Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве заявілі, што «ня бачаць перадумоваў» для аднаўленьня кантактаў з Лукашэнкам пасьля выбараў 26 студзеня


У часе збору подпісаў у лістападзе 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
У часе збору подпісаў у лістападзе 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

Сьпікер МЗС Украіны 23 студзеня заявіў, што Ўкраіна ня бачыць у Беларусі базавых умоваў для правядзеньня сумленных і празрыстых выбараў адпаведна стандартам АБСЭ. Тым часам парлямэнт Латвіі ўхваліў заяву аб выбарах у Беларусі, якія «ня могуць і не павінны лічыцца легітымнымі».

Сьпікер Міністэрства замежных спраў Украіны Георгій Ціхі заявіў на брыфінгу 23 студзеня, што Ўкраіна, як і Эўразьвяз, ЗША, Канада, Вялікая Брытанія і іншыя дэмакратычныя краіны, ня бачыць у Беларусі базавых умоваў для правядзеньня сумленных і празрыстых выбараў адпаведна стандартам АБСЭ.

«Няма на сёньня там такіх умоў і няма сумленных сапраўдных выбараў», — сказаў Георгій Ціхі.

Паводле яго, украінскаму боку відавочна, якімі будуць вынікі галасаваньня, і што Аляксандар Лукашэнка надалей застанецца хаўрусьнікам і саўдзельнікам Пуціна ў яго вайне супраць Украіны, што супярэчыць інтарэсам беларускага народу.

«Мяркуем, што абодва дыктатары працягнуць імітаваць жорсткую барацьбу з так званымі „пагрозамі калектыўнага Захаду“, якімі яны запалохваюць сваіх грамадзян і якія ня маюць пад сабой ніякіх падстаў. Мы пакуль што ня бачым ніякіх перадумоў для аднаўленьня кантактаў з Аляксандрам Лукашэнкам, таму пытаньне прызнаньня яго легітымнасьці пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў для нас не зьяўляецца актуальным», — падкрэсьліў прадстаўнік МЗС Украіны.

Георгій Ціхі таксама адзначыў, што ўлады Беларусі фактычна пазбавілі права на ўдзел у выбарах беларускіх грамадзян, якія жывуць за межамі краіны.

«Мы мяркуем, што беларускі народ заслугоўвае права выбіраць уладу на сапраўды дэмакратычных, свабодных, канкурэнтных выбарах і будаваць уласную будучыню без дыктату Расеі, безь яе імпэрскіх замахаў і без жаданьня Масквы навязаць суседзям ролю падкантрольных марыянэтак, як гэта адбываецца цяпер», — дадаў ён.

Сьпікер МЗС Украіны таксама выказаў удзячнасьць і павагу беларусам, якія сёньня застаюцца разам з украінскім народам, у тым ліку і змагаючыся з зброяй у руках супраць расейскай агрэсіі.

У Латвіі заявілі аб непрызнаньні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі

23 студзеня заяву аб выбарах у Беларусі ўхвалілі дэпутаты Саэймы Латвіі. У дакумэнце выбары назвалі несвабодным і несправядлівым працэсам.

«Такія псэўдавыбары, для якіх характэрныя адсутнасьць свабоды слова і сходаў, ігнараваньне прынцыпаў дэмакратыі і вяршэнства закону і дзе вынік ужо прадказальны, ня могуць і не павінны лічыцца легітымнымі», — адзначаецца ў дакумэнце.

Дэпутаты парлямэнту Латвіі таксама зьвярнулі ўвагу на ўмовы, у якіх адбываюцца выбары — адсутнасьць міжнародна прызнаных назіральнікаў, татальнае прыдушэньне апазыцыі, зьнішчэньне незалежных СМІ і ўзмацненьне рэпрэсій, што «пазбаўляе народ Беларусі любых магчымасьцяў свабодна выяўляць сваю палітычную волю».

  • Раней пра непрызнаньне выбараў у Беларусі заявілі шэраг іншых інстытуцый і краінаў, сярод іх — Літва і Польшча.
  • 22 студзеня ў Эўрапейскім парлямэнце пасьля дэбатаў ухвалілі рэзалюцыю «Неабходнасьць дзеяньняў у барацьбе з працягам прыгнёту і фальшывых выбараў у Беларусі», у якой заклікаюць не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі, які незаконна займае пасаду кіраўніка Рэспублікі Беларусь.
  • У МЗС Беларусі назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы» праект заявы Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў, якую яна плянуе зрабіць па выніках выбараў 26 студзеня.
  • Сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў абраць прэзыдэнтам новага чалавека. З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG