Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відэаблогер Макар Валынкін выдаў кнігу пра беларускую моладзь пасьля 2020 году


Макар Валынкін з сваёй кнігай «Апошняе пакаленьне»
Макар Валынкін з сваёй кнігай «Апошняе пакаленьне»

У выдавецтве «Янушкевіч» выйшла першая кніга відэаблогера Макара Валынкіна «Апошняе пакаленьне», прысьвечаная менскай моладзі, якая жыве ў рэаліях эпохі пасьля 2020 году.

Макар Валынкін нарадзіўся ў Менску. Зь вясны 2022 году жыве ў Варшаве, працуе ў сфэры рэклямы, выпускае відэаблог пра беларускія кніжныя навінкі. Ідэя напісаць уласную кнігу нарадзілася ў Макара нечакана, а прычынай стала летняя сьпёка ў Варшаве. Хлопец пайшоў пагуляць зь сябрамі.

«Паводле маіх адчуваньняў, было градусаў 35. Мы пачалі гаварыць пра глябальнае пацяпленьне і ўвогуле пра тое, што адбываецца ў сьвеце. У нейкі момант у мяне ў галаве ўзьнікла словазлучэньне „апошняе пакаленьне“. І я зразумеў, што хачу напісаць кніжку менавіта з такой назвай, хаця ня ўяўляў, пра што будзе гэтая кніжка, навошта яе пісаць, хто будуць галоўныя героі, чым яны будуць займацца, — карацей, нічога ня ведаў», — успамінае Макар.

Словазлучэньне «апошняе пакаленьне» настолькі засела ў ягонай галаве, што Макар цэлы месяц шукаў адказы на гэтыя пытаньні. Паехаў у справах у Вільню, зайшоў у кавярню, чакаў знаёмую дзяўчыну. Сеў за столік — і пачаў пісаць, спачатку ад рукі. Паступова пачаў выстройвацца сюжэт.

«Кніга пра рэальнасьць, якая паўстала ў Беларусі пасьля 2020 году, калі кожны чалавек павінен адказаць на пытаньне, як ён жыве, дзеля чаго жыве, што ён робіць, куды ён ідзе. Мне было вельмі важна адлюстраваць адчуваньні людзей у Беларусі, у мяне там шмат сяброў засталося, я шмат чытаю — і СМІ, і пасты ў сацсетках. І я хацеў адлюстраваць увесь спэктар эмоцый людзей у Беларусі: расчараваньне, апатыю, пачуцьцё безвыходнасьці, пэўныя радасьці, надзею», — расказвае аўтар.

«Фінал будзе нечаканым»

У кнізе чацьвёра галоўных герояў, якія працуюць у рэклямным агенцтве: Мікіта, Карына, Саша і Наташа. Твор пабудаваны такім чынам, што кожная яго частка — гэта адзін дзень. Усе падзеі адбываюцца цягам двух тыдняў. Калі дзень працоўны — часткі даўжэйшыя, калі выходны — кароткія.

«Мікіта працуе крэатарам, стварае стратэгіі разьвіцьця. Ад яго імя і вядзецца аповед. Ён вагаецца, ня можа зразумець, куды рухацца: нічога не рабіць ці змагацца. Карына — змагарка, яна перакананая, што гэта адзіны правільны шлях, таму ладзіць падпольныя акцыі. Карына працуе са СМІ, з блогерамі, займаецца разьмяшчэньнем рэклямных матэрыялаў на розных пляцоўках. У кнізе ёсьць яе разважаньні, што ўжо не засталося ў Беларусі СМІ, куды можна даслаць навіну.

Ёсьць герой, якія выбірае пазыцыю „забыцца“, то бок не зьвяртаць увагу на тое, што адбываецца. Ёсьць герой, які ўсё разумее, але вырашае для сябе, што лепш цяпер нічога не рабіць, ня думаць і не выказвацца. Але ў пэўны момант сытуацыя даходзіць да пункту кіпеньня», — апавядае аўтар пра сваіх герояў, пакінуўшы інтрыгу аб тым, чым усё скончыцца.

Макар просіць дачытаць кнігу да канца. Аб’ём яе 206 старонак.

«Часам складана будзе чытаць; будзе падавацца, што гэта нейкая багна, якая цябе засмоктвае, што гэта надакучлівая кніга ні аб чым. Але апошнія тры часткі патлумачаць, чаму так было. Кніга раскрыецца зь іншага боку. Калі дачытаеце да канца, усё зразумееце. Фінал будзе нечаканы», — запэўнівае Макар.

Выдавецтва «Янушкевіч» такім чынам анансуе кніжную навінку: «Дэбютны твор Макара пранікнуты апатыяй і расчараваньнем, якія пануюць сёньня. Аднак у той момант, калі, здавалася б, стаіш на парозе безвыходнасьці, загараюцца іскрынкі надзеі і сустракаеш маленькія радасьці. І тады разумееш, што наперадзе — добрая будучыня. Усё залежыць ад нас».

Страчанае пакаленьне

На пытаньне, як ён сам ацэньвае, кніга больш аптымістычная ці, наадварот, пэсымістычная, аўтар адказвае, што яна рэалістычная. І тлумачыць, чаму яна мае назву «Апошняе пакаленьне».

«Мікіта адзіны, хто пастаянна размаўляе па-беларуску. Астатнія героі гавораць на расейскай мове. І, каб гэта перадаць, словы Мікіты ў кнізе пададзены звычайным шрыфтам, а тое, што іншыя героі прамаўляюць па-расейску, выдзелена курсівам. Я хацеў падкрэсьліць, як шмат расейскай мовы ў нашым жыцьці.

Да таго ж у кнізе шмат размоў пра глябальнае пацяпленьне, пра ядзерную бомбу, пра вайну — мне хацелася выразна падкрэсьліць маю гэту думку пра апошняе пакаленьне. Некалі пра „страчанае пакаленьне“ пісалі Хэмінгуэй, Рэмарк. Мы цяпер жывём з такім самым адчуваньнем», — кажа аўтар.

Свой твор Макар напісаў даволі хутка, за два месяцы. Спачатку паслаў блізкім сябрам, каб яны прачыталі і шчыра ацанілі. Такіх людзей называюць «бэта-рыдарамі», «пробнымі» чытачамі.

«Я атрымаў ад некалькіх чалавек водгукі „Макар, гэта крута!“, трэба выдаваць. Тады даслаў кнігу ва ўсе вядомыя беларускія выдавецтвы за мяжой. І літаральна праз два тыдні ад двух зь іх прыйшлі адказы, што гэта добрае чытво. Я так спачатку і не зразумеў, хочуць яны выдаваць або не. Астатнія выдавецтвы адказалі, што ня будуць», — расказвае Макар.

Ён пачаў перапісвацца з выдавецтвам, якое здалося найбольш зацікаўленым, але ў выніку яно ветліва адмовілася. Маўляў, кніга ня надта пазытыўная, цяпер хочацца выдаваць нешта больш пазытыўнае. А яшчэ праз два тыдні Макару прыйшоў ліст ад выдаўца Андрэя Янушкевіча, што той гатовы паставіць кнігу ў плян на 2024 год.

«У мяне была неймаверная радасьць, калі я гэта прачытаў. Я трапіў у найлепшае беларускае выдавецтва — маё імя стаіць побач з Джонам Толкінам, Джоан Роўлінг, Альгердам Бахарэвічам і іншымі, каго выдае Янушкевіч. А тут нейкі Макар! Для мяне гэта было нечакана. Мне здавалася, што шлях пісьменьніка больш складаны: ты пішаш у стол, потым публікуесься ў нейкіх часопісах, выдаеш кнігу за свой кошт. А тут найлепшае выдавецтва!» — не хавае эмоцый Макар.

Ідэя з буктрэйлерам

Потым з тэкстам працавалі рэдактарка, карэктарка, рабілі вокладку — гэта заняло паўгода, хоць саму кнігу аўтар напісаў за пару месяцаў.

«Я чалавек візуальны, мне важна, каб вокладка была прыгожая і цікавая. Зьвярнуўся да выдатнай беларускай мастачкі Караліны Паляковай. Яна робіць прыгожыя каляжы, стварыла некалі трэйлер Міхалку. Мне важна, каб і на вокладцы быў мэсэдж, як і ў кнізе: нібыта ўсё добра, але ёсьць прадчуваньне неспакою — вось-вось штосьці павінна выбухнуць. Я вельмі задаволены вокладкай», — прызнаецца ён.

Як чалавек, які апошнія пяць гадоў працуе ў рэкляме, маркетынгу і піяры, Макар перакананы, што любы прадукт трэба прасоўваць. Аўтару-дэбютанту, пра якога ніхто ня ведае, зусім ня хочацца, каб ягоная кніга проста стаяла на паліцы ў кнігарні.

«Мне ў галаву прыйшла ідэя з буктрэйлерам. Калі прасоўваць фільмы, выпускаюць спачатку тызэр, потым трэйлер. Я вырашыў зьняць буктрэйлер. У беларускай літаратуры ніхто такога не рабіў. (Насамрэч буктрэйлеры да выданьняў са сваёй бібліятэкі раней рабіла Радыё Свабода— РС) І ўвогуле ва ўсясьветнай літаратуры даволі мала прыкладаў, калі выходзіць трэйлер на кніжку. Падумаў, што гэта будзе добрай інфанагодай і дапаможа зацікавіць візуалам патэнцыйных чытачоў, якія падпісаныя на інстаграм, фэйсбук выдавецтва, якія падпісаныя на мяне», — расказвае аўтар.

Макар зьвярнуўся да рэжысэркі Аліны Мазавец, даслаў кнігу, яна яе прачытала. І ў Аліны таксама было адчуваньне зацішша перад бурай, кажа аўтар кнігі.

«У галоўнай ролі зьняўся Мікіта Бялевіч, тыктокер і вядоўца беларускіх праектаў. Так супала, што галоўнага героя кнігі завуць Мікітам, і героя буктрэйлера таксама. Для трэйлера і для тызэра мы папрасілі начытаць фрагмэнты з кнігі акторку Крысьціну Дробыш, каб паглыбіць людзей у кнігу, каб яны адчулі... Прагляды мяне прыемна зьдзіўляюць», — кажа аўтар кнігі «Апошняе пакаленьне» Макар Валынкін.

Набыць першую кнігу Макара можна ў Варшаве ў кнігарні «Кнігаўка», на сайце кнігарні, а таксама на Allegro.pl.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG