Больш за 400 беларускіх спэцыялістаў у інфарматыцы страціў летась ІТ-сэктар Літвы. Такія лічбы агучыў літоўскі тэлеканал TV3 са спасылкай на зьвесткі міграцыйных службаў, заўважыў Devby.io.
Паводле інфармацыі тэлеканалу, цяпер у Літве працуюць 3605 беларускіх спэцыялістаў гэтага сэктару, а на пачатку 2024 году такіх спэцыялістаў было больш за 4 тысячы. Такім чынам, за 2024 год ІТ-сэктар страціў больш за 10% беларусаў.
Зьвесткі TV-3 пра адток беларускіх ІТ-спэцыялістаў зь Літвы прыкладна супадаюць з інфармацыяй dev.by пра скарачэньне за мінулы год штату больш як 20 літоўскіх ІТ-кампаній зь беларускімі каранямі.
Яшчэ на пачатку 2024 году больш як у 20 вядомых ІТ-кампаніях зь беларускімі каранямі ў Літве працавалі амаль 3,9 тысячы супрацоўнікаў. На гэты момант у офісах зарэгістравана толькі 3,4 тысячы спэцыялістаў.
Сярод магчымых прычынаў ад'езду спэцыялістаў зь Літвы выданьне называе аптымізацыю ІТ-кампаніямі выдаткаў на пэрсанал ва ўмовах нестабільнага попыту на рынку паслуг, дэфіцыту праектаў і інш. (адных супрацоўнікаў кампаніі звальняюць, другіх пераводзяць у іншыя лякацыі), непасьлядоўную міграцыйную палітыку Літвы, калі ануляваньні ДНЖ беларусам (у тым ліку айцішнікам) «цяпер ня рэдкасьць», а таксама пошук айцішнікамі новай працы ў іншых краінах.
Паводле зьвестак Дэпартамэнту міграцыі Літвы, на пачатку 2025 году ў Літве жылі 57 511 грамадзян Беларусі, якія маюць дазвол на жыхарства. За мінулы год колькасьць беларусаў з ДНЖ скарацілася на 7,5%, або на больш як 4,6 тысячы чалавек.
Дзьве буйныя кампаніі зь беларускімі каранямі, EPAM і Wargaming, застаюцца найбуйнейшымі падаткаплатнікамі ў літоўскім ІТ. Так, EPAM Sistemos па выніках 9 месяцаў 2024 году сплаціла ў літоўскі бюджэт 13,7 мільёна эўра, літоўская дачка Wargaming за студзень-верасень прынесла бюджэту Літвы амаль 10,3 млн эўра. У топ-50 падаткаплатнікаў у Літве летась увайшлі яшчэ 4 кампаніі зь беларускімі каранямі: Gurtam прынесла літоўскаму бюджэту за 9 месяцаў мінулага году 1,15 млн эўра, Flo — 2,6 млн эўра, MA (экс-Melsoft) — амаль 3 млн эўра падаткаў, Andersen — 2,3 млн эўра.
Форум