Дзясяткі няўрадавых арганізацый і некалькі незалежных мэдыягрупаў знаходзяцца на мяжы закрыцьця, заявілі беларускія грамадзкія дзеячы ў камэнтары Associated Press.
Лідэры беларускай апазыцыі нядаўна падрыхтавалі даклад для заходніх урадаў, у якім апісалі наступствы замарожваньня, паводле чалавека, блізкага да лідэраў беларускай апазыцыі. Чалавек гаварыў на ўмовах ананімнасьці зь меркаваньняў бясьпекі.
Безь незалежных СМІ і прадэмакратычных сілаў, якіх падтрымлівае Захад, Беларусь і Расея, «хутчэй за ўсё, запоўняць пустэчу, узмацніўшы дзяржаўную прапаганду і аўтарытарны кантроль у Беларусі, дазволіўшы пракрамлёўскім наратывам дамінаваць у розумах беларусаў», сказаў гэты чалавек.
Прадстаўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў паведаміў, што з 30 буйных беларускіх мэдыягрупаў, якія працуюць за мяжой, 6 заявілі, што цалкам страцілі фінансаваньне і знаходзяцца на мяжы закрыцьця. Ён гаварыў на ўмовах ананімнасьці зь меркаваньняў бясьпекі.
Паводле справаздачы апазыцыі, 1,7 мільёна даляраў амэрыканскай дапамогі замарожана — больш за палову ўсёй замежнай дапамогі незалежным СМІ, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь пасьля таго, як аўтарытарны кіраўнік Аляксандар Лукашэнка разгарнуў шырокія рэпрэсіі супраць іншадумства ў 2020 годзе.
Цяпер невялікія незалежныя рэдакцыі звальняюць супрацоўнікаў, каб пазьбегнуць закрыцьця, сказаў прадстаўнік БАЖ:
«Калі рэдакцыя спыняе працу, аднавіць яе пазьней практычна немагчыма, што адрозьнівае СМІ ад іншых бэнэфіцыяраў дапамогі ЗША».
Праваабарончыя групы таксама пацярпелі. Па словах чалавека, блізкага да лідэраў апазыцыі, магчымыя масавыя звальненьні, спыненьне праграм або канчатковае закрыцьцё пагражаюць 60-80 групам.
Суразмоўца лічыць, што «праграмы падтрымкі палітвязьняў будуць рэзка скарочаныя, беларуская моладзь страціць доступ да альтэрнатыўных адукацыйных праграм, а актывісты — свае плятформы».
У Беларусі больш за 1200 палітвязьняў, паведамляе «Вясна», вядучая праваабарончая арганізацыя краіны, чый зьняволены заснавальнік Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру ў 2022 годзе.
Тысячы беларускіх дзеячоў, у тым ліку вызваленыя з турмы, пераехалі за мяжу, і супольнасьці, якія атрымалі фінансаваньне ЗША, дапамагалі ім і іхным сем’ям. Замарожваньне «істотна пагоршыць» працу «Вясны», лічыць юрыст Павал Сапелка. Але гэта ня «спыніць праваабаронцаў» цалкам, настойвае ён.
Дарадца лідэра апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка сказаў AP, што экстрана ідзе пошук мэханізмаў кампэнсацыі, каб «захаваць незалежныя СМІ і падтрымаць грамадзянскую супольнасьць Беларусі, якія апынуліся перад новым выпрабаваньнем».
Неадкладнага адказу на запыт Associated Press аб камэнтарах з боку Эўрапейскага і Эўразійскага бюро Дзярждэпартамэнту не было.
Форум