Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беластоцкія беларусы зьбіраюць грошы на захаваньне магіл выбітных суродзічаў у горадзе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Збор грошай праходзіць пад заклікам «захаваем магілы выбітных беларусаў у Беластоку!»

На праваслаўных могілках Усіх Сьвятых спачываюць асобы, якія прысьвяцілі сваё жыцьцё беларускай справе — захаваньню мовы, культуры і нацыянальнай ідэнтычнасьці, піша «Грамадзкая ініцыятыва па ахове магіл беларускіх дзеячаў у Беластоку».

Супольнасьць адзначае, што каб захаваць магілы, трэба аплаціць запазычанасьць і арэнду месцаў, дзе пахаваныя вядомыя беларусы. Аплата праводзіцца на наступныя 20 гадоў.

«Калі гэтага не зрабіць, месцы могуць быць аддадзеныя пад іншыя пахаваньні».

Мэта збору — 2650 эўра. За падтрымку можна атрымаць сувэніры і нават трапіць на адмысловую экскурсію, адзначылі ў ініцыятыве.

Сярод магілаў, на захаваньне якіх патрэбныя грошы, пахаваньні Лявона і Сяргея Богушаў, Кастуся Кіслага. Агулам гаворка пра чатыры магілы, у якіх пахаваныя дзевяць чалавек.

Краязнаўца Аляксей Трубкін расказаў Белсату, чым вядомыя гэтыя людзі.

Кастусь Кіслы — музыка, кампазітар і дырыжор, заснавальнік хораў у Беларускім школьным таварыстве. Перажыў савецкі арышт, уцёк з турмы. Працяглы час жыў у эміграцыі ў Злучаных Штатах, дзе таксама арганізоўваў хоры, апошнія гады правёў у Беластоку. У магіле Кастуся Кіслага пахаваныя таксама ягоныя жонка і дачка.

Лявон Богуш і ягоны брат Сяргей — актыўныя ўдзельнікі беларускага нацыянальнага руху. Лявон Богуш браў удзел у стварэнні драматычнай сэкцыі Таварыства беларускай школы ў Беластоку, быў у ліку заснавальнікаў тэатральнага таварыства «Полымя», быў салістам хору пры Беларускім камітэце ў Беластоку. У магіле Лявона Богуша пахаваныя ягоная жонка, якая працавала разам з ім у беларускім камітэце, а таксама бацька і маці. Сяргей пахаваны асобна.

Мікола Чарнецкі — пэдагог і публіцыст, удзельнік беларускага нацыянальнага падпольля, які перажыў перасьлед польскіх і савецкіх уладаў, быў забіты польскімі падпольшчыкамі ў час ІІ усясьветнай вайны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG