Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я зьдзіўлены хуткасьці». Як беларускай дзяўчынцы сабралі грошы для апэрацыі на вачах


Касія Брыцько
Касія Брыцько

Адзінаццацігадовай Касіі з Мазыра сабралі амаль 11 тысяч эўра, каб яна ня страціла зрок. Бацька дзяўчынкі Яўген Брыцько расказаў Свабодзе, як прайшлі апэрацыі ў Ізраілі.

Касіі Брыцько 11 гадоў. Зь дзяцінства яна мае праблемы са зрокам. Яна адна зь пяці дзяцей у сям’і. Сям’я Брыцько пераехала з Мазыра ў Вільню ў 2022 годзе. Прычынай стала пагроза палітычнага перасьледу і імавернасьць, што ў бацькоў забяруць дзяцей.

Сужэнцы хадзілі на маршы пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. На гаражы ў Яўгена быў надпіс «Жыве Беларусь!» і імёны забітых падчас пратэстаў людзей. Дадому да сям’і сталі прыходзіць работнікі службы апекі з праверкамі.

Малюнак Касіі
Малюнак Касіі

За мяжой у дзяўчынкі рэзка пагоршылася сытуацыя з вачыма. Яна рызыкавала цалкам страціць зрок. Дапамагчы ёй узялася клініка ў Ізраілі. Сям’я падлічыла, што на апэрацыі і саму паездку патрэбна 11 тысяч эўра. Такой сумы ў іх не было. Яны адкрылі збор на BySol. За тры тыдні суму сабралі амаль цалкам.

Любіць маляваць, бачыць колькасьць пальцаў

У Касіі мутацыя гена PAX6. У выніку райкі вачэй амаль цалкам адсутнічаюць. Раёк кантралюе, колькі сьвятла трапляе ў вока. Безь яго чалавек можа невыразна бачыць і мець сьвятлабоязь. На пытаньне, што Касія магла бачыць, ейны бацька Яўген патлумачыў, што дачка магла маляваць.

«Гэта прыносіла ёй задавальненьне», — кажа ён.

Малюнак Касіі
Малюнак Касіі

У акуліста дзяўчынка ня бачыла літар на табліцы для праверкі зроку, але бачыла колькасьць пальцаў на адлегласьці некалькіх мэтраў. Акуляры пры такім захворваньні не дапамагаюць. Касію не адпускаюць адну хадзіць па горадзе. Але гэта не таму, што зроку няма, а таму, што сям’я занадта перасьцерагаецца, прызнаецца бацька.

«Калі б, ня дай Бог, мы не пасьпелі выехаць з краіны і ёй давялося пажыць у інтэрнаце, то, безумоўна, вялікую частку ўсяго яна рабіла б сама», — кажа ён пра здольнасьці дачкі.

У Мазыры Касія хадзіла ў інтэграваную клясу, дзе вучыліся і дзеці з добрым зрокам, і дзеці з дадатковымі патрэбамі. Яе стварылі дзякуючы намаганьням маці дзяўчынкі, адзначае бацька Касіі.

«Хаця нас увесь час намагаліся сьпіхнуць у інтэрнат. Я не хацеў, каб гэта было яе досьведам», — камэнтуе Яўген.

Яўген Брыцько
Яўген Брыцько

У Вільні Касія наведвае школу для дзяцей з асаблівасьцямі зроку. Бацька дзяўчынкі тлумачыць, што яны ўжо стаміліся «нешта даказваць» і шукаць інклюзіўныя клясы.

«Яе там вельмі добра прынялі. Касіі пашчасьціла з настаўніцай, гэта найлепшы пэдагог Літвы. Рута добра ведае расейскую мову. Гэта палегчыла ўваход у літоўскамоўную адукацыю і ўключэньне ў працэс навучаньня», — расказвае суразмоўца.

«Стан Касіі добры»

Некалькі месяцаў таму ў Касіі пачаў расьці ціск унутры вачэй. Гэта магло прывесьці да поўнай страты зроку. Бацькі высьветлілі, што ў Вільні дачцэ ня змогуць дапамагчы. Яны знайшлі шпіталь у Ізраілі, куды дзяўчынку запрасілі на абсьледаваньне і апэрацыю. Яна паехала туды разам з маці.

13 студзеня Касіі зрабілі апэрацыю на першае вока, 22 студзеня — на другое.

«Апэрацыю зрабілі спачатку на адно вока, на якое было больш спадзеву, дзе быў лепшы стан вока і зрокавай нэрвы. Вырашылі яго тэрмінова выратоўваць. Усё атрымалася так, як доктар разьлічваў. Назаўтра доктар прапанаваў зрабіць апэрацыю на другое вока», — расказаў Яўген.

Малюнак Касіі
Малюнак Касіі

Яўген кажа, што першая апэрацыя выйшла даражэй, чым плянавалася, а другая — таньней. Ашчадзіць грошы здолелі на тым, што не спатрэбілася шмат дасьледаваньняў.

«Доктару стала ясна на першых этапах, які стан і што адбываецца. Калі былі б дадатковыя дасьледаваньні, яны б пацягнулі яшчэ на тысячы дзьве даляраў. Тады было б зусім цяжка. А так нам палёгка атрымалася», — кажа суразмоўца.

Ён дадае, што зэканоміць змаглі і праз тое, што не абавязкова было жыць увесь час у платным шпіталі.

«Стан Касіі добры», — адзначыў Яўген пасьля другой апэрацыі.

Не вярнуць зрок, а захаваць, што мае

Што будзе са зрокам дачкі, казаць яшчэ рана, тлумачыць суразмоўца. Апэрацыі дапамаглі паменшыць ціск унутры вачэй і ўратаваць ад пагаршэньня зроку. Першы час пасьля апэрацый дзяўчынка, хутчэй за ўсё, будзе бачыць горш, чым да апэрацый, больш размыта. Постапэрацыйны працэс аднаўленьня можа заняць ад 40 дзён да паўгода.

«Калі вельмі тэхнічна гэта ўявіць, быў надзвычай падвышаны ціск, а цяпер яго ня стала. Судзінам трэба сябе перабудоўваць. Адбываецца некалькі працэсаў адначасова. На рэгенэрацыю пасьля хірургічнага ўмяшаньня трэба высілкі. Да таго ж ёсьць сэзоннасьць. У любога чалавека ў сярэдзіне зімы — пачатку вясны вастрыня зроку падае», — расказвае Яўген.

Малюнак Касіі
Малюнак Касіі

Ён дадае, што пра вяртаньне зроку гаворкі не ідзе. Апэрацыі меліся перадухіліць ягонае пагаршэньне.

«Марыць пра вяртаньне зроку можна. Але тут можа дапамагчы толькі цуд, бо гэта генэтычная хвароба. Простым мэдыцынскім спосабам такое не вырашаецца», — тлумачыць Яўген.

Палепшыць якасьць зроку можа замена крышталікаў вока на штучныя. Аднак, са словаў бацькі, гэта можна рабіць толькі тады, калі ў падлетка пройдзе гарманальная перабудова арганізма. У выпадку Касіі — не раней, чым праз тры гады. Пакуль сям’я гэтага не плянуе, бо такая апэрацыя занадта дарагая.

Супакой, мінімум нагрузак

Яўген расказвае, што падчас лячэньня дачка хвалюецца, што прапускае заняткі ў школе.

«Бадзёрыцца. У яе няма шмат магчымасьцяў сказаць, што яна не гатовая. Яна разумее патрэбу, што гэта трэба зрабіць. Умее зьбірацца. Вельмі цярплівая», — апісвае дачку бацька.

Касія Брыцько
Касія Брыцько

Ён кажа, што паказчыкі ціску ў вачах у яе былі вельмі высокія. Ён бачыў, як пры такіх лічбах дарослыя мужчыны плакалі ад болю.

«Касія вельмі глыбокі чалавек, не па ўзросьце. Вялікая частка яе перажываньняў занадта глыбака сядзіць. Яна пакуль сама ня можа адсачыць, што адбываецца», — мяркуе бацька.

Наперадзе ў Касіі рэабілітацыя. Першыя паўтара-два гады пасьля апэрацыі — вельмі ўразьлівы пэрыяд, які можа моцна паўплываць на стан вачэй, тлумачыць Яўген. Калі жонка з дачкой вернуцца ў Вільню, то яны плянуюць трапіць да мясцовых лекараў і выпрацаваць мэханізм рэабілітацыі.

«Варта пільнаваць, каб ня рос ціск. Патрэбны супакой, мінімум фізычных нагрузак, бяз рэзкіх нахілаў, раптоўных рухаў... Думаю, у наступны месяц глядзець мульцікі ёй самой ня дужа будзе хацецца, бо ўся карцінка будзе дужа размытая», — мяркуе бацька.

Сам Яўген амаль нічога ня бачыць зь дзяцінства, толькі некаторыя адценьні і колеры. Старэйшы сын таксама мае праблемы са зрокам.

«Ня мець зроку — ня значыць, што заканчваецца жыцьцё. Але калі ў цябе ёсьць рэшта яго, ты можаш быць больш хуткім, актыўным. Ты эканоміш багата часу і высілкаў, каб зрабіць нейкую працу. Ты можаш абыходзіцца без дапамогі, каб знайсьці адзеньне, шкарпэткі пэўнага колеру... Калі магчыма, каб засталося хаця б трохі зроку, у арыентаваньні ў прасторы гэта вельмі дапамагае», — разважае ён.

«Хуткасьці водгуку я дакладна зьдзіўлены»

Па стане на 23 студзеня на лячэньне Касіі сабралі амаль усю патрэбную суму — 10,4 тысячы эўра. Яўген кажа, што ўдзячны ахвярадаўцам і супрацоўнікам фонду BySol, якія дапамаглі іхнай сям’і.

«Я ведаю, што добрых людзей больш. Я ведаю, што чульлівых і спагадлівых беларусаў багата... Тое, што мы здольныя на салідарнасьць, супольную працу — гэта было заўжды. Мы ня ладзілі фіксацыі, як хутка зьбіраюцца зборы на хворых дзяцей у нашай краіне. Мы гэта рабілі ва ўсе часы», — кажа суразмоўца.

На ягоную думку, беларусы праз сваю спагаду часта станавіліся ахвярамі злачынцаў.

«Зараз у нас раздарожжа. Мы вельмі пакрыўджаныя гэтай сваёй якасьцю. Мы ня хочам яе прымаць як нашую перавагу. Нам цяпер здаецца, што трэба дбаць толькі пра сябе. Гэты збор — доказ, што мы здольныя дбаць пра іншых і не баяцца гэтага», — перакананы суразмоўца.

Ён мяркуе, што сума ў 11 тысяч эўра была выклікам, каб яе сабраць.

«Спадзеў у мяне, праўда, быў. Але хуткасьці водгуку я дакладна зьдзіўлены», — прызнаецца Яўген.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG