Паводле ўладнага экзыт-полу, вынікі якога апублікавала інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 87,6% выбарцаў, за Алега Гайдукевіча — 1,8% выбарцаў, за Ганну Канапацкую — 1,6%, Сяргей Сыранкоў набраў 2,7% галасоў, Аляксандр Хіжняк — 1,2%, супраць усіх нібыта прагаласавала 5,1%.
Яўка на выбарах, паводле Цэнтарвыбаркаму, склала 85,7%.
У сваім выступе перад журналістамі, Аляксандар Лукашэнка не абяцаў ніякіх зьменаў, спрачаўся пра палітвязьняў, у тым ліку, сказаў, што такія вязьні, як Віктар Бабарыка і Марыя Калесьнікава, ня вельмі хочуць на волю, пагражаў эмігрантам і ня змог сказаць, калі сыдзе з улады.
Кіраўніца дыпляматыі Эўразьвязу і сьпікерка Эўрапарлямэнту асудзілі «фіктыўныя выбары» ў Беларусі, заявы з асуджэньнем выбараў зрабілі кіраўнікі Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны, Нямеччыны. Таксама сёньня стала вядома, што Вугоршчына заблякавала сумесную заяву Эўразьвязу з асуджэньне несвабодных і недэмакратычных выбараў у Беларусі.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру "Вясна", у Менску заведзена каля 10 адміністрацыйных спраў за фотаздымку запоўненага бюлетэня.
У эфіры Свабоды бралі ўдзел экспэрты Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Шлык, Сяргей Чалы, Натальля Радзіна, Леся Руднік.
Сяргей Чалы спрагназаваў меркаваныя афіцыйныя вынікі галасаваньня
Аналітык Сяргей Чалы мяркуе, што ўлады хутчэй за ўсё абвесьцяць, што за Лукашэнку прагаласавалі ад 87 да 90% выбарнікаў. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка, па-ранейшаму жыве ў 2020 годзе.
«На сваім маратоне адзінства і на прэсавай канфэрэнцыі ён паўтарыў адну і тую ж думку, што „мы 26 студзеня нічога не вырашаем, мы ўсё вырашылі ў 2020 годзе., а цяпер нічога не зьмяняецца“, — сказаў Сяргей Чалы ў этэры Радыё Свабода „LIVE. Выбары ў Беларусі. Сёмы тэрмін Лукашэнкі“.
У той жа час аналітык мяркуе, што трэба зь перасьцярогай ставіцца да цяперашніх выказваньняў Лукашэнкі. „Ён цяпер на стадыі эўфарыі, ён сябе паводзіў, як вялікі геапалітычны лідэр, раздаючы парады Эрдагану, Армэніі, Малдове, палякам, амэрыканцам […] прыкладна так было і ў 2020 годзе […], а потым пройдзе час, спадзе адрэналін, і пасьля гэтага будуць зусім іншыя выказваньні, якія будуць зводзіцца да таго, што „мы цяпер павінны за год-два“ нешта там паправіць у краіне, і зноў думаць пра тое, дзе каго новага шукаць. Я лічу, што вось гэтае выказваньне пра „год-два“ нашмат больш важнае, чым наступная пяцігодка», — сказаў Сяргей Чалы.
Юры Дракахруст: нават у прыхільнікаў Лукашэнкі нараджаецца запыт на свабоду
Аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст мяркуе, што ў грамадзтве Беларусі, у тым ліку сярод прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі, пачынаюць фармавацца запыты на свабоду, паляпшэньне дачыненьняў з Эўразьвязам і на вызваленьне палітвязьняў.
Паводле яго, у дзяржаўным апараце ёсьць пэўная частка тэхнакратаў, якія выступаюць за спыненьне рэпрэсій, бо гэта перашкаджае і эканоміцы ў тым ліку, але Лукашэнка ня хоча гэта рабіць.
«Выбраць сёньняшні дзень, як нейкую кропку адліку новай эпохі, няважна там, якія выбары, але кропку адліку можна выбраць любую. Але ён ня хоча. Прынамсі, пакуль ня хоча пачынаць новую эпоху», — сказаў Юры Дракахруст у этэры Радыё Свабода «LIVE. Выбары ў Беларусі. Сёмы тэрмін Лукашэнкі».
Аляксандар Шлык: нават чальцы выбарчых камісій ужо ня ведаюць вынікаў галасаваньня
Экспэрт па выбарах Аляксандар Шлык пералічыў шэраг аспэктаў, якія ўжо цяпер можна кваліфікаваць як парушэньні на выбарах, у тым ліку, прымус галасаваць за канкрэтнага чалавека, датэрміновае галасаваньне, а таксама непразрыстасьць падліку галасоў.
Паводле яго, без назіраньня цяжка вызначыць галоўныя парушэньні на выбарах. Аляксандар Шлык дадаў, што «цяпер чальцоў выбарчых камісіяў папярэджвалі, каб яны ня вельмі турбаваліся падлікам галасоў, што ўсё і так будзе нармальна».
«Беларускім ноў-хаў зьяўляецца тое, што нават чальцы выбарчых камісій ужо ня ведаюць вынікаў галасаваньня. Бо як адбываецца падлік галасоў у Беларусі — кожны чалец падлічвае толькі частку галасоў, запісвае сваю частку галасоў на паперцы, перадае яе старшыні, старшыня зьбірае па тэлефоне, запісвае патрэбныя лічбы ў пратакол, які хіба ўжо быў падпісаны раніцай, і такім чынам, ніхто нават у гэтай камісіі ня ведае вынікаў галасаваньня на сваім участку, бо яны ведаюць толькі сваю частку. І вось гэта вельмі цікавы ноў-хаў беларускай фальсыфікацыі выбараў. Такога нідзе ў сьвеце я ня бачыў, а я назіраў у шмат якіх краінах», — сказаў Аляксандар Шлык у этэры Радыё Свабода «LIVE. Выбары ў Беларусі. Сёмы тэрмін Лукашэнкі».
Анатоль Лябедзька: для Лукашэнкі галоўнае атрымаць квіток на форум аб пасьляваеннай Эўропе
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка не настроены на дыялёг унутры Беларусі.
«Для яго цяпер галоўнае стварыць уражаньне, што пасьля 26 студзеня ён атрымаў пэўную легітымнасьць, а гэта азначае, што перагорнутая старонка 2020-га… і ён хоча атрымаць квіток на той форум, канфэрэнцыю, якая хутчэй за ўсё будзе ў бліжэйшай пэрспэктыве і дзе будзе вырашацца лёс пасьляваеннай Эўропы», — сказаў Анатоль Лябедзька ў этэры Радыё Свабода «LIVE. Выбары ў Беларусі. Сёмы тэрмін Лукашэнкі».
Паводле яго, у Эўропе пацьвердзяць суб’ектнасьць Сьвятланы Ціханоўскай, а дэмакратычныя сілы Беларусі плянуюць наладзіць супрацу з Вугоршчынай і Славаччынай, якія мелі іншае меркаваньне наконт выбараў у Беларусі, каб там у парлямэнтах пачалі працаваць дэпутацкія групы «За дэмакратычную Беларусь».
Леся Руднік: сыгналам для дыялёгу з Захадам можа стаць вызваленьне палітвязьняў
Дырэктарка Цэнтру новых ідэй Леся Руднік мяркуе, што лідэрам у дыялёгу зь Беларусьсю могуць стаць ЗША.
«Сыгналам для пачатку дыялёгу можа стаць гатоўнасьць Лукашэнкі да рэальных дзеяньняў, якія найперш тычацца гуманітарнага трэку, вызваленьня палітзьняволеных… Пры наяўнасьці рашэньня Лукашэнкі вызваляць людзей з турмаў можа наблізіцца час, калі нейкі дыялёг можа пачацца», — сказала Леся Руднік у этэры Радыё Свабода «LIVE. Выбары ў Беларусі. Сёмы тэрмін Лукашэнкі».
Экспэртка зьвярнула ўвагу на той факт, што новы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп робіць вельмі рашучыя крокі па ўсіх кірунках.
«Складана сказаць, як гэта можа адбыцца ў справе Беларусі, але мы пабачылі заяву аб вызваленьні амэрыканскай грамадзянкі, мы пабачылі таксама інтэрвію з журналістамі Радыё Свабода яшчэ да інаўгурацыі, і тады сапраўды можам чакаць, што Амэрыка будзе тут сапраўды лідэрам у пляне дыялёгу ці перамоў», — дадала яна.
Валер Карбалевіч: улады могуць спрабаваць зрабіць з Канапацкай апазыцыю для міжнароднай арэны
Аналітык Свабоды Валер Карбалевіч не выключае, што пасьля выбараў цяперашняя кандыдатка ў прэзыдэнты Ганна Канапацкая пры дапамозе ўлады атрымае магчымасьць прадстаўляць апазыцыю за межамі Беларусі.
«Я не выключаю, што ўлады паспрабуюць зь яе сфармаваць нейкі прывід канструктыўнай апазыцыі. Я не выключаю, што Канапацкая паедзе ў нейкія замежныя паездкі, на замежныя канфэрэнцыі ў заходніх краінах, дзе будзе прадстаўляць беларускую апазыцыю», — сказаў Валер Карбалевіч у этэры Радыё Свабода «LIVE. Выбары ў Беларусі. Сёмы тэрмін Лукашэнкі».
Паводле яго, ёсьць магчымыя варыянты таго, што ўлады могуць пачаць такую гульню.
Валер Карбалевіч таксама не пагадзіўся зь меркаваньнем, выказаным журналісткай Натальляй Радзінай аб неабходнасьці закліку апазыцыі да байкоту выбараў.
«Праблема ў тым, што ў Беларусі на выбары, асабліва на датэрміновае галасаваньне, людзей заганяюць, так было і цяпер. […] B ў гэтых умовах заклікаць да байкоту, гэта заклікаць да нейкага адкрытага супраціву, то бок чалавек павінен ухіляцца ад таго, каб ісьці галасаваць, а гэта ўжо — элемэнт пратэсту, у Беларусі гэта можа пацягнуць за сабой вельмі непрыемныя наступствы для гэтага чалавека», — патлумачыў ён.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум