Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы выйшла кніга пра страчаны шанец эўрапейскага выбару Беларусі. ФОТА


Марцін Вайцяхоўскі з сваёй кнігай пра эўрапейскі выбар Беларусі
Марцін Вайцяхоўскі з сваёй кнігай пра эўрапейскі выбар Беларусі

У Варшаве прайшла прэзэнтацыя кнігі дыплямата Марціна Вайцяхоўскага «Эўрапейскі выбар Беларусі — страчаны шанец?». Яе аўтар чатыры гады кіраваў амбасадай Польшчы ў Менску — у той час, калі адносіны дзьвюх краін дайшлі да найгоршага ўзроўню.

Прэзэнтацыя кнігі «Эўрапейскі выбар Беларусі — страчаны шанец?», якая выйшла ў Польскім інстытуце міжнародных спраў, адбылася на наступны дзень пасьля выбараў 26 студзеня ў Беларусі.

Яна была прымеркаваная да дыскусіі «Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі», арганізаванай інстытутам з удзелам аўтара кнігі, дыплямата Марціна Вайцяхоўскага, польскай журналісткі Арлеты Бойке, намесьніка прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту Арцёма Брухана і аналітыка праекту Polityka Insight, супрацоўніцы Польскага інстытуту міжнародных адносінаў Анны Марыі Дынэр.

Зьлева направа: Арцём Брухан, Анна Марыя Дынэр, Марцін Вайцяхоўскі, Арлета Бойкэ, Варшава, Польшча. 27 студзеня 2025
Супрацоўнік МЗС Польшчы Марцін Вайцяхоўскі прэзэнтуе кнігу пра Беларусь. Варшава, 27 студзеня 2025

«Я вырашыў напісаць кнігу, сярод іншага, менавіта для таго, каб растлумачыць, як стаяць справы ў Беларусі і чаму ўсё так, як ёсьць. Такой інфармацыі ніколі не бывае зашмат», — сказаў Марцін Вайцяхоўскі, часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Беларусі (2020–2024), аўтар кнігі «Эўрапейскі выбар Беларусі — страчаны шанец?».

Ён падкрэсьліў, што, магчыма, беларусы, якія цяпер знаходзяцца ў Польшчы, — як палітычныя актывісты, так і прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый — маглі б актыўней тлумачыць палякам, якая сытуацыя ў Беларусі.

Пры гэтым дыплямат адзначыў, што нават пры спробе інфармаваньня пра сытуацыю ў Беларусі цікавасьць да яе часьцей за ўсё ўзьнікае, калі адбываюцца такія падзеі, як выбары, крызісы або рэпрэсіі.

Марцін Вайцяхоўскі падпісвае сваю кнігу «Эўрапейскі выбар Беларусі — страчаны шанец?»
Марцін Вайцяхоўскі падпісвае сваю кнігу «Эўрапейскі выбар Беларусі — страчаны шанец?»

У 20 разьдзелах сваёй кнігі Вайцяхоўскі спрабаваў знайсьці адказы на пытаньні: якая на самой справе Беларусь? Ці добра ведаюць палякі свайго суседа? Ці разумеюць палякі беларусаў, ці правільна ацэньваюць і разумеюць іх імкненьні?

Кніга «Эўрапейскі выбар Беларусі — страчаны шанец?»
Кніга «Эўрапейскі выбар Беларусі — страчаны шанец?»

Сярод іншага, ён закрануў такія тэмы, як пэрыяд пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе, сьмерць міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея, прымусовая пасадка самалёта Ryanair з апазыцыйным блогерам Раманам Пратасевічам, гісторыя палітвязьня Анджэя Пачобута і іншае.

  • Марцін Вайцяхоўскі (нар. у 1975 г.) — журналіст і дыплямат. Працаваў карэспандэнтам на Балканах, ва Ўкраіне і ў Расеі.
  • На працягу многіх гадоў быў зьвязаны з польскім выданьнем Gazeta Wyborcza.
  • Публікаваўся таксама ў выданьнях «Nowa Europa Wschodnia» і «Polityka», а дэбютаваў у «Tygodniku Powszechnym», а таксама ў часопісе «Polis: pismo o sztuce życia publicznego».
  • Быў віцэ-прэзыдэнтам Фонду міжнароднай салідарнасьці, які падтрымліваў дэмакратычныя працэсы і трансфармацыі, у асноўным ва Ўсходняй Эўропе.
  • У 2013–2015 гадах займаў пасаду прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў.
  • З 2016 да канца 2023 году працаваў у пасольстве Рэспублікі Польшча ў Менску, дзе быў прэс-сакратаром, кіраўніком палітычнага аддзелу, намесьнікам пасла, а ў 2020–2023 гадах — часовым павераным у справах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG