Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роўнасьць у беднасьці. Колькі зарабляюць беларусы?


Пра што сьведчыць дынаміка мэдыяннага і сярэдняга заробку ў Беларусі?

На гэтае пытаньне Юрыя Дракахруста адказвае старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC, эканаміст Зьміцер Крук.

— Днямі Белстат апублікаваў зьвесткі пра мэдыянны заробак у Беларусі. Гэтыя лічбы ён падае двойчы на год — у траўні і ў лістападзе, на сайце Белстату гэтыя дадзеныя ёсьць з 2018 году.

Паводле вызначэньня, мэдыянны заробак — гэта такі ўзровень заробку, які дзеліць усё працаздольнае насельніцтва напалам: палова атрымлівае заробак меншы за мэдыянны, палова — большы.

Сярэдні заробак — гэта сярэдняе арытмэтычнае заробкаў усіх занятых у вытворчасьці грамадзянаў краіны. Ён заўжды вышэйшы за мэдыянны, часам істотна. Зьміцер, на якія асаблівасьці дынамікі гэтых паказьнікаў вы зьвярнулі ўвагу?

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

— Разрыў паміж сярэднім і мэдыянным заробкам у Беларусі — даволі істотны. Палова насельніцтва, якое працуе, мае заробак прыкладна на 30% меншы, чым сярэдні. У гэтым — тлумачэньне, чаму многія людзі вельмі зьдзіўляюцца, калі чуюць афіцыйныя лічбы сярэдняга заробку. Гэты разрыў паміж сярэднім і мэдыянным заробкамі вагаўся за апошнія 7 гадоў. Найбольшы ён быў у 2020–2021 гадах, калі дасягаў амаль 40%. Гэта былі гады, калі эканоміка і грамадзтва перажывалі наступствы ковіду, калі галіны эканомікі, у якіх працуе большасьць насельніцтва, перажывалі ня лепшы час.

Крыніца: Белстат

А ў некаторых галінах (напрыклад, у IT) становішча тады было яшчэ някепскае. Гэта і стварыла сытуацыю, калі заробак нешматлікіх групаў працаўнікоў цягнуў уверх сярэдні заробак. Пры тым, што мэдыянны істотна не зьмяняўся і таму разрыў паміж імі пашыраўся.

Аднак у апошнія гады сытуацыя памянялася на супрацьлеглую. Асноўны рост і ВУП, і заробкаў адбываецца ў традыцыйных галінах. Гэта шмат у чым зьвязана з татальнай пераарыентацыяй на Расею. Калі мы паглядзім у галіновым разрэзе, дзе найбольш растуць заробкі, то гэта перапрацоўчая прамысловасьць, будаўніцтва, гандаль, дзе працуе большасьць насельніцтва.

А ў такіх ранейшых чэмпіёнаў, як IT, рост заробкаў значна запаволіўся — і, адпаведна, сярэдні і мэдыянны заробкі зблізіліся. Адносна ІТ — гэта часткова вынік пераарыентацыі і гэтай галіны на Расею. Раней заходнія рынкі давалі гэтай галіне звышзаробкі. Супраца з Расеяй іх не дае, таму адбылося пэўнае выраўноўваньне заробкаў.

Гэты рост заробкаў, які вымяраецца і сярэднімі, і мэдыяннымі паказьнікамі, пацьвярджаецца і апытаньнямі BFROC. У 2021 годзе рэспандэнты не фіксавалі, не адчувалі росту заробкаў, а ў 2022–2024 — адчувалі.

Крыніцы: Белстат , Нацбанк

— Як бы вы ацанілі дынаміку росту заробкаў у далярах? Мэдыянны заробак за 7 гадоў вырас з 350 даляраў да амаль 500. Гэта мала ці шмат? А як у суседзяў?

— Калі глядзець на дынаміку за апошнія гады, то гэта амаль цуд, бо адбыўся вельмі значны рост. Я шмат разоў тлумачыў яго прычыны. Найперш гэта недахоп працоўных рук, нізкая прапанова на рынку працы. Калі параўноўваць зь іншымі краінамі, то варта ўлічваць, што ў Беларусі ўзровень заробкаў быў параўнальна нізкі.

Ён і застаецца ня вельмі высокі. Але ў апошнія гады ён павысіўся ў параўнаньні з апошнім дзесяцігодзьдзем (і нават двума дзесяцігодзьдзямі). Беларусь як была, гэтак і засталася бяднейшай у сэнсе заробкаў за сваіх прынамсі заходніх і паўночных суседзяў.

Крыніцы: Белстат

— Графік паказвае, што перавышэньне сярэдняга заробку над мэдыянным было за апошнія 7 гадоў даволі ўстойлівым паказьнікам, яно вагалася ў межах 30–40%. Яно ў пэўнай ступені падобнае да індэксу Джыні — да паказьніка, які вымярае няроўнасьць. Чым большае гэтае перавышэньне, тым больш значная, наагул кажучы, няроўнасьць. Паводле індэксу Джыні Беларусь — краіна даволі высокай роўнасьці што да заробкаў. А вось гэтая адносная стабільнасьць адсотку перавышэньня сярэдняга заробку над мэдыянным — пра што сьведчыць?

— Яна сьведчыць пра тое, што структура занятасьці ў беларускай эканоміцы істотна не зьмяняецца. У нас значная частка людзей па-ранейшаму занятая ў традыцыйных галінах, на працоўных месцах, якія па ўсіх мэтрыках клясыфікуюцца як занятасьць нізкай якасьці. То бок там прадукцыйнасьць працы нізкая — адпаведна, і заробкі нізкія. Але гэта не выклікае міграцыі працаўнікоў паміж галінамі.

То бок гэта адлюстраваньне закасьцянеласьці структуры эканомікі, нізкай гнуткасьці рынку працы. У выніку даволі высокая ўдзельная вага самых нізкаякасных працоўных месцаў. То бок гэта роўнасьць у нізкім узроўні, роўнасьць у адноснай беднасьці.

— А тое, што разрыў паміж сярэднім і мэдыянным заробкамі вагаецца каля 35% плюс-мінус 5 адсоткавых пунктаў — гэта добра ці кепска? А быў бы 20% ці 50% — было б лепш?

— Справа ў тым, што няроўнасьць можа мець розную прыроду. У апошнія 15 гадоў у эканамічнай навуцы папулярны тэрмін справядлівай няроўнасьці. Скажам, істотны рост ІТ-галіны напрыканцы дзясятых гадоў у Беларусі (і, адпаведна, імклівы рост заробкаў супрацоўнікаў гэтай галіны) успрымаўся грамадзтвам у прынцыпе нармальна, ён не лічыўся несправядлівым. І гэта, як я тлумачыў, вяло да павелічэньня разрыву паміж сярэднім і мэдыянным заробкамі па краіне.

Аднак гэта не адзіны магчымы варыянт эканамічнага росту, калі невялічкі сэгмэнт рынку працы забясьпечвае рост сярэдняга заробку. Лепш, зразумела, калі растуць заробкі ўва ўсіх, — прынамсі, калі расьце мэдыянны заробак.

Мне бачыцца, што шлях да гэтага — у скасаваньні фармальных і нефармальных бар’ераў на міграцыю працаўнікоў паміж галінамі, у большай гнуткасьці рынку працы, каб працаўнікі маглі зь нізкаякасных працоўных месцаў пераходзіць на іншыя. Ну, і важна таксама, каб няроўнасьць у эканоміцы не ўспрымалася як несправядлівая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG