Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мона Ліза пераяжджае. Макрон расказаў пра маштабную перабудову Люўра


Прэзыдэнт Макрон у Люўры.
Прэзыдэнт Макрон у Люўры.

У Францыі абвешчана аб плянах маштабнай рэканструкцыі Люўра, які ўстойліва займае першае месца ў рэйтынгу самых наведвальных музэяў сьвету, піша ВВС.

Падчас рэканструкцыі самы вядомы экспанат Люўра — карціна Леанарда да Вінчы «Мона Ліза» — «пераедзе» ў новае памяшканьне, дзе на палатно можна будзе зірнуць асобна ад астатняй калекцыі музэю, за асобную плату.

Пра маштабныя пляны рэканструкцыі прэзыдэнт Эманюэль Макрон расказаў журналістам і парыскаму бамонду, стоячы менавіта пад гэтым шэдэўрам Леанарда.

Апроч асобнага памяшканьня для «Джаконды», у музэі павінен зьявіцца другі ўваход для турыстаў, каб разгрузіць асноўную дарогу ў музэй — праз славутую шкляную піраміду на плошчы перад палацам.

Па словах Макрона, які выступіў ініцыятарам праекту «Новы Рэнэсанс», усе працы павінны заняць каля пяці гадоў, і абноўлены Люўр адчыніць свае дзьверы наведнікам не пазьней за 2031 год.

Прыкладна тры чвэрці з 30 тысяч штодзённых наведнікаў музэю прыходзяць паглядзець у першую чаргу менавіта на знакамітую карціну Леанарда да Вінчы. Аднак з прычыны неверагоднай папулярнасьці партрэта наглядчыкі і ахова Люўра бесьперапынна праганяюць натоўп праз Залю Мастацтваў, даючы ім на тое, каб разгледзець карціну і зрабіць фатаграфію, у сярэднім каля 50 сэкундаў.

Згодна з праектам Макрона, перароблены будзе ўсходні фасад палаца. Сёньня гэта клясычная калянада, зьвернутая да сухога штучнага рова і эсплянады, якая выкарыстоўваецца мала.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG