Марш быў праведзены арганізацыяй «Рух», партнэрамі выступілі Беларуская дыяспара Беластоку, клюб гістарычнай рэканструкцыі «Invictus 1863», Беластоцкая Харугва і «Беларускі дом».
Мерапрыемства пачалося ў мястэчку Гарадок, дзе штогод ладзілася «Басовішча», а цяпер «Тутака». Тут ёсьць вуліца Кастуся Каліноўскага. Адтуль удзельнікі выступілі пешым маршам у бок вёскі Страшава.
Пешы марш склаў больш за 5 кілямэтраў. У Страшаве ўдзельнікі ўшанавалі памяць вядомага беларускага пісьменніка і грамадзкага дзеяча Аляксея Карпюка, які нарадзіўся ў гэтай вёсцы, а ў час ІІ усясьветнай вайны кіраваў партызанскім атрадам імя Кастуся Каліноўскага, пішуць аршанізатары маршу.
Таксама актывісты ўшанавалі памяць выбітнага беларускага вайсковага і грамадзка-палітычнага дзеяча Міколу Дзямідава, які нарадзіўся ў суседнім Гарадку і быў сваяком Кастуся Каліноўскага. Каля прыдарожнай капліцы ўскладзеныя выявы дзеячоў разам са зьнічамі.
Пасьля ўдзельнікі маршу зладзілі ўжо аўтапрабег да вёскі Мастаўляны — месца, дзе нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. Разам зь пешым маршам адлегласьць склала 26 кілямэтраў — менавіта столькі гадоў пражыў нацыянальны герой.
У Мастаўлянах прайшла ўрачыстая частка мерапрыемства. Яе адкрыў Васіль Калач і іншыя прадстаўнікі клюбу «Invictus 1863», якія сталі на ганаровай варце каля помніка, апранутыя ў паўстанцкія мундуры. Праграму працягнула Кацярына Ваданосава, якая прачытала ўласны верш, прысьвечаны паўстаньню — «Касінэрскі баль». У Мастаўлянах загучалі запаветы Яські, гаспадара з-пад Вільні — «Лісты з-пад шыбеніцы». Далей Аляксей Трубкін расказаў пра ранейшыя ўшанаваньні памяці герояў паўстаньня і гісторыю ўсталяваньня помніку ў Мастаўлянах.
Форум