Кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Ганна Канапацкая накіравала скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію на «Беларусбанк», абвінаваціўшы яго ў парушэньні выбарчага заканадаўства. Пра гэта яна расказала ў інтэрвію праекту Рэспубліканскага моладзевага цэнтру Moladz_by.
Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
Падчас інтэрвію вядоўца адзначыў, што ў 2020 годзе Ганна Канапацкая неаднойчы крытыкавала сыстэму выбараў і нават падавала скаргу на Цэнтравыбаркам, і спытаў яе, навошта яна ўдзельнічае ў гэтых выбарах. У адказ на гэта Канапацкая заявіла, што яе скарга «ніякім чынам ня тычылася ЦВК».
«Маё патрабаваньне аб прызнаньні выбараў несапраўднымі было заснаванае на парушэньні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якое пацягнула за сабой сумнеўную легітымнасьць Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня. Гэта той орган, які прыняў рашэньне аб прызначэньні выбараў 2020 году», — адказала Канапацкая.
Пры гэтым Канапацкая прызнала, што яе каманда фіксавала «тыя ці іншыя парушэньні выбарчага заканадаўства», і заявіла, што яна падрыхтавала і накіравала ў ЦВК новую скаргу.
«Літаральна сёньня я адправіла скаргу ў ЦВК на „Беларусбанк“, які абавязаны выконваць выбарчае заканадаўства ў частцы вядзеньня і афармленьня спэцыяльных выбарчых рахункаў. Яны гэтага не выконваюць», — заявіла яна.
Канапацкая падкрэсьліла, што ў гэтым выпадку нельга ўскладаць віну на ўчастковыя камісіі ці на Цэнтральную выбарчую камісію.
«Думаю, што праблема ў тым, што беларускае грамадзтва не зусім гатовае да ўдзелу ў такіх сур’ёзных электаральных кампаніях. Асаблівасьць электаральнай кампаніі 2025 году, і ЦВК, і мясцовыя органы ўлады — яны імкнуцца максымальна ўцягнуць грамадзян у гэты працэс», — заявіла Канапацкая.
- Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
- Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і ў час выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў абраць прэзыдэнтам новага чалавека.
- З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікі выбараў у Беларусі.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум