Пасол Украіны дзеля асаблівых даручэньняў па Беларусі Ігар Кізім 7 лютага паведаміў у Фэйсбуку, што ён пайшоў у адстаўку:
«Сёньня выключна з асабістых прычын я вырашыў звольніцца з дыпляматычнай службы і пайсьці на „заслужаны адпачынак“. У кожнага чалавека надыходзіць момант, калі разумееш, што ўзрост бярэ сваё і нельга аддавацца сваёй справе на сто працэнтаў. І працаваць па-іншаму я не магу, і нават у цяперашніх умовах лічу гэта несправядлівым у адносінах да службы, якой прысьвяціў амаль усё сваё жыцьцё».
Кізім заявіў, што ня мае намеру кідаць усё і што будзе ўносіць свой уклад у тыя сфэры, дзе ягоны досьвед і кампэтэнцыі будуць карысныя.
«Спадзяюся, камусьці яны спатрэбяцца для разуменьня сытуацыі ў/вакол Беларусі, а таксама яе магчымага разьвіцьця. Мяркую, што гэта пэўнае падсумаваньне маёй „грамадзкай“ працы на пасадзе, якую пакідаю. Што будзе далей — паглядзім. І цяпер я хацеў бы падзякаваць сваёй сям’і, усім маім сябрам і калегам, якія падтрымлівалі мяне ўсе гэтыя гады, незалежна ад таго, што мы разам перажылі і якія пасады займалі. Дзякуй усім. Слава Ўкраіне! Жыве Беларусь!» — рэзюмаваў ён.
Ігар Кізім, былы амбасадар Украіны ў Беларусі, зь лютага 2024 году займаў пасаду амбасадара Ўкраіны дзеля асобых даручэньняў па Беларусі.
Ён шмат крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку. Калі Лукашэнка заявіў, што ня хоча ўцягваць Беларусь у вайну з Украінай, а таксама што гэтай краіне трэба разьлічваць не на дапамогу ЗША ў аднаўленьні пасьля вайны, Кізім нагадаў, што Беларусь ужо «ў вайне» з 24 лютага 2022 году і працягвае ў ёй удзельнічаць, аказваючы дапамогу Расеі.
Таксама ён адказаў на выказваньне Лукашэнкі, што беларускія ўлады нібыта робяць усё дзеля мірнага суседзтва.
«Адказ такі: спыні падтрымку злачыннай вайны, тады зь Беларусьсю гэта магчыма. Але зь цяперашнім рэжымам, на маю думку, — не», — напісаў Кізім.
- Ігар Кізім быў апошнім амбасадарам Украіны ў Беларусі — зь лютага 2017 году.
- Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Кіеў разарваў дыпляматычныя адносіны з Расеяй, але не зь Беларусьсю.
- У красавіку 2023 году, пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі ў Менску з кіраўніком акупаванай Расеяй «ДНР» Дзянісам Пушыліным, Кіеў адклікаў амбасадара Кізіма для кансультацыяў.
- 22 чэрвеня 2023 году ўказам прэзыдэнта Ўкраіны Ігар Кізім быў вызвалены ад пасады амбасадара Ўкраіны ў Беларусі. Новага амбасадара не прызначылі. Тым самым Уладзімір Зяленскі прадэманстраваў паніжэньне ўзроўню дыпляматычных адносінаў зь Беларусьсю.
- На пачатку лютага 2024 году рашэньнем міністра замежных спраў Украіны Ігар Кізім быў прызначаны амбасадарам дзеля асаблівых даручэньняў па Беларусі.
- На новай пасадзе амбасадар Кізім неаднаразова сустракаўся з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі, ён быў госьцем канфэрэнцыі «Новая Беларусь» 2024 году ў Вільні.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.