Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія Garsų pasaulis заявіла пра спыненьне вырабу «пашпартоў новай Беларусі». Пашпартны цэнтар: «Мы працягваем працу»


Кампанія Garsų pasaulis 4 лютага паведаміла, што спыняе вытворчасьць «пашпартоў новай Беларусі». У Пашпартным цэнтры дэмакратычных сілаў Беларусі патлумачылі, што праца над праектам працягваецца і цэнтар сам будзе пэрсаналізаваць пашпарты.

Кампанія апавясьціла Міністэрства ўнутраных спраў Літвы, што «спыняе супрацоўніцтва з арганізацыяй Belarus Passport Center і спыняе выпуск гэтага непрызнанага беларускага пашпарта», паведамляе партал 15min.lt.

Варта адзначыць, што 14 студзеня кіраўнік Пашпартнага цэнтру дэмакратычных сілаў Беларусі (Belarus Passport Center) Марус Гудзялайціс расказваў «Люстэрку», што супрацу з «Garsų pasaulis» спынілі: з гледзішча бясьпекі і пасьля кансультацыяў з уладамі Літвы пастанавілі рабіць фінальны друк і пэрсаналізацыю пашпартоў у самі Пашпартным цэнтры, якому Garsų pasaulis перадаў закупленыя раней матэрыялы і базавыя блянкі. Так ніякага доступу ні ў Garsų pasaulis, ні ў іншых падрадчыкаў да асабістых зьвестак беларусаў ня будзе, адзначыў ён.

Заяву кампаніі Garsų pasaulis у Пашпартным цэнтры дэмакратычных сілаў Беларусі «Белсату» пракамэнтавалі наступным чынам:

«Мы працягваем працу. Працуем над юрыдычнымі момантамі, чакаем на аўдыт. Паведамленьне ад "Garsų" не павінна закрануць нашай працы, бо мы плянуем пэрсаналізацыю рабіць самі», — адказаў Марус Гудзялайціс.

Офіс Сьвятланы Ціханоўскай пазьней перадаў «Белсату» падобны камэнтар з Пашпартнага цэнтру. У ім гаворыцца, што кампанія Garsu Pasaulis перадала Беларускаму пашпартнаму цэнтру ўсе неабходныя матэрыялы і блянкі, і цэнтар сам будзе пэрсаналізаваць пашпарты. Выдаваць «пашпарты новай Беларусі» або зьбіраць біямэтрычныя зьвесткі ня будуць да завяршэньня поўнага аўдыту GDPR і высьвятленьня ўсіх юрыдычных пытаньняў адносна статусу дакумэнту, які пакуль «застаецца сымбалічным».

«Мы працягваем перамовы, вырашаем юрыдычна-прававыя аспэкты, у тым ліку пра статус пашпарта. Ніякай афіцыйнай забароны нам не паступала. Будзем дзейнічаць у адпаведнасьці з заканадаўствам», — гаворыцца ў камэнтары.

У студзені 2025 году беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская паведаміла, што 26 студзеня ў Варшаве прэзэнтавалі «пашпарт новай Беларусі». Яшчэ 14 студзеня кіраўнік праекту Марус Гудэлайціс казаў, што з 26 студзеня плянуюць пачаць прымаць заявы на выраб і выдачу «пашпарта Новай Беларусі».

Пасьля зьяўленьня гэтай інфармацыі некалькі дэпутатаў ад партыі «Саюз Айчыны — Хрысьціянскія дэмакраты Літвы» выказалі занепакоенасьць з нагоды нібыта выявы дзяржаўнага герба Літвы на «пашпарце новай Беларусі» і папрасілі МЗС Літвы «праааналізаваць сытуацыю».

МЗС Літвы падкрэсьліла, што Літва ня ўдзельнічае ў рэалізацыі гэтай ініцыятывы. У перададзеным ELTA камэнтары гаворыцца, што ведамства ня бачыць праблемы ў выяве Пагоні на вокладцы дакумэнта.

Сымбаль Пагоня, які цяпер зьяўляецца дзяржаўным гербам Літвы і які быў дзяржаўным гербам у Беларусі зь верасьня 1991 году да 1995-га, паходзіць з часоў ВКЛ, супольнай часткі гісторыі Літвы і Беларусі. У той жа час выявы беларускай і літоўскай Пагоні адрозьніваюцца паміж сабой.

19 студзеня прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ў камэнтары СМІ сказаў, што Віціс, на ягоную думку, — літоўскі сымбаль, але яго «могуць выкарыстоўваць» народы, «якія вызнаюць свабоду і не падзяляюць погляды Пуціна», і ў выкарыстаньні Пагоні ў дызайне «пашпартоў новай Беларусі» ён ня бачыць праблемы. Але дадаў, што трэба абмеркаваць юрыдычныя і дыпляматычныя дэталі праекту.

22 студзеня ў Сейме Літвы адбылося пасяджэньне Камітэту замежных спраў, на якім у закрытым рэжыме абмеркавалі сытуацыю, што склалася з выкарыстаньнем Пагоні на «пашпарце новай Беларусі». Пасьля яго кіраўнік Камітэту замежных спраў Літвы Рэмігіюс Матузас паведаміў, што ўдзельнікі абмеркаваньня пацьвердзілі — згодна зь дзейным літоўскім заканадаўствам такі пашпарт або дакумэнт ня можа быць прызнаны.

3 лютага ў Генэральнай пракуратуры Літвы заявілі, што «пашпарты новай Беларусі» павінны лічыцца несапраўднымі, і падкрэсьлілі, што «выраб падробленага пашпарта або выкарыстаньне заведама падробленага пашпарта цягне за сабой крымінальную адказнасьць». Хоць арганізацыя Belarus Passport Center загадзя апавясьціла пракуратуру пра свае пляны, прадстаўнік Генпракуратуры Літвы Гінтарас Іванаўскас падкрэсьліў, што гэта ня робіць яе дзейнасьць законнай.

  • У верасьні 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім забараніў выдаваць і абменьваць за мяжой пасьведчаньні асобы. Атрымаць новы пашпарт цяпер магчыма толькі на тэрыторыі Беларусі. Аднак некаторыя грамадзяне ў краіну ехаць не рызыкуюць — там ім можа пагражаць турэмны тэрмін.
  • Абʼяднаны пераходны кабінэт заняўся распрацоўваньнем «пашпарта новай Беларусі», каб вырашыць праблему з адсутнасьцю сапраўдных пашпартоў для тых, хто ня можа паехаць на радзіму. На пачатку кастрычніка лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што ўзоры пашпарта ўжо друкуюць. Аднак пазьней высьветлілася, што матэрыялы для іх толькі плянуюць закупіць.
  • 28 траўня 2024 году Беларускі расьсьледніцкі цэнтар апублікаваў расьсьледаваньне пра тое, што літоўская кампанія Garsų pasaulis, якая працуе над праектам «пашпарта Новай Беларусі», зьвязаная з блізкім да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцам Шаўцовым. Кампанію Абʼяднанаму пераходнаму кабінэту параіў кіраўнік Геральдычнай рады, які выявіўся былым супрацоўнікам МУС. Пасьля звальненьня зь міліцыі ён езьдзіў за мяжу са сьледчым у справе аб тэракце ў менскім мэтро. 29 траўня цяпер ужо былы намесьнік кіраўніка АПК Валер Кавалеўскі заявіў, што «кожны падрадчык і партнэр праекту „пашпарта новай Беларусі“ пройдзе праверку».
  • 7 чэрвеня 2024 году Валер Кавалеўскі заявіў, што праца над праектам працягваецца, але кожны крок не выносіцца ў публічную прастору зь меркаваньняў бясьпекі і для перадухіленьня магчымых правакацыяў.
  • 3 жніўня 2024 году Сьвятлана Ціханоўская прадставіла Маруса Гудэлайціса ў якасьці дырэктара праекту «пашпарта Новай Беларусі» на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» і паведаміла, што праект «зрушыўся зь месца».
  • 25 верасьня 2024 году Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы (VSD) прызнаў кампанію Garsų pasaulis ненадзейнай.
  • Пасьля гэтага рашэньня літоўскі Цэнтар выпуску асабовых дакумэнтаў скасаваў кантракт з кампаніяй Garsų pasaulis.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG