Асобы з расейскім, беларускім і кітайскім грамадзянствам ня змогуць служыць ва Ўзброеных сілах Літвы і быць у Літоўскім саюзе стралкоў, паведамляе LRT.
19 сьнежня літоўскі Сейм прыняў папраўкі да адпаведных законаў. Згодна зь імі асобаў, якія маюць грамадзянства Беларусі, Расеі ці Кітаю, ня будуць прымаць на прафэсійную вайсковую службу, на службу ў добраахвотніцкіх сілах або іншую добраахвотную непастаянную вайсковую службу, а таксама на абавязковую вайсковую службу.
Калі вайсковец, які ўжо служыць ва ўзброеных сілах, атрымае грамадзянства адной з гэтых краін, яго звольняць са службы.
Дзейнае заканадаўства не прадугледжвала забароны на службу ва Ўзброеных сілах Літвы асобаў з падвойным грамадзянствам.
Ініцыятар гэтых прапановаў, былы міністар абароны Лаўрынас Кашчунас, раней казаў агенцтву BNS, што наяўнасьць расейскага і беларускага грамадзянства стварае рызыку для даверу да такіх асобаў.
У лістападзе Ўзброеныя сілы Літвы паведамілі BNS, што ў літоўскім войску служаць 11 чалавек з грамадзянствам Літвы і Расеі ці Беларусі. Агулам ва Ўзброеных сілах Літвы служаць каля 20 тысяч чалавек.
У студзені 2024 году ўрад Літвы зацьвердзіў сьпіс краінаў, у якія вайскоўцам і службовым асобам забаронена выяжджаць, бо гэтыя дзяржавы становяць «пагрозу нацыянальнай бясьпецы». У сьпіс увайшлі тры краіны — Беларусь, Кітай і Расея.
Літоўскі саюз стралкоў — непалітычная грамадзкая ваенізаваная арганізацыя, асаблівая структура пад кіраваньнем ураду Літвы. Фактычна гэта арганізаванае апалчэньне, якое паклікана навучаць цывільнае насельніцтва самаабароне, вядзеньню пры неабходнасьці партызанскай вайны, збору зьвестак і грамадзянскаму супраціву. Таксама на арганізацыю ўскладзеныя задачы падтрымкі органаў правапарадку, аховы краю і мясцовага самакіраваньня. Арганізацыя налічвае больш за 16 тысяч сяброў.
У жніўні 2022 году ў Літве заявілі пра стварэньне беларускага падразьдзелу пры Саюзе стралкоў Літвы. Да гэтага ў Саюз прымалі толькі грамадзян Літвы, беларусы сталі першымі іншаземцамі ў шэрагах арганізацыі.
У верасьні 2023 году Літоўскі саюз стралкоў заявіў, што спыняе супрацоўніцтва зь беларускім клюбам «Ліцвіны» — саюзам беларусаў, якія жывуць у Літве і разам праходзяць тактычныя вучэньні, курсы па самаабароне, фізпадрыхтоўцы, вучацца абыходжаньню са зброяй.
Форум