Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
Чатыры кандыдаты ў прэзыдэнты, за выключэньнем Аляксандра Лукашэнкі, увечары 20 студзеня правялі перадвыбарныя дэбаты ў этэры тэлеканалу «Беларусь-1».
Камуніст Сяргей Сыранкоў адкрыта заявіў: усім вядома, што на выбарах пераможа Лукашэнка — інтрыга толькі ў тым, хто «прыйдзе другім». Пры гэтым Сыранкоў і кандыдат ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч раскрытыкавалі Ганну Канапацкую, якую прадстаўляюць як «незалежную кандыдатку».
Кіраўнік Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Аляксандар Хіжняк заявіў, што лічыць галоўнымі задачамі дзяржавы ўтрымліваць насельніцтва ў краіне, разьвіваць прамысловыя паркі і разьвіваць сельскія рэгіёны.
Канапацкая зьвярнулася да сваіх апанэнтаў, кожны зь якіх узначальвае адну з праўладных партый, з пытаньнем, чаму людзям скасоўваюць льготы. У якасьці прыкладу яна прывяла льготы для пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, а таксама льготы на праезд пэнсіянэрам і школьнікам. Сыранкоў бараніўся, заявіўшы, што дзяржаўная падтрымка ў Беларусі зьяўляецца прыкладам для Эўропы.
Раскрытыкаваў прапановы Канапацкай пра льготы і Гайдукевіч. Таксама яму не спадабалася прапанова Канапацкай пра пераход да парлямэнцкай рэспублікі і яе словы пра тое, што Беларусь павінна дамагацца скасаваньня санкцый. На думку Гайдукевіча, апошняе можа азначаць страту краінай сувэрэнітэту.
На думку Гайдукевіча, галоўная бяда Беларусі — «безыніцыятыўныя чыноўнікі без ідэалёгіі, іх шмат у краіне». Таму ў якасьці ўнутранай рэформы ён прапанаваў «павышэньне ідэалягічнага складніку чыноўнікаў на тое, каб яны працавалі якасьней і больш чулі людзей».
Ганна Канапацкая дала сьціслую характарыстыку апанэнтам на дэбатах: «Слабая базавая падрыхтоўка, нізкі ўзровень разуменьня геапалітычных і стратэгічных інтарэсаў краіны, адсутнасьць досьведу ў кіраваньні эканомікай, дзяржавай». Яна мяркуе, што ніхто з трох ейных апанэнтаў не адпавядае патрабаваньням, прад’яўленым кандыдатам на найвышэйшую пасаду ў краіне.
- Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
- У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
- Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў выбраць прэзыдэнтам новага чалавека.
- З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум