Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яго апошняе жаданьне — вярнуцца дадому апраўданым». У Польшчы памёр былы гендырэктар «Пінскдрэву»


Ларан Арыніч, архіўнае фота
Ларан Арыніч, архіўнае фота

У Польшчы 26 студзеня памёр былы гендырэктар «Пінскдрэва» Ларан Арыніч, паведамляе выданьне MOST са спасылкай на знаёмых сям’і. Ён 14 гадоў спрабаваў даказаць сваю невінаватасьць і бясьпечна вярнуцца дадому, але так і не пасьпеў.

Як расказала крыніца MOST, у сьнежні 2024 году ў 88-гадовага Ларана Арыніча знайшлі пухліну. У 10-х чыслах яго праапэравалі, пасьля чаго выпісалі. Першы час пасьля апэрацыі яго даглядалі дома, а потым перавезьлі ў дом састарэлых. Там ён прабыў крыху больш за тыдзень і памёр.

«Яго апошняе жаданьне было вярнуцца дадому апраўданым», — расказаў суразмоўца.

Пахаваюць Ларана Арыніча ў Беларусі.

Ларан Арыніч нарадзіўся ў 1936 годзе ў сямʼі ссыльных сялян. Толькі ў 1950 годзе сямʼя атрымала дазвол на вяртаньне ў Беларусь. Яшчэ ў савецкія гады Арыніч узначаліў «Пінскдрэў», а потым стаў адным з ключавых акцыянэраў прадпрыемства.

25 кастрычніка 2010 году на заводзе «Піснкдрэў-ДСП» адбыўся выбух, які забраў жыцьці 14 чалавек. Арыніч стаў адным з чатырох абвінавачаных, і сямʼя вырашыла, што яму больш бясьпечна будзе зьехаць з краіны. У Польшчы ён жыў за кошт сваякоў і сацыяльных дапамог: акцыяў прадпрыемстваў ён пазбавіўся.

Арыніч не прызнаў віны і 14 гадоў спрабаваў даказаць сваю невінаватасьць. Ягонай апошняй спробай зрабіць гэта быў ліст у прэзыдыюм Усебеларускага народнага сходу. Як ён расказваў MOST, ён прапанаваў чатыром сваім былым супрацоўнікам, якія ўжо на пэнсіі, сабраць подпісы пад гэтым лістом, але ўсе адмовіліся.

У ліпені 2024 году Ларан Арыніч даў вялікае інтэрвію MOST, у якім падрабязна выклаў сваю вэрсію трагедыі на заводзе і расказаў, што хоча вярнуцца ў Беларусь пасьля заканчэньня тэрміну даўнасьці. У ягоным выпадку гэта 15 гадоў — вяртаньне магло адбыцца ўжо ў 2025 годзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG