Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пасьля абмену палоннымі пакінула сваіх вайскоўцаў у Беларусі і не вярнула Ўкраіне беларусаў-добраахвотнікаў


Украінцы, якія вярнуліся з расейскага палону 5 лютага 2025
Украінцы, якія вярнуліся з расейскага палону 5 лютага 2025

Расея і Ўкраіна 5 лютага абмяняліся палоннымі — бакі перадалі адзін аднаму па 150 вайскоўцаў, захопленых у палон у часе баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны і ў Курскай вобласьці Расеі.

Як вынікае са сьпісаў расейскіх вайскоўцаў, перададзеных Украінай, палонных грамадзян Беларусі сярод іх не было.

Вядома, што цяпер ва ўкраінскім палоне знаходзяцца прынамсі тры грамадзяніны Беларусі: Яўген Камянькоў (падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 году, знаходзячыся ў расейскім «спэцпрыёмніку», трапіў ва ўкраінскі палон вясной 2024-га), Артур Яфрэмаў (паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году) і Дзьмітры Ананчык (падпісаў кантракт з расейскай арміяй у сьнежні 2024-га і амаль адразу пасьля гэтага трапіў ва ўкраінскі палон).

У расейскім палоне, імаверна, знаходзяцца два беларусы, якія змагаліся на баку Ўкраіны, — Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў, лёс якіх невядомы з чэрвеня 2022 году. У акупаваным Расеяй Данецку Яна Дзюрбейку завочна асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня. Іх няма сярод тых, каго Расея перадала Ўкраіне.

Як паведамілі ва ўкраінскім праекце «Хачу знайсьці», створаным для сваякоў расейскіх вайскоўцаў, Расея практычна не перадае Ўкраіне палонных, якія ўтрымліваюцца ў так званых «ЛНР» і «ДНР», а Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў зьніклі ў часе баёў пад Лісічанскам Луганскай вобласьці. У 2024 годзе Расея перадала Ўкраіне толькі пяць чалавек з так званых «ЛДНР».

Упершыню за апошні час украінскі і расейскі бакі апублікавалі мінімум фатаздымкаў з апошняга абмену. Удзельнікі перамоваў увогуле ня трапілі на здымкі.

Аднак Свабодзе ўдалося высьветліць, што абмен, як і некалькі папярэдніх у канцы 2024 году, адбыўся на тэрыторыі Беларусі, якая мяжуе з Рэпкінскім раёнам Чарнігаўскай вобласьці. На тэрыторыі гэтага раён знаходзіцца пункт пропуску «Новыя Ярылавічы» (зь беларускага боку — «Новая Гута»).

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што ўсе 150 расейскіх вайскоўцаў, перададзеных Украінай, «знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ім аказваюць неабходную псыхалягічную і мэдычную дапамогу, а таксама далі магчымасьць зьвязацца з сваякамі». Пазьней іх плянуюць перавезьці «на лячэньне і рэабілітацыю ў мэдычныя ўстановы Мінабароны Расеі».

Як і раней, афіцыйным пасярэднікам абмену бакі назвалі Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.

У сьнежні 2024 году стала вядома, што ў перамовах Расеі і Ўкраіны пра абмены палоннымі ўдзельнічаюць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ірына Касьцевіч і афіцэр КДБ, колішні супрацоўнік амбасады Беларусі ва Ўкраіне Валер Сьцепановіч.

Абмен палонным перанесьлі на тэрыторыю Беларусі пасьля пачатку ўкраінскімі войскамі Курскай апэрацыі.

  • Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Украіна з 28 лютага 2022 году закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.
  • Грамадзяне Беларусі ваююць як на ўкраінскім, так і расейскім баках, і трапляюць у палон. Раней Украіна перадала Расеі беларусаў Максіма Запеку, Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча, якія ваявалі на баку Расеі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG