Санкцыі плянуюць ухваліць да трэцяй гадавіны з дня расейскага поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, якое падтрымаў рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Як адзначаецца ў праектах рашэньняў, якія ёсьць у распараджэньні Свабоды, Эўразьвяз прапануе забараніць пастаўкі ў Беларусь і празь яе тэрыторыю тавараў і тэхналёгій, каторыя могуць спрыяць тэхналягічнаму ўдасканаленьню сэктару абароны і бясьпекі Беларусі.
У прыватнасьці, гаворка ідзе аб прадукцыі, якую выкарыстоўвае Расея ў вайне супраць Украіны, неабходную для распрацоўкі, вытворчасьці і падтрыманьня вайсковых сыстэм, у тым ліку хімічныя прэкурсары для спэцыяльных сродкаў, што выкарыстоўваюць сілавыя органы, а таксама забарона на пастаўкі матэрыялаў для вытворчасьці бесьпілётных лятальных апаратаў. Апроч таго, прапануюць абмежаваць пастаўкі зь Беларусі першаснага алюмінію, якія выкарыстоўвалі для дывэрсыфікацыі даходаў.
Забарона пашыраецца на транзыт празь Беларусь тавараў, якія могуць садзейнічаць нарошчваньню беларускіх прамысловых магутнасьцяў і машынабудаваньня.
Усю прадукцыя, пастаўкі якой прапануюць забараніць, падзялілі на 10 катэгорый:
- Электроніка (электронныя прылады і кампанэнты, у тым ліку мікрасхемы, працэсары, інтэгральныя схемы, праваднікі, электрамодулі, абсталяваньне і інш.);
- Кампутары і спэцыяльныя кампанэнты для іх (не датычыцца тавараў для асабістага карыстаньня фізычных асобаў);
- Тэлекамунікацыйнае абсталяваньне (для працы пры надзвычай нізкіх і высокіх тэмпэратурах, сыстэмы перадачы зьвестак і кампанэнты для іх, рэтрансьляцыйнае абсталяваньне, транскодэры, абсталяваньне для шыфраваньня і крыптаграфіі і інш.);
- Датчыкі і лазэры (марское або наземнае акустычнае абсталяваньне, здольнае выяўляць або вызначаць месцазнаходжаньне падводных аб’ектаў і кампанэнты да іх, аптычныя датчыкі, камэры, аптычныя фільтры і інш.);
- Навігацыя і авіятэхніка (бартавое абсталяваньне сувязі, усе інэрцыйныя навігацыйныя сыстэмы для самалётаў і іншае авіяцыйнае абсталяваньне і кампанэнты да іх, і інш.);
- Судны, марскія сыстэмы або абсталяваньне і спэцыяльна распрацаваныя для іх кампанэнты (тэлевізійныя сыстэмы, падводныя тэлекамэры і інш.);
- Аэракасьмічныя ўстаноўкі і рухавікі (дызэльныя рухавікі, трактары і спэцыяльна распрацаваныя кампанэнты для іх, колавыя і дарожныя цягачы грузападымальнасьцю 9 тон і больш і інш.);
- Іншая прадукцыя (абсталяваньне для здабычы або разьведваньня нафты, сыстэмы кантролю газу і дэтэктары для іх, абсталяваньне для сэйсмалягічных вымярэньняў, хімічныя рэчывы для электроннай прамысловасьці і інш.);
- Спэцыяльныя матэрыялы і спадарожнае абсталяваньне (хімічныя рэчывы, якія ўваходзяць у склад сьлезацечнага газу, дымавыя шашкі, балёнчыкі, гранаты і іншыя піратэхнічныя вырабы двайнога прызначэньня і кампанэнты да іх, парашкі і фарбавальнікі для зьняцьця адбіткаў пальцаў, дазымэтры і інш.);
- Апрацоўваньне матэрыялаў (абсталяваньне для выяўленьня і ідэнтыфікацыі выбуховых рэчываў або дэтанатараў і інш.).
У праектах рашэньняў Эўразьвязу адсутнічаюць прапановы аб пэрсанальных санкцыях датычна да прадстаўнікоў улады Беларусі, камэрцыйных і дзяржаўных кампаній.
Эўразьвяз прапанаваў увесьці санкцыі супраць расейскіх СМІ, у тым ліку дзяржаўнага агенцтва ТАСС, банкаў, караблёў гандлёвага флёту, шэрагу расейскіх прадпрыемстваў, а таксама кампаній з Узбэкістану, Казахстану, Кіргізстану, Індыі, Ірану, Кітаю, Турэччыны і іншых краін, за пастаўкі ў Расею прадукцыі двайнога прызначэньня.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.
Форум