Гэта найбуйнейшая замежная група работнікаў у краіне. На другім месцы ўкраінцы, якіх у літоўскай эканоміцы крыху больш за 46 тысяч.
Паводле слоў намесьніцы дырэктара Службы занятасьці Гедрэ Сінкявічэ, з 2022 году колькасьць беларускіх работнікаў у Літве павялічылася на 33,6 тыс. чалавек.
Адзначаецца, што больш за ўсё беларускіх грамадзян працуе на прадпрыемствах транспартна-лягістычнай галіны (33,1 тыс.) і ў будаўніцтве (5,6 тыс.).
Найбольшы рост назіраецца ў фінансавай і страхавой дзейнасьці: на пачатак 2022-га там працавалі сем беларусаў, цяпер — 114. Такая ж тэндэнцыя ў ІТ-галіне — рост з 631 да 3,5 тыс.
У апрацоўчай прамысловасьці працуе амаль утрая больш грамадзян Беларусі, чым у 2022-м, — 1,3 тыс. чалавек; у сфэры рамонту аўтатранспартных сродкаў і матацыклаў — у чатыры разы (звыш 1 тыс.); у адміністрацыйнай і сэрвіснай дзейнасьці — у восем разоў (541); у сфэры паслуг разьмяшчэньня і грамадзкага харчаваньня — у сем разоў (473).
Удакладняецца, што ў Літве беларусы ў асноўным займаюць працоўныя месцы сярэдняй кваліфікацыі (40,9 тыс.). Цяпер на такіх пазыцыях занята ў паўтара раза больш людзей, чым па стане на 1 студзеня 2022 году.
«Колькасьць беларусаў, занятых на высокакваліфікаваных працоўных месцах, павялічылася больш як у пяць разоў — цяпер іх 5,2 тыс., тады як у 2022 годзе яна не дасягала і тысячы (895)», — адзначыла Сінкявічэ.
- Раней паведамлялася, што ў 2024 годзе 598 грамадзян Беларусі былі прызнаныя ў Літве пагрозай нацыянальнай бясьпецы. 179-і адмовілі ў выдачы часовага дазволу на жыхарства ў Літве, 232-м не працягнулі дзеяньне гэтага дакумэнту. Дазволы на жыхарства былі скасаваныя для 175 беларусаў. Яшчэ тром ня выдалі пастаянны від на жыхарства, дзевяцёх пазбавілі гэтага дакумэнту.
Форум