Прызначылі новы суд над палітвязьнем Уладзімерам Кнігай
Стала вядома, што 5 лютага суд Барысаўскага раёну будзе разглядаць ужо другую справу супраць палітвязьня Ўладзімера Кнігі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі калёніі). Працэс будзе весьці судзьдзя Людміла Зінкевіч, паведамляе «Вясна».
Палітвязьню пагражае яшчэ да 1 году зьняволеньня.
Фігуранта «справы Ціханоўскага» Ўладзімера Кнігу ўтрымліваюць у няволі амаль чатыры з паловай гады, зь іх больш за год і тры месяцы — у рэжыме інкамунікада бяз сувязі са зьнешнім сьветам.
Летась палітвязьню дадалі яшчэ адзін год зьняволеньня паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі) і перавялі яго ў барысаўскую калёнію № 14. Паводле зьвестак «Вясны», там на Ўладзімера Кнігу працягваюць ціснуць: яго зьмясьцілі ў ПКТ і рэгулярна выпісваюць новыя парушэньні, таксама палітвязьня пазбавілі перадач, спатканьняў і званкоў.
Сама меней траіх чалавек будуць судзіць у Менску за «парушэньне заканадаўства аб выбарах»
У судзе Ленінскага раёну Менску 28 студзеня будуць разглядаць ажно тры справы паводле арт. 10.9 КаАП (парушэньне заканадаўства аб выбарах, рэфэрэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян). Гэты артыкул прадугледжвае штраф памерам да 15 базавых велічыняў (630 рублёў), паведамляе «Вясна».
На лаве падсудных апынуцца Сяргей Дулевіч, Сяргей Шчэмер, а таксама Натальля Захарава-Прангішвілі. Іх усіх будзе судзіць Марына Клімчук.
Раней на прэс-канфэрэнцыі кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка распавёў, што падчас выбараў каля 600 бюлетэняў вынесьлі з выбарчых участкаў. Таксама паведамлялі пра завядзеньне 10 адміністрацыйных спраў за фатаграфаваньне бюлетэня.
У 2023 годзе ў Выбарчы кодэкс унесьлі папраўкі — цяпер за фота- і відэаздымку бюлетэня пагражае штраф у 15 базавых велічынь. Столькі ж можна атрымаць за вынас бюлетэня за межы выбарчага ўчастку.
Адміністратара пабліка «Падслухана Глыбокае» судзяць за пратэсты
У судзе Глыбоцкага раёну 7 лютага пачнуць судзіць прадпрымальніка Ігара Шкетава, якога сілавікі называюць адміністратарам Instagram-акаўнта «Падслухана Глыбокае», паведамляе «Вясна». Гэты паблік быў папулярны сярод жыхароў Глыбокага, на яго падпісана больш за тры тысячы чалавек.
Ігара Шкетава затрымалі ў сярэдзіне верасьня 2024 году. Зь ім зьнялі «пакаяльнае» відэа. Цяпер яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у такіх дзеяньнях»). Справу будзе разглядаць Андрэй Тарасевіч.
Гамельчука Юрыя Залатухіна будуць судзіць за «здраду дзяржаве»
У Гомельскім абласным судзе 6 лютага ў закрытым рэжыме пачнуць разглядаць справу 35-гадовага мясцовага жыхара Юрыя Залатухіна. Яго абвінавачваюць паводле арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Працэс будзе весьці судзьдзя Дзьмітрый Казлоў.
Пакуль невядома, у чым яго дакладна абвінавачваюць, піша «Вясна».
Мяркуючы па сацсетках, жонка Юрыя — украінка Ірына. Вядома, што Юрый пэўны час працаваў на будоўлі, але інфармацыі пра яго апошняе месяца працы няма.