Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Алясцы падчас навучальнага палёту разьбіўся зьнішчальнік F-35


Амэрыканскі самалёт F-35. Ілюстрацыйнае фота
Амэрыканскі самалёт F-35. Ілюстрацыйнае фота

Перад крушэньнем пілёт паведаміў аб аварыйнай сытуацыі.

Аднамесны зьнішчальнік F-35 разьбіўся ў аўторак падчас навучальнага палёту на авіябазе «Эйэльсан» на Алясцы, аднак пілёт ВПС ЗША не пацярпеў, паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на Associated Press.

Камандзір 354-га авіякрыла палкоўнік Пол Таўнсэнд паведаміў на прэс-канфэрэнцыі, што ў пілёта ўзьнікла «няспраўнасьць у палёце», пасьля чаго ён катапультаваўся. Самалёт разьбіўся пры пасадцы.

Перад крушэньнем пілёт аб’явіў аб аварыйнай сытуацыі. Ягоны стан стабільны, ён праходзіць абсьледаваньне ў мэдыцынскай установе.

У заяве ВПС зазначаецца, што самалёт атрымаў значныя пашкоджаньні.

Авіябаза «Эйэльсан» разьмешчаная прыкладна за 40 км на поўдзень ад Фэрбэнксу.

Таўнсэнд запэўніў, што ВПС ЗША правядуць «дбайнае расьследаваньне, каб мінімізаваць імавернасьць падобных здарэньняў».

У 2016 годзе база «Эйэльсан» была выбраная для разьмяшчэньня 54 зьнішчальнікаў F-35.

F-35 можа знаходзіцца ў паветры больш за 12 гадзін і за адзін палёт дасягнуць практычна любога пункту ў Паўночным паўшарʼі.

У траўні 2024 году зьнішчальнік F-35, які накіроўваўся з Тэхасу на авіябазу «Эдвардс» пад Лос-Анджэлесам, разьбіўся пасьля дазапраўкі ў Нью-Мэхіка. Пілёт атрымаў сурʼёзныя траўмы.

У кастрычніку Корпус марской пяхоты завяршыў расьсьледаваньне другога інцыдэнту з F-35, які адбыўся ў 2023 годзе. Было прызнана, што пілёт катапультаваўся безь неабходнасьці, у выніку чаго зьнішчальнік ляцеў без кіраваньня 11 хвілін, перш чым разьбіцца ў сельскай мясцовасьці ў Паўднёвай Караліне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG