Адначасова аб пажары на прылеглай да Беларусі тэрыторыі паведамілі і ва Ўкраіне.
У Драгічынскім раёне да месца пажару не маглі дабрацца
У Берасьцейскім упраўленьні Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі паведамілі аб пажары на тэрыторыі рэспубліканскага ляндшафтнага заказьніку «Званец», які было вельмі складана патушыць праз адсутнасьць зручных пад’язных дарог.
Аб першым у новым годзе пажары ў экасыстэме 28 студзеня паведамілі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі. Мясцовая раённая газэта drogichin.by толькі перадрукавала гэтае паведамленьне, без удакладненьняў.
Сьцьвярджалася, што пажар пачаўся на балоцістай мясцовасьці каля вёскі Ражное Драгічынскага раёну, гэта прыблізна 13,2 кілямэтра ад мяжы з Украінай і за 18,5 кілямэтра да найбліжэйшага населенага пункту Валынскай вобласьці Ўкраіны. У той жа час простай дарогі зь Беларусі ва Ўкраіну на гэтым кірунку няма.
«Тушэньне пажару ўскладнена адсутнасьцю пад’язных дарог і забалочанай мясцовасьцю. Пагрозы населеным пунктам няма, разам з тым адлегласьць да дзяржаўнага ляснога фонду складае каля 2-3 кілямэтры», — адзначалі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі.
У Берасьцейскім абласным упраўленьні МНС раніцай 29 студзеня паведамілі, што на месцы пажару дзяжурылі 9 адзінак тэхнікі і 20 чалавек, каб не пусьціць агонь далей.
«Сёньня ўначы ў выніку ападкаў і дасягненьня фронтам пажару натуральных водных перашкод адбылося самазатуханьне, пажар зьліквідаваны. Прыблізная плошча, якую прайшоў фронт пажару, склала 8 гектараў», — адзначаецца ў паведамленьні.
Ва Ўкраіне назвалі магчымую прычыну пажару
Адметна, што на сумежнай украінскай тэрыторыі, дзе знаходзіцца нацыянальны парк «Прыпяць-Стаход», з 27 студзеня таксама змагаліся з пажарам — гарэла сухая трава.
Агонь распаўсюдзіўся ва ўрочышчы Тарапелька паміж вёскамі Ветлы і Мукошын у памежным зь Беларусьсю Камінь-Кашырскім раёне Валынскай вобласьці. Адсюль наўпрост да месца беларускага пажару прыблізна 20,2 кілямэтра. Але ў Валынскім упраўленьні Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацыяў сьцьвярджаюць, што агонь не дайшоў да мяжы зь Беларусьсю.
Для тушэньня агню, які месцамі дасягаў вышыні ў 10-12 мэтраў, 30 украінскіх ратавальнікаў выкарыстоўвалі квадрацыклы, балотаход і мотапомпу. Лякалізаваць пажар удалося толькі апоўдні 28 студзеня, а пасьля абеду і зьліквідаваць.
«Пэўна, пажар стаў вынікам неасьцярожнага абыходжаньня з агнём невядомымі асобамі. Працягваюцца захады для выяўленьня грамадзян, датычных да ўзьнікненьня гэтага пажару», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскіх выратавальнікаў.
Адзін з маршрутаў кантрабанды і незаконнага перасячэньня мяжы
На гэтай лініі па абодва бакі мяжы — і на тэрыторыі Беларусі, і на тэрыторыі Ўкраіны — пераважна балоцістая мясцовасьць. Дарогі наўпрост празь мяжу няма. Але гэты маршрут выкарыстоўвалі ў свой час для кантрабанды тытуню зь Беларусі, а цяпер — для незаконнага перасячэньня мяжы ўцекачы ад мабілізацыі ва Ўкраіне.
Прынамсі, у Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў Украіны ёсьць некалькі дакумэнтаў, паводле якіх асуджана некалькі грамадзян Украіны, якіх затрымлівалі недалёка ад мяжы ў сяле Ветлы (дзе цяпер быў пажар, 7 кілямэтраў да мяжы зь Беларусьсю. — РС) і ў населеным пункце Шчыцінская Воля (1,5 кілямэтра да мяжы). Наколькі масавым для незаконнага перасячэньня мяжы зьяўляецца гэты маршрут, пакуль ацаніць складана.
Вядома, што з пачатку году сьледчыя Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны правялі адначасова за некалькі дзён прыблізна 800 ператрусаў у 19 абласьцях Украіны, у тым ліку ў Валынскай, у справах аб незаконным перасячэньні мяжы.
Форум