Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У NATO пацьвердзілі, што Расея рыхтавала замах на кіраўніка кампаніі Rheinmetall, якая вырабляе зброю для Ўкраіны


Кіраўнік нямецкай кампаніі Rheinmetall Армін Папэргэр, архіўнае фота
Кіраўнік нямецкай кампаніі Rheinmetall Армін Папэргэр, архіўнае фота

Расея плянавала забіць кіраўніка нямецкай кампаніі — вытворцы зброі Rheinmetall Арміна Папэргэра. Гэту інфармацыю, раней агучаную ў СМІ, пацьвердзіў намесьнік памочніка генсакратара NATO Джэймс Апатурай на паседжаньні камітэта Эўрапейскага парлямэнта па гібрыднай вайне, піша Politico.

Паводле Джэймса Апатурай, забойства Папэргэра, якое сарвалі службы выведкі ЗША і Нямеччыны, было часткай расейскага пляну па ліквідацыі кіраўнікоў абаронных прадпрыемстваў па ўсёй Эўропе.

«За апошнія пару гадоў мы былі сьведкамі выпадкаў сабатажу ў краінах NATO, такіх як сход цягнікоў з рэек, падпалы, напады на маёмасьць палітыкаў, а таксама змовы з мэтай забойства лідэраў галіны, як, напрыклад, выпадак з кіраўніком Rheinmetall. Аднак былі і іншыя змовы», — заявіў Апатурай.

Чыноўнік адзначыў, што Расея вэрбуе людзей для такіх апэрацый праз інтэрнэт. Выканаўцамі, паводле яго, часта становяцца «злачынныя групоўкі, моладзь, якая нічога не падазрае, або мігранты».

Аб тым, што Расея рыхтавала замах на Папэргэра, у ліпені 2024 году паведаміла СNN са спасылкай на пецярых амэрыканскіх і заходніх чыноўнікаў. Паводле іх, пра пляны расейскіх уладаў спачатку даведаліся ЗША, а потым амэрыканская выведка паведаміла пра гэта калегам зь Нямеччыны, якія змаглі абараніць Папэргэра.

Rheinmetall — найбуйнейшы ў Нямеччыне канцэрн па вытворчасьці зброі і вайсковай тэхнікі, якую пастаўляюць у тым ліку Ўкраіне. Кампанія адкрывае ва Ўкраіне завод па вытворчасьці і рамонце бронятэхнікі, а таксама плянуе пабудаваць яшчэ некалькі заводаў, у прыватнасьці прадпрыемства па вытворчасьці артылерыйскіх снарадаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG