Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вугоршчына заблякавала супольны зварот Эўразьвязу аб прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі


Прэм'еры Вугоршчыны Віктар Орбан (зьлева) і Славаччыны Робэрт Фіца. Архіўнае фота
Прэм'еры Вугоршчыны Віктар Орбан (зьлева) і Славаччыны Робэрт Фіца. Архіўнае фота

Прадстаўнікі Вугоршчыны заблякавалі супольны зварот краін Эўрапейскага Зьвязу адносна непрызнаньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Гэта вынікае з інфармацыі ад вартых даверу крыніц Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа ў Брусэлі.

Ня маючы подпісаў прадстаўнікоў усіх 27 краін Эўразьвязу, высокая прадстаўніца Эўразьвязу ў замежнай палітыцы Кая Калас выпусьціла ўласны зварот, у якім заявіла, што галасаваньне 26 студзеня не было свабодным і справядлівым, і заклікала ўлады Беларусі вызваліць усіх палітвязьняў, «у тым ліку супрацоўніка Прадстаўніцтва Эўразьвязу».

«Рашэньне рэжыму запрасіць Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ толькі за 10 дзён да выбараў не дазволіла гэтаму незалежнаму органу атрымаць доступ да ключавых этапаў выбарчага працэсу. Гэта яшчэ адзін доказ поўнай адсутнасьці даверу да гэтых выбараў. З гэтых прычын, а таксама ў сувязі з удзелам беларускага рэжыму ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны і яе гібрыдных нападах на яе суседзяў, ЭЗ будзе працягваць уводзіць абмежаваньні і санкцыі супраць рэжыму і падтрымліваць фінансава грамадзянскую супольнасьць, беларускія дэмакратычныя сілы на выгнаньні і беларускую культуру. Як толькі Беларусь пачне дэмакратычны пераход, ЭЗ гатовы падтрымаць краіну ў стабілізацыі эканомікі і рэфармаваньні інстытутаў», — заявіла Кая Калас.

Раней Свабода паведамляла, што Вугоршчына і Славаччына адмаўляліся падпісваць праект заявы ад імя 27 краін Эўразьвязу. У праекце заявы, які наша рэдакцыя атрымала ў сваё распараджэньне, ішлося аб «недэмакратычных прэзыдэнцкіх выбарах» у Беларусі.

«Няўмольны і беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій, парушэньні правоў чалавека, абмежаваньне палітычнага ўдзелу і доступу да незалежных СМІ ў Беларусі пазбавілі выбарчы працэс любой легітымнасьці», — гаварылася ў праекце заявы, якую рыхтавала Эўрапейская служба вонкавых спраў.

Пазьней, паводле нашай інфармацыі, прадстаўнікі Славаччыны пагадзіліся падпісаць зварот, а вось улады Вугоршчыны нібыта засталіся адзінымі сярод чальцоў Эўразьвязу, хто падпісваць яго адмовіўся.

Вугоршчына пад кіраўніцтвам Віктара Орбана не аднойчы выступала супраць пашырэньня санкцый супраць Расеі і павелічэньня эўрапейскай дапамогі Ўкраіне. Кіраўнік МЗС Вугоршчыны Пэтэр Сіярта — адзіны з прадстаўнікоў кіраўніцтва дзяржаў Эўразьвязу, які рэгулярна бывае ў Менску.

22 студзеня прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз выступіў з заявай, у якой назваў «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы» праект заявы Эўрапейскай службы вонкавых спраў, якую служба плянуе зрабіць па выніках выбараў 26 студзеня і якая нібыта «трапіла ў распараджэньне МЗС».

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG