Кампанія Garsų pasaulis апавясьціла Міністэрства ўнутраных спраў Літвы, што спыняе супрацоўніцтва з арганізацыяй Belarus Passport Center і спыняе выпуск гэтага непрызнанага беларускага пашпарта.
У пашпартным цэнтры Belarus Passport Center пра прыпыненьне супрацы з гэтай кампаніяй заявілі яшчэ раней, 14 студзеня. Тады кіраўнік цэнтру Марус Гудзялайціс расказваў «Люстэрку», што супрацу спынілі «з гледзішча бясьпекі і пасьля кансультацый з уладамі Літвы». Фінальны друк і пэрсаналізацыю пашпартоў было вырашана рабіць у самім Пашпартным цэнтры, якому Garsų pasaulis перадаў закупленыя раней матэрыялы і базавыя блянкі.
У камэнтары Свабодзе кіраўніцтва Пашпартнага цэнтру патлумачыла, што «праца працягваецца».
«Мы працягваем перамовы, вырашаем юрыдычна-прававыя аспэкты, у тым ліку па статусе пашпарта. Ніякай афіцыйнай забароны нам не паступала. Будзем дзейнічаць у адпаведнасьці з заканадаўствам», — гаворыцца ў камэнтары.
Таксама там удакладнілі, што ў пашпартным цэнтры пакуль ёсьць неабходныя матэрыялы і блянкі.
«Garsu pasaulis перадаў Беларускаму пашпартнаму цэнтру ўсе неабходныя матэрыялы і блянкі. Мы плянавалі, што пэрсаналізацыю будзе рабіць сам Беларускі пашпартны цэнтар, у тым ліку для забесьпячэньня бясьпекі праекту. Мы не пачнём выдаваць дакумэнты або зьбіраць біямэтрычныя дадзеныя, пакуль не завершыцца поўны аўдыт GDPR і ня будуць высьветленыя ўсе юрыдычныя пытаньні адносна статусу дакумэнту. Пакуль дакумэнт застанецца сымбалічным», — кажуць у арганізацыі.
Раней кампанію Garsų pasaulis літоўскія ўлады прызналі ненадзейнай. А Беларускі расьсьледніцкі цэнтар паведаміў пра сувязі кампаніі з набліжаным да беларускіх уладаў бізнэсоўцам Віктарам Шаўцовым.
У камэнтары Свабодзе дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка адзначыў, што матэрыялаў і блянкаў для вырабу «пашпартоў Новай Беларусі» хопіць яшчэ на год.
«Праца не спыняецца. Матэрыялаў і блянкаў хопіць яшчэ на год. Цяпер трэба, каб пашпартны цэнтар закончыў усе аўдыты, бо бясьпека важнейшая за ўсё, а мы будзем працягваць палітычныя перамовы. Прызнаньне, перамовы — гэта ўсё працэс, які будзе працягвацца ўвесь год. Трэба паступова і сыстэмна рабіць гэтую працу. Паралельна мы вырашаем пытаньні з пашпартамі замежніка, пратэрмінаванымі дакумэнтамі, выдачай ДНЖ у шэрагу краінах. Гэта самае тэрміновае. А пашпарт — доўгатэрміновы праект», — адзначыў Вячорка.
Таксама ён нагадаў пра складанасьць праекту і запыт на яго.
«Праект сапраўды складаны, такога яшчэ ніхто не рабіў, і будзем імкнуцца, каб усё атрымалася. Нагадваю, што ініцыятыва з пашпартам прыйшла зьнізу. Праект існуе з данатаў і з заявак. Мы яго палітычна падтрымалі і будзем падтрымліваць далей. Бо гэта важная для Беларусі справа», — дадаў суразмоўца.
Літва: ад анонсу згоды прызнаць пашпарт — да прэтэнзій
Упершыню ўзор «пашпарта Новай Беларусі» прадэманстравалі 6 жніўня 2023 году на канфэрэнцыі «Новая Беларусь». Тады на прэзэнтацыі расказалі, што рыхтуецца фізычны ўзор дакумэнта, каб пачаць перамовы з краінамі Эўразьвязу па яго прызнаньні.
Ужо ў верасьні 2023 году заяўлялася, што пашпарт папярэдне гатовыя прызнаць дзьве краіны. Тады ж праект прадэманстравалі ў Эўрапарлямэнце.
У студзені 2025 году стала вядома, што пашпарт будзе каштаваць 97 эўра, першыя заяўкі на дакумэнт пачалі прымаць 26 студзеня. Стваральнікі тады адзначалі, што аўдыт рэглямэнту па абароне пэрсанальных дадзеных завершыцца да 31 сакавіка. Тады ж анансавалася, што ў Вільні запрацуе Беларускі пашпартны цэнтар, які будзе вырабляць дакумэнт, а пазьней магчыма адкрыць ягоныя філіялы ў іншых краінах.
З гэтага часу пачалася крытыка праекту з боку некаторых палітыкаў у Літве. Некалькі дэпутатаў ад партыі «Саюз Айчыны — Хрысьціянскія дэмакраты Літвы» выказалі занепакоенасьць наконт нібыта выявы дзяржаўнага герба Літвы на «пашпарце Новай Беларусі» і папрасілі МЗС Літвы «прааналізаваць сытуацыю».
МЗС Літвы адказала, што Літва ня ўдзельнічае ў рэалізацыі гэтай ініцыятывы, але ня бачыць праблемы ў выяве Пагоні на вокладцы дакумэнту.
22 студзеня ў Сейме Літвы Камітэт замежных спраў у закрытым рэжыме абмеркаваў сытуацыю, што склалася з выкарыстаньнем Пагоні на «пашпарце Новай Беларусі». Пасьля пасяджэньня кіраўнік камітэту Рэмігіюс Матузас паведаміў, што ўдзельнікі абмеркаваньня пацьвердзілі — згодна зь дзейным літоўскім заканадаўствам такі пашпарт або дакумэнт ня можа быць прызнаны.
Форум