Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абяцаю, што хутка сыду». Пра разьвітаньне Лукашэнкі з уладай працягласьцю ў дзесяцігодзьдзі


Леанід Брэжнеў, Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка. Каляж
Леанід Брэжнеў, Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка. Каляж

Лукашэнка больш не абяцае беларусам, што неўзабаве сыдзе. Але і гэтыя выбары, і абвешчаная ім «пяцігодка якасьці» могуць стаць для яго апошнімі.

Сьцісла:

  • На працягу трох апошніх гадоў згадкі пра «пасінелыя» ці «пачарнелыя» пальцы, якімі Лукашэнка «не зьбіраецца трымацца за ўладу», амаль зьніклі (магчыма, таму, што ўжо сталі выклікаць іранічныя кпіны). Але спакваля пачаў гучаць тэзіс пра «зьмену пакаленьняў».
  • З гадамі мэнтальна для Лукашэнкі ўсё бліжэй гады ягонай маладосьці. Адгалоскі той эпохі выразна чуваць у сёньняшніх прапагандысцкіх наратывах. Калі ў навагоднюю ноч 2025-га ён абвясьціў наступныя пяць гадоў «пяцігодкай якасьці», гэта стала асабліва відавочна.
  • Даволі мяккі, паблажлівы да палітычных праціўнікаў і незлапамятны Брэжнеў характарам мала нагадвае Лукашэнку — помсьлівага, зласьлівага і жорсткага. Але матывы і спосабы ўтрыманьня ўлады ў аўтарытарных рэжымах падобныя. Падобныя і небясьпекі ды рызыкі, якія паўстаюць у аўтакратаў, калі яны старэюць ды нядужаюць.
  • Пуцінскае «рабства на галерах», як выявілася, настолькі прывабнае і спакусьлівае, залежнасьць ад яго настолькі магутная, што адарваць пасінелыя рукі ад вясла немагчыма і пасьля чвэрці стагодзьдзя пры ўладзе. Наркатычная прага асабістай улады аказваецца мацнейшай за ўсе рацыянальныя развагі і намеры.

27 студзеня пачнецца восьмы прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі. Ад першых і адзіных у беларускай гісторыі дэмакратычных выбараў 1994 году да прадказальных і цалкам кантраляваных уладай выбараў-2025, якія больш нагадваюць рытуал самапрызначэньня, ляжыць дыстанцыя ў трыццаць з паловай гадоў.

Аляксандар Лукашэнка ў сваёй рэзыдэнцыі. 2023
Аляксандар Лукашэнка ў сваёй рэзыдэнцыі. 2023

На працягу прынамсі траціны гэтага тэрміну, пачынаючы з 2014 году, Лукашэнка шмат разоў публічна абяцаў, што ня будзе «трымацца за крэсла прэзыдэнта пасінелымі пальцамі».

«Ня трэба гадаць, калі сыдзе Лукашэнка і гэтак далей. Вельмі хутка»,— абвесьціў ён сваім прапагандыстам 9 жніўня 2021 году.

На працягу трох апошніх гадоў згадкі пра «пасінелыя» ці «пачарнелыя» пальцы, якімі Лукашэнка «не зьбіраецца трымацца за ўладу», практычна зьніклі (магчыма, таму, што ўжо сталі выклікаць іранічныя кпіны). Але спакваля пачаў гучаць тэзіс пра «зьмену пакаленьняў».

Маўляў, яна пачалася і завершыцца ў найбліжэйшыя гады. Увогуле, зьмена пакаленьняў — працэс няспынны і ніякім чынам не залежыць ад волі правадыроў. Але тое, што Лукашэнка раз за разам настойліва паўтарае такую фразу — знак таго, што яго турбуе гэта праблема, што вялізная маса людзей у Беларусі задаюць гэтае пытаньне і што ўнутрана ён, відавочна, і сам усьведамляе: рана ці позна давядзецца адысьці. Гэта, праўда, зусім не азначае, што ён у рэальнасьці зьбіраецца адыходзіць ад спраў.

Чым скончылася «пяцігодка эфэктыўнасьці і якасьці»

З гадамі мэнтальна для Лукашэнкі ўсё бліжэйшыя гады ягонай маладосьці. Адгалоскі той эпохі выразна чуваць у сёньняшніх прапагандысцкіх наратывах. Калі ў навагоднюю ноч-2025 ён абвесьціў наступныя гады «пяцігодкай якасьці», гэта стала асабліва відавочна. Прыгадаем: летась у кастрычніку пасьля празрыстых намёкаў кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Дзьмітрыя Крутога ўзьніклі чаканьні, што 2025 год у Беларусі можа быць абвешчаны Годам роднай мовы. Відавочна, што такія намеры сапраўды абмяркоўваліся ва ўладных колах. Але канчатковы выбар, зроблены Лукашэнкам і абвешчаны ў навагоднюю ноч, выразна паказаў, куды насамрэч скіраваныя ягоныя памкненьні і як у сапраўднасьці ён ставіцца да мадэрнізацыйных спробаў ягоных маладзейшых паплечнікаў.

Увогуле, «пяцігодка якасьці» — гэта ўжо нават не гістарычная паралель, а пэўны прапагандысцкі плягіят. Старэйшыя людзі памятаюць: «пяцігодку эфэктыўнасьці і якасьці» ўрачыста абвесьціў з трыбуны ХХV зьезду КПСС у 1976 годзе Леанід Брэжнеў. І дзіўнае супадзеньне: Леаніду Ільлічу было тады акурат 70 гадоў, як цяпер Лукашэнку. Для яго гэта была апошняя пяцігодка пры ўладзе. Маладому студэнту гістфаку Магілёўскага пэдынстытуту Аляксандру Лукашэнку тады было крыху за дваццаць, і ён, безумоўна, добра памятае той час.

Леанід Брэжнеў, 1976
Леанід Брэжнеў, 1976

У другой палове 70-х над Леанідам Ільлічом, які з кожным годам прыкметна старэў, слабеў (а часам здавалася, што і дзяцінеў) людзі пацьвельваліся. Праўда, не зласьліва, а хутчэй іранічна. У Брэжнева зьяўлялася ўсё больш праблемаў з маўленьнем, дыкцыяй, каардынацыяй рухаў. Ён раптам кінуўся ў мэмуары, перастаў стрымліваць прыдворных падхалімаў, дазволіў узнагароджваць сябе нейкай неймавернай колькасьцю ордэнаў, мэдалёў і ганаровых званьняў.

Пазьней той заключны пэрыяд брэжнеўскай эпохі назавуць «застоем». Для гэтага былі падставы: назіралася стагнацыя ў эканоміцы, усё вастрэй адчуваўся таварны дэфіцыт. А ў грамадзкай атмасфэры тых гадоў панавалі абыякавасьць, апатыя, раўнадушнасьць. Ня тое каб людзей задавальняў такі стан рэчаў. Многія бурчэлі на кухнях і ў «курылках». Але амаль усе ўсьведамлялі немагчымасьць што-небудзь зьмяніць. І проста зьмірыліся з такой рэальнасьцю. У пэўным сэнсе той стан быў камфортны і для грамадзтва, і для ўлады.

Гэта была своеасаблівая негалосная дамова. «Вярхі» дазвалялі «нізам» працаваць цяп-ляп, цягнуць з працы ўсё, што «кепска ляжыць», выпіваць часам проста на працоўных месцах. А ўзамен патрабавалася вонкавая ляяльнасьць. Ніхто нікога надта не напружваў. Штодзённыя рэаліі жыцьця мала адпавядалі таму, пра што гаварылі з трыбун, паказвалі па тэлевізары і пісалі ў газэтах. Гэта было відавочна для ўсіх, у тым ліку і для тых, хто кіраваў краінай. Крывадушнасьць стала нормай савецкага жыцьця. З гэтага пасьмейваліся і кпілі. Але за кпіны і палітычныя анэкдоты пры Брэжневу ня кідалі ў турму.

Гастраном у СССР. 1977
Гастраном у СССР. 1977

«Пяцігодка эфэктыўнасьці і якасьці» скончылася ў 1980 годзе без прыкметных прарываў. І з эфэктыўнасьцю, і зь якасьцю ў савецкай эканоміцы захаваліся тыя ж вялізныя праблемы, што і на пачатку пяцігодкі. Чэргі ў крамах па якасны імпартны «шырспажыў» сталі яшчэ даўжэйшымі, а таварны дэфіцыт толькі абвастрыўся.

«Таварышы ня хочуць адпускаць»

Існуе шмат сьведчаньняў пра тое, што Брэжнеў, адчуўшы аслабленьне здароўя, выказваў жаданьне пакінуць пасаду: разважаў на гэту тэму, намацваў глебу. Цікавыя ўспаміны пра гэта пакінуў асабісты фатограф Брэжнева Ўладзімір Мусэалян, які шмат гадоў быў побач зь ім у розных сытуацыях:

«Пасьля 1975 году, перажыўшы мікраінсульт, ён пачаў хутка стамляцца. Зьявіліся праблемы з маўленьнем. Памятаю, у 1976 годзе, 19 сьнежня, у дзень ягонага 70-годзьдзя, прыйшлі яго віншаваць члены Палітбюро, кандыдаты ў члены Палітбюро, сакратары ЦК, уручалі яму нейкую чарговую ўзнагароду. Ён усім падзякаваў, а потым раптам кажа: „Ці не пара мне на спакой? Я ўжо стамляцца стаў хутка, ня той ужо“. Гляджу: цішыня пасьля гэтых ягоных слоў. Усе неяк прытаіліся. Прыціхлі. Але празь нейкі час — бязладны хор галасоў: „Што вы, Леанід Ільліч, вы наш сьцяг! Вы працуйце меней, мы будзем за вас працаваць болей“. Ён слухаў-слухаў іх і кажа: „Вось у Злучаных Штатах Генры Ўінстан быў генэральным сакратаром ЦК кампартыі, а стаў яе ганаровым старшынём. А генэральным сакратаром стаў Гас Хол. Зрабіце гэтак жа: выберыце мяне ганаровым старшынём партыі і выберыце новага генэральнага сакратара“. Тыя зноў: „Вы — наш сьцяг!“ „Ну, — кажа, — добра“. „Таварышы ня хочуць адпускаць“, — ужо ўвечары сказаў ён сваёй жонцы Вікторыі Пятроўне».

Леанід Брэжнеў у Ташкенце. 1982
Леанід Брэжнеў у Ташкенце. 1982

«Вы толькі жывіце і ні пра што не турбуйцеся. Паплечнікі ў вас моцныя, мы не падвядзём», — запэўніў Юрый Андропаў, калі Брэжнеў у атачэньні таварышаў па партыі чарговы раз загаварыў пра тое, ці не пара яму адысьці ад спраў.

Наколькі тыя брэжнеўскія словы адлюстроўвалі ягоныя сапраўдныя намеры? Зусім магчыма, ён цьвяроза ўсьведамляў, што, на добры лад, яму даўно пара ў адстаўку, што здароўе не дазваляе працаваць эфэктыўна, што краіна мае патрэбу ў абнаўленьні. Але ў рэальнасьці тыя словы былі толькі какецтвам — як і шматлікія абяцаньні Лукашэнкі «не трымацца за ўладу сінімі пальцамі» і «завяршыць зьмену пакаленьняў у палітыцы».

Захацеў бы пайсьці, пайшоў бы. У рэальнасьці ж Брэжнеў рабіў усё магчымае, каб заставацца на сваёй пасадзе пажыцьцёва. З Палітбюро ён паступова выціснуў усіх адносна маладых і амбітных, хто мог несьці для яго небясьпеку. Засталіся пераважна такія ж, як ён, старыя і нямоглыя, без асаблівых амбіцый. І гэта была яўна мэтанакіраваная палітыка. Гэтым сваім досьведам ён аднаго разу падзяліўся з такім жа незьмяняльным лідэрам сацыялістычнай Баўгарыі Тодарам Жыўкавым. Той быў задумаў абнавіць сваё Палітбюро і выправіў на пэнсію двух зусім ужо старэнькіх, з прыкметамі старэчага маразму таварышаў па партыі. Брэжнеў пра гэта выказаўся скептычна:

«Я б на вашым месцы гэтага не рабіў. Чым яны вам замінаюць? А маладыя члены палітбюро будуць ствараць неспакойную абстаноўку».

«Рабы на галерах»

Вядома, аналёгіі паміж Брэжневым і Лукашэнкам умоўныя. Даволі мяккі, паблажлівы да ворагаў і незлапамятны Леанід Ільліч характарам мала нагадвае Лукашэнку — помсьлівага, зласьлівага і жорсткага. Але матывы і спосабы ўтрыманьня ўлады ў аўтарытарных рэжымах падобныя. Падобныя і небясьпекі ды рызыкі, якія паўстаюць у аўтакратаў, калі яны старэюць ды нядужаюць.

У другой палове 70-х гадоў, калі звыклымі сталі жывыя тэлетрансьляцыі з многіх важных палітычных падзей, усе ўжо бачылі, як ледзь ня з кожным месяцам усё цяжэй даюцца «дарагому Леаніду Ільлічу» шматлікія партыйна-дзяржаўныя рытуалы і цырымоніі. Сам ён таксама ўсьведамляў гэта. У дзёньніку Брэжнева за 21 лютага 1981 году захаваўся такі запіс: «Сёньня спрабаваў гаварыць у залі Крамля». Размова пра тое, што ў гэты дзень Брэжнеў, рыхтуючыся да важнага працяглага выступу на XXVI зьезьдзе КПСС і турбуючыся за ўласную дыкцыю, правёў рэпэтыцыю прамовы ў пустой крамлёўскай зале, без гледачоў. Жыць яму тады заставалася яшчэ толькі паўтара года: ён памёр 10 лістапада 1982-га, крыху не дажыўшы да 76.

Леанід Брэжнеў, 1982
Леанід Брэжнеў, 1982

Зьезд той Леанід Ільліч, хоць і не без праблемаў, вытрымаў: даклад, як мог, прачытаў. Хоць многія савецкія грамадзяне ў лютым 1981-га, седзячы перад тэлеэкранамі, хто зласьліва, а хто спачувальна спрабавалі ўгадаць: здолее ён падняцца на трыбуну ці не, вымавіць складаную фразу ці не адужае...

Леанід Брэжнеў у труне. 1982
Леанід Брэжнеў у труне. 1982

Уражвае, што нешта падобнае пачало адбывацца зараз у Беларусі, калі з тэлерэпартажаў старанна выразаюць кадры пра тое, як Лукашэнка зь вялікай цяжкасьцю, спыняючыся ледзь не на кожнай прыступцы, спускаецца ці паднімаецца па трапе самалёта, калі да непазнавальнасьці рэтушуюць ягоныя фота на здымках. А вось голас адрэтушаваць немагчыма, і ўражаная публіка сочыць за дзіўнымі мадуляцыямі галасавых зьвязак першай асобы, спрабуючы ўгадаць, што ж азначаюць гэтыя нечаканыя зьмены і да чаго яны могуць прывесьці.

Калі канчаўся другі (і апошні, прадугледжаны тагачаснай расейскай Канстытуцыяй) прэзыдэнцкі тэрмін Пуціна, ён у лютым 2008-га прамовіў сваю славутую фразу пра тое, што «ўсе гэтыя восем гадоў цяжка працаваў, як раб на галерах, з раніцы да ночы». І далей выказаўся ў такім сэнсе, што ўлада — гэта своеасаблівы наркотык: чалавек нібыта і разумее, што гэта шкодна, а адмовіцца ня можа. Але, маўляў, ён, Пуцін, не такі.

Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін. 2024
Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін. 2024

Ды толькі далейшыя падзеі паказалі, што якраз такі. «Рабства на галерах», як выявілася, настолькі прывабнае і спакусьлівае, наркатычная залежнасьць ад яго настолькі магутная, што адарваць пасінелыя рукі ад вясла немагчыма і пасьля чвэрці стагодзьдзя на пасадзе. Прага асабістай улады аказваецца мацнейшай за ўсе рацыянальныя развагі і намеры. Гэта ж можна сказаць ня толькі пра Пуціна, але і пра многіх іншых былых і цяперашніх аўтакратаў і дыктатараў, у ліку якіх і Брэжнеў, і Лукашэнка.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG