Беларуская ініцыятыва Maldzis выкупіла Радзівілаўскую мапу, надрукаваную ў Амстэрдаме ў 1631 годзе.
Мапа паказвае ўсю тэрыторыю ВКЛ у межах да Люблінскай уніі 1569 году і часткова землі суседніх краін. Яна створаная на заказ Мікалая Крыштафа Радзівіла (Сіроткі).
«Радзівілаўская мапа была шырока вядомая ў Эўропе і служыла ўзорам для наступных мапаў гэтага рэгіёну, але ўжо ў XVIII стагодзьдзі лічылася вельмі рэдкай. Да гэтага часу карта застаецца найкаштоўнейшай гістарычнай крыніцай. На ёй пазначана звыш 1000 населеных пунктаў, зь якіх больш за 300 — на землях сучаснай Беларусі. Фактычна гэта першая навуковая мапа нашай краіны», — пракамэнтаваў Павал Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы Maldzis.
У будучыні ініцыятыва плянуе перадаць мапу ў Нясьвіскі палац як грамадзкі падарунак. Да вяртаньня на радзіму мапа будзе выстаўляцца падчас імпрэзаў за межамі Беларусі.
Радзівіл Сіротка хацеў прэзэнтаваць Эўропе цывілізаваную, урбанізаваную дзяржаву ды зьняпраўдзіць тагачасныя апісаньні замежнікаў аб непраходных лясах, населеных паўдзікімі плямёнамі. Мапа павінна была зьмяшчаць геаграфічную, палітычную і гістарычную інфармацыю. Адзін з дакладна вызначаных аўтараў эскіза карты — нясьвіскі гравёр Тамаш Макоўскі.
Мапу набылі ў Літве на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Сяргея Казлоўскага, Ані Буглаковай, Уладзімера Гарлача і Дзьмітрыя Падалінскага.
«Радзівілаўская мапа ВКЛ — помнік сусьветнага картаграфічнага мастацтва, які амаль на два стагодзьдзі сфармаваў вобраз ВКЛ у эўрапейскай картаграфіі. Гэта сьведчаньне моцы дзяржаўных эліт, інтэлектуальнай сьпеласьці і эканамічнай заможнасьці тагачаснай Беларусі», — падкрэсьліў Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы Maldzis.
Першаўзор Радзівілаўскай мапы быў створаны, верагодна, у Нясьвіжы блізу 1603 году, але да нашых часоў не дайшоў — пакуль лічыцца страчаным.
Шырокую вядомасьць мапа набыла дзякуючы выданьню 1613 году ў Амстэрдаме ў картаграфічнай майстэрні Вілема Янсзона Блаў. Адзіная вядомая арыгінальная насьценная Радзівілаўская карта 1613 году знаходзіцца ў бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі ў Веймары (Нямеччына).
На адваротным баку набытай мапы надрукаваны пачатак лацінскага тэксту пад назвай «Descriptio Lithuaniae» («Апісаньне Літвы»), што робіць гэтае выданьне адметным сярод іншых амаль 20 выпускаў Радзівілаўскай карты, якія былі надрукаваныя з 1613 да 1670 году.
Форум