Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Тыдні высокай моды ў Парыжы прагучала музыка беларускай сьпявачкі Palina


Palina, архіўнае фота
Palina, архіўнае фота

Новую калекцыю лібанскага шматнацыянальнага дома моды Джорджа Хабэйка (Georges Hobeika) прэзэнтавалі на Тыдні высокай моды ў Парыжы пад музыку беларускай сьпявачкі і аўтаркі песень Palina. Пра супрацоўніцтва з сусьветна вядомым дызайнэрам сьпявачка расказала ў сваім Інстаграме.

«Мара! Я напісала музыку для паказу моднага дому Georges Hobeika і, можна сказаць, пабывала на тыдні высокай моды ў Парыжы (ня целам, а справай)», — напісала Palina і апублікавала відэа з паказу.

Паводле сьпявачкі, паказ прысьвечаны маці Джорджа, якой ня стала ў мінулым годзе.

«Для мяне гэта гісторыя пра душу, сувязь, каханьне і сьмерць як цуд і падарожжа», — напісала Palina.

Palina (да 2018 — Паліна Рэспубліка, сапраўднае імя Паліна Паланейчык) — беларуская сьпявачка і аўтарка песень. Яе рэпэртуар складаецца пераважна з уласных песень, яна пяе на беларускай, расейскай, украінскай і францускай мовах. Першы сольны канцэрт дала ў Менску 24 сьнежня 2011 году. У 2011 годзе стала пераможцай 18-га фэстывалю аўтарскай песьні «Бардаўская восень» ў Бельску-Падляскім (Польшча). «Адкрыцьцё году» па вэрсіі Tuzin.fm (2011 год), ляўрэатка прэміі Ultra-Music Awards у намінацыі «Адкрыцьцё году» (2012). У 2018 годзе музычны партал Tuzin.fm разам з Letapis.by уключыў яе песьню «Як ты» ў топ «60 беларускамоўных гітоў сучаснасьці» (сьпіс найлепшых песень, выдадзеных з 1988 году).

Georges Hobeika — сусьветна вядомы дом моды прэміюм-сэгмэнту, заснаваны лібанскім дызайнэрам Джорджам Хабэйкам. Ён быў адным з васьмі дзяцей у сям’і швачкі, упершыню ўзяў іголку ў рукі ў атэлье маці. Спачатку Хабэйка вучыўся на архітэктара, але з прычыны грамадзянскай вайны мусіў пакінуць Лібан — разам зь сямʼёй ён перабраўся ў Парыж. Стажаваўся ў модных дамах, адным зь якіх быў Chanel. Першую модную студыю адкрыў пасьля вяртаньня ў Лібан у 1995 годзе, маці стала ягонай галоўнай памочніцай у бізнэсе. Праз 6 гадоў Джордж вярнуўся ў Парыж, каб прадставіць першую калекцыю. Сярод зорак, якія супрацоўнічаюць з домам Hobeika, — Джэніфэр Лопэс, Лэдзі Гага, Кайлі Міноўг, Моніка Бэлучы, Кэтрын Зэта Джонс, іншыя зоркі і прадстаўнікі каралеўскіх семʼяў.

Тыдзень моды ў Парыжы праходзіць з 27 па 30 студзеня, на паказах прадстаўляюць калекцыі вясны-лета 2025 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG