Фільм «Эманюэль» — чарговая экранізацыя знакамітага і нашумелага францускага эратычнага раману, экранізаванага ў 1959 годзе. Раней Міністэрства культуры забараніла да паказу фільм «Эманюэль у Амэрыцы», зьняты яшчэ ў 1976-м годзе. Цяпер пад пагрозу зьняцьця з пракату трапіла сучасная экранізацыя, стужка, якая выйшла ўвосень 2024 году.
Газэта «Літаратура і мастацтва», як заўважыла выданьне «Люстэрка», надрукавала артыкул «Каштоўнасьці і спакусы», у якім адзначыла выхад фільму на экраны як «укід варожай прапаганды». Асобна там падкрэсьлілі тое, што кіно выйшла ў першы дзень посту паводле юліянскага календару, якім карыстаецца РПЦ.
Грамадзкая рада маральнасьці зьвярнулася да Міністэрства культуры, патрабуючы зьняцьця фільму з пракату. Пры гэтым невядома, ці была нейкая рэакцыя. Кіно меліся паказваць у краіне з 28 лістапада па 11 сьнежня, але няма інфармацыі, ці датрывала стужка заканчэньня паводле анонсаў, ці яе зьнялі раней.
Пры гэтым адзін з камэнтатараў паведаміў, што для пракату ў Беларусі фільм адцэнзуравалі: «З расейскай вэрсіі, якая трансьлюецца ў беларускіх кінатэатрах, выразана каля дзесяці хвілін. У выніку фільм атрымаўся безь сюжэту і сэнсу».
Грамадзкую рады маральнасьці стварылі ў 2009 годзе Беларускі экзархат РПЦ і праўладны Саюз пісьменьнікаў (СПБ). Цяпер яе ачольваюць Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веніямін і кіраўнік СПБ Аляксандар Карлюкевіч.
Раней улады Беларусі ўжо неаднаразова ўмешваліся ў канцэрты замежных гуртоў і кінапаказы. У прыватнасьці, добра запомнілася гісторыя са спробамі былога кіраўніка праўладнага пісьменьніцкага аб’яднаньня Мікалая Чаргінца перашкодзіць гастролям нямецкага калектыву Rammstein.
Форум