Удзельнікі акцый выступалі ня толькі супраць палітыкі партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (АдН), але і супраць плянаў лідэра Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу Фрыдрыха Мэрца. Кандыдат у канцлеры ад ХДС прапанаваў узмацніць жорсткасьць міграцыйнай палітыкі, каб перахапіць галасы выбарцаў у АдН. Пры гэтым ён ня выключыў прыняцьця ў Бундэстагу сумесных рашэньняў з гэтай правапапулісцкай партыяй.
У Бэрліне мітынг прайшоў перад Брандэнбурскай брамай недалёка ад Бундэстагу і адміністрацыі канцлера. Пратэстоўцы скандавалі: «Мы — супрацьпажарная сьцяна супраць АдН!» На некаторых плякатах быў лёзунг: «„Альтэрнатыва для Нямеччыны” безальтэрнатыўна дурная».
Дэманстранты стварылі «ланцуг зь лямпачак», выступіўшы супраць узмацненьня АдН і іншых правых партый у Эўропе, а таксама супраць палітыкі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і ўмяшаньня амэрыканскага мільярдэра Ілана Маска ў перадвыбарчую кампанію ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы Нямеччыне.
Маск выступіў празь відэасувязь на арганізацыйным сходзе АдН у суботу. Мільярдэр выказаў партыі сваю падтрымку.
У Кёльне на акцыю былі заяўленыя 5 тысяч удзельнікаў. Дэманстрацыю пад лёзунгам «Безь пяці дванаццаць. На ўвесь голас за дэмакратыю» склікаў саюз «Кёльн выступае супраць». Яго падтрымалі розныя НКА, партыі, прафсаюзы і грамадзкія ініцыятывы.
Дэманстрацыі прайшлі таксама ў гарадах Хальле, Мюнстэры, Зыгене, Карлсруэ і Ноймюнстэры. На нядзельны вечар заплянаваныя дэманстрацыі ў іншых гарадах, у тым ліку ў Гамбургу.
Каля году таму па ўсёй Нямеччыне таксама прайшлі шматтысячныя мітынгі супраць правага экстрэмізму. Іх нагодай паслужыла дасьледаваньне сеткі Correctiv аб плянах АдН дэпартаваць з краіны мігрантаў і людзей зь ненямецкімі каранямі.
Форум