Агулам на гэтым участку мяжы ўсталявалі больш за 500 слупоў і 1,3 тысячы камэраў назіраньня.
Пабудаваць электронную загароду вырашылі ў сувязі са шматлікімі спробамі перасячэньня польска-беларускай мяжы праз памежныя рэкі. Кантракт на будаўніцтва электроннай загароды быў падпісаны ў канцы лютага 2024 году.
«Усе падсыстэмы, сілавыя злучэньні і оптавалакновыя лініі сувязі ўжо пабудаваныя. Усталявана больш за 500 апораў для камэр і больш за 1300 камэраў», — паведаміў агенцтву PAP прадстаўнік Памежнай службы падпалкоўнік Анджэй Юзьвяк.
Кошт загароды склаў больш за 85 мільёнаў злотых (каля 20 млн эўра).
Загарода на памежных рэках у Падляскім ваяводзтве мае агульную даўжыню каля 47 кілямэтраў. Яна стала дадатковай мерай бясьпекі на Падляскім участку мяжы зь Беларусьсю.
Таксама на мяжы зь Беларусьсю ў 2022 годзе паставілі сталёвы бар’ер даўжынёй 186 км і вышынёй 5,5 мэтра. Гэта асноўны элемэнт абароны польска-беларускай мяжы ад нелегальнай міграцыі. Яго дапаўняе электронны барʼер даўжынёй 206 км у Падляскім ваяводзтве, але ён не ахопліваў рачных участкаў.
Цяпер у Польшчы таксама праводзяць мадэрнізацыю гэтага раней пабудаванага барʼера. Яе плянуюць завяршыць да канца лютага 2025 году. У рамках мадэрнізацыі паставяць дадатковыя камэры назіраньня за тэрыторыяй, што за мэталічным плотам, сьвятладыёдныя ліхтары для асьвятленьня дарогі і дадатковыя камэры для мацаваньня водапрапускных трубаў.
Як раней паведамлялі ў Памежнай службе, кошт кантракту на мадэрнізацыю сталёвага бар’ера — больш за 117 млн злотых, а электроннай загароды — больш за 125 млн злотых.
- Паводле зьвестак Падляскага аддзелу памежнай аховы, з пачатку 2025 году Польшча зафіксавала больш за 240 спробаў незаконнага перасячэньня польска-беларускай мяжы. Бываюць дні, калі Памежная служба не фіксуе ніякіх спробаў, а ў іншыя дні гэта толькі паасобныя людзі або невялікія групы.
- У 2024 годзе Падляская памежная ахова зарэгістравала больш за 30 тысяч спробаў незаконнага перасячэньня польска-беларускай мяжы. Менш іх стала ў другой палове году пасьля ўвядзеньня буфэрнай зоны і ў месцах мадэрнізацыі памежнай загароды.
- Буфэрную зону на польска-беларускай мяжы стварылі ў сувязі з узмацненьнем міграцыйнага ціску. Яна пачала дзейнічаць з 13 чэрвеня і была створаная на 90 дзён, пасьля тэрмін яе дзеяньня неаднойчы падаўжалі. Даўжыня буфэрнай зоны — 60,67 км, шырыня — ад 200 м да 2 км. На працягу 44 км буфэрная зона ахоплівае 200 м ад лініі дзяржаўнай мяжы. Заезд у буфэрную зону забаронены. Абмежаваньні на перамяшчэньне і знаходжаньне ўнутры буфэрнай зоны ўведзеныя ў 27 населеных пунктах Гайнаўскага і Беластоцкага паветаў Падляскага ваяводзтва, якое мяжуе зь Беларусьсю.
- Польскі ўрад вырашыў стварыць буфэрную зону на некаторых участках польска-беларускай мяжы пасьля таго, як 28 траўня 2024 году на мяжы падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца зь беларускага боку праз сталёвую загароду быў паранены нажом польскі вайсковец Матэвуш Сітэк. Ён памёр 6 чэрвеня. Паводле польскіх уладаў, стварэньне буфэрнай зоны было накіраванае на гарантаваньне бясьпекі як староньніх асобаў, так і супрацоўнікаў паліцыі, памежнікаў і вайскоўцаў, а таксама на абмежаваньне дзейнасьці груп кантрабандыстаў, якія спрыяюць незаконнай міграцыі.
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве. 3 кастрычніка 2024 году міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк прызнаўся, што сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю стала «адным з самых сур’ёзных крызісаў» для польскай дзяржавы і «велізарным выклікам» для яго самога.
Форум