўчага вядзеньня», які цяпер рыхтуюць да другога чытаньня, прапісаны мэханізм спрошчанай выканаўчай вытворчасьці, які дазволіць рабіць спагнаньні апэратыўна, без афармленьня лішніх папераў, а таксама аўтаматызаваць працэс. Яго будуць прымяняць, калі сума спагнаньня не перавышае 20 базавых велічынь (цяпер 840 беларускіх рублёў).
Сярод парушэньняў, якія могуць патрапіць пад дзеяньне новага закона, называюць спагнаньне штрафаў за парушэньне правілаў дарожнага руху, зафіксаваныя з дапамогай камэраў фотафіксацыі.
Паводле Каваленкі, калі парушэньне зафіксаванае ў аўтаматычным рэжыме, таксама «ў значнай ступені аўтаматычным рэжыме будзе ажыцьцяўляцца спагнаньне» за яго — шляхам сьпісаньня грошай з рахунку парушальніка.
Форум