Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды ўзрасла пагроза ўцягваньня Беларусі ў вайну? Што стаіць за заявай Зяленскага


Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота
Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота

Незалежна ад таго, ці спраўдзяцца прагнозы Ўладзіміра Зяленскага, усё больш заўважнае ўцягваньне Беларусі ў расейскія мілітарысцкія пляны адбываецца.

У значнай ступені страчаны ваенны сувэрэнітэт краіны. Гэта назіраюць суседзі Беларусі — і робяць адпаведныя высновы.

Сьцісла:

  • Зяленскі кажа пра ўцягваньне Беларусі ў вайну не як пра імавернасьць, а як пра непазьбежнасьць. І нават называе тэрміны: вясной, летам або восеньню гэтага году.
  • Прэзыдэнт Украіны разглядае Беларусь не як самастойны суб’ект, а як аб’ект, інструмэнт у руках Крамля, як расейскую марыянэтку.
  • Артыкул 5 расейска-беларускага пагадненьня аб гарантыях бясьпекі прадугледжвае, што на тэрыторыі Беларусі «могуць стварацца вайсковыя і іншыя аб’екты Расейскай Фэдэрацыі, а таксама разьмяшчацца вайсковыя фармаваньні Расейскай Фэдэрацыі».
  • Усе памятаюць, чым скончыліся супольныя беларуска-расейскія вучэньні «Саюзная рашучасьць» у 2022 годзе, пасьля якіх Расея пачала ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Таму і да вучэньняў «Захад-2025» насьцярожанае стаўленьне.

Што вынікае з заявы Зяленскага

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зноў згадаў Беларусь. 5 лютага пасьля прэс-канфэрэнцыі з кіраўніком МЗС Вялікай Брытаніі Дэвідам Лемі ў Кіеве ён заявіў, што Пуцін імкнецца ўцягнуць Беларусь у вайну:

«Вы ўбачыце, вясной, летам або восеньню, ён будзе разьмяшчаць сілы на тэрыторыі Беларусі. І многія эўрапейцы, а можа і ЗША, будуць казаць, што гэта застрашваньне, запалохваньне Польшчы, застрашваньне Літвы і іншых балтыйскіх нашых партнэраў. Але вы пабачыце. Ён будзе рабіць усё, каб уцягнуць іх, ён будзе думаць, як іх правакаваць... У любым выпадку ён такім чынам уцягне Беларусь у вайну... Пуцін гэтага вельмі жадае».

У гэтай заяве Зяленскага зьвяртаюць на сябе ўвагу некалькі момантаў.

  • 1. Зяленскі кажа пра ўцягваньне Беларусі ў вайну не як пра імавернасьць, а як пра непазьбежнасьць («вы пабачыце»). І нават называе тэрміны: вясной, летам або восеньню.
  • 2. Прэзыдэнт Украіны адназначна разглядае Беларусь як чыньнік небясьпекі.
  • 3. За гэтай пагрозай з поўначы стаіць Расея, яе падспудныя пляны.
  • 4. Ваенная пагроза зь беларускай тэрыторыі існуе ня толькі для Ўкраіны, але і для Польшчы, Літвы, увогуле для Захаду.
  • 5. Беларусь разглядаецца не як самастойны суб’ект, а як аб’ект, інструмэнт у руках Крамля, як расейская марыянэтка.

Канечне, варта рабіць папраўку на тое, што, магчыма, Зяленскаму цяпер з палітычных меркаваньняў выгадна нагнятаць абстаноўку, рабіць алярмісцкія прагнозы, перабольшваць пагрозы, каб заахвоціць Захад да больш актыўнай падтрымкі Ўкраіны. Тым ня менш — чаму гэтыя папярэджаньні зьявіліся менавіта цяпер? Такія прагнозы ўсё ж павінны грунтавацца на нейкіх новых фактах ці абставінах.

Можна меркаваць, што Зяленскі робіць свае высновы на падставе двух чыньнікаў.

Лукашэнка пагадзіўся на расейскія вайсковыя базы?

Па-першае, у гэты ж дзень, 5 лютага, на сайце Дзяржаўнай Думы РФ зьявіўся тэкст дамовы паміж Расеяй і Беларусьсю аб гарантыях бясьпекі. Дакумэнт быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным у Менску 6 сьнежня 2024 году на пасяджэньні Вышэйшага дзяржаўнага савету «саюзнай дзяржавы». Але дасюль тэкст дамовы быў невядомы. Цяпер у зьвязку з тым, што прэзыдэнт РФ унёс яе на ратыфікацыю ў Дзярждуму, са зьместам дакумэнту можна азнаёміцца.

Варта зьвярнуць увагу на артыкул 5 пагадненьня, у якім гаворыцца, што на тэрыторыі Беларусі «могуць стварацца вайсковыя і іншыя аб’екты Расейскай Фэдэрацыі, а таксама разьмяшчацца вайсковыя фармаваньні Расейскай Фэдэрацыі». Дзеля рэалізацыі таго, што зафіксавана ў гэтым артыкуле, патрэбныя дадатковыя асобныя пагадненьні паміж Менскам і Масквой. Дамова аб гарантыях бясьпекі заключаная на 10 гадоў.

Трэба нагадаць, што ідэя разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі расейскія вайсковыя базы ня новая. Масква шмат гадоў імкнулася да гэтага, аднак Лукашэнку ўдавалася адбівацца. Напрыклад, 6 лістапада 2018 году ён катэгарычна абвяргаў магчымасьць разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскай базы:

«Яна тут не патрэбная... Мы катэгарычна супраць разьмяшчэньня, тым больш базы вайскова-паветраных сіл». І патлумачыў гэта дзьвюма прычынамі. Па-першае, «з практычнага пункту гледжаньня ў гэтым няма ніякай неабходнасьці», бо «час падлёту любога самалёта з тэрыторыі Расеі, калі ў гэтым будзе неабходнасьць, — 3–5 хвілін».

Па-другое, «мы ў стане выканаць тыя функцыі, якія на нас ускладзеныя дамовай з Расеяй».

Цяпер магчымасьці супраціўляцца расейскаму ціску ў гэтым пляне ў Лукашэнкі амаль няма. Адзінае, што яму застаецца, гэта абстаўляць справу так, што, маўляў, ён сам ініцыюе разьмяшчэньне ў Беларусі і расейскай ядзернай зброі, і ракет «Арэшнік», і інш.

Вайсковыя вучэньні як пагроза

Другі чыньнік, які падштурхнуў Зяленскага да згаданых вышэй высноваў, — гэта плянаванае правядзеньне на тэрыторыі Беларусі супольных беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025». Меркавана, яны пройдуць у верасьні. Вучэньні плянавыя, пра іх даўно вядома.

Але суседзяў насьцярожваюць тры моманты. Найперш, паводле заявы міністра абароны Расеі Андрэя Белавусава, у задуме вучэньняў «Захад-2025» улічаныя сучасныя пагрозы для бясьпекі Расеі і Беларусі з боку NATO, а таксама «становішча, якое складаецца ў зоне Спэцыяльнай ваеннай апэрацыі». То бок расейскі міністар наўпрост зьвязвае гэтыя манэўры з вайной ва Ўкраіне. Што б гэта магло значыць на практыцы?

Па-другое, у вучэньнях возьмуць удзел больш як 13 тысяч вайскоўцаў. У адпаведнасьці зь Венскім дакумэнтам аб мерах даверу і бясьпецы, пры такой колькасьці ўдзельнікаў патрэбна запрашаць міжнародных назіральнікаў. Наконт гэтага начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны Беларусі генэрал-маёр Валеры Равенка паведаміў: «Мы плянуем запрасіць дэлегацыі ад нашых саюзьнікаў, сяброў, партнэраў на дадзенае вучэньне. Абмяркоўваецца, каго запрасіць на якія этапы. Мы ставімся станоўча і да шэрагу дзяржаў — членаў Эўразьвязу, асобных краін — членаў NATO». То бок, як і на беларускія выбары, на вучэньні запросяць назіральнікаў з краін-партнэраў, кшталту ШАС ці Панафрыканскага парлямэнту. Можа, будуць і прадстаўнікі Вугоршчыны, якая вядомая сваёй прарасейскай пазыцыяй. А вось суседзяў, якія гэтымі вучэньнямі найбольш заклапочаныя, наўрад ці запросяць. Таму і ўзьнікае падазрэньне. Калі хаваюць ад тых, супраць каго вучэньні скіраваныя паводле задумы (глядзіце заяву Белавусава),— значыць, ёсьць што хаваць.

Нарэшце, па-трэцяе, усе добра памятаюць, чым скончыліся супольныя беларуска-расейскія вучэньні «Саюзная рашучасьць» у 2022 годзе, пасьля якіх Расея ня вывела свае войскі, а пачала ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

Аднак любыя аналёгіі і паралелі з тымі падзеямі 2022 году варта праводзіць з асьцярожнасьцю. Цяперашняя сытуацыя трохі адрозьніваецца ад той.

Цяпер у Расеі няма ў рэзэрве так шмат войскаў, каб дасылаць іх у Беларусь на вучэньні ў вялікай колькасьці. Новыя папаўненьні на фронт Расея ўжо набірае з напругай. Спатрэбілася нават дапамога паўночнакарэйскіх вайскоўцаў.

Да таго ж досьвед наступу на Кіеў з Гомельскай вобласьці ў 2022 годзе быў для Расеі вельмі няўдалы. Пацярпеўшы паразу, Масква вымушаная была выводзіць адтуль свае войскі. Дый Украіна цяпер значна лепш падрыхтаваная да наступу зь Беларусі, чым тры гады таму.

Беларусь мацней уцягваецца ў расейскія мілітарысцкія пляны

Незалежна ад таго, ці спраўдзяцца прагнозы Ўладзіміра Зяленскага, мы маем сытуацыю ўсё мацнейшага ўцягваньня Беларусі ў расейскія мілітарысцкія пляны. Вайсковы сувэрэнітэт краіны ў значнай ступені страчаны. Гэта бачаць суседзі — і робяць адпаведныя высновы. З такім адмоўным палітычным багажом афіцыйнаму Менску цяжка разьлічваць на нейкія перамовы з Захадам ці прэтэндаваць на ўдзел у будучых мірных перамовах у якасьці самастойнага суб’екта.

Дарэчы, беларускія дзяржаўныя мэдыя не сьпяшаюцца паведамляць пра ратыфікацыю расейскай Дзярждумай дамовы аб гарантыях бясьпекі паміж Беларусьсю і Расеяй. І ў плянах беларускага парлямэнту пакуль няма пытаньня аб ратыфікацыі гэтага дакумэнту. Бо палітычнае кіраўніцтва яўна разумее, што асабліва няма чым хваліцца і няма куды сьпяшацца.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG