Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія ВНУ перастануць патрабаваць ад абітурыентаў зь Беларусі вынікі ЦТ і ЦЭ


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Унівэрсытэт Адама Міцкевіча ў Познані
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Унівэрсытэт Адама Міцкевіча ў Познані

Ад беларускіх абітурыентаў, якія паступаюць у навучальныя ўстановы Польшчы з 1 ліпеня больш ня будуць патрабаваць вынікі экзамэнаў ЦТ і ЦЭ, паведаміў 20 студзеня Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі, спасылаючыся на афіцыйны адказ на запыт, атрыманы ад польскіх уладаў.

На запыт прадстаўніцтва АПК у нацыянальным адраджэньні адносна прызнаньня адукацыі, атрыманай у Беларусі, для паступленьня на навучаньне ў Польшчы адказалі спэцыялісты Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы, гаворыцца ў паведамленьні.

«Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы зрабіла прапанову ў праект закона, які рыхтуе МЗС. Згодна з гэтым, Міністэрства адукацыі зьмяняе некаторыя законы, каб ліквідаваць парушэньні ў візавай сыстэме і норму, якая дазволіць асобам зь Беларусі паступаць на навучаньне ў Польшчы паводле правілаў, якія дзейнічалі да дэнансацыі Пагадненьня», — сказана ў лісьце.

Гаворка ідзе пра аднабаковую дэнансацыю Беларусьсю пагадненьня з Польшчай аб прызнаньні эквівалентнасьці ў сфэры вышэйшай адукацыі, што прывяло да зьмены ўмоваў паступленьня грамадзян Беларусі на навучаньне ў Польшчы з 3 лістапада 2023 году. У выніку гэтых зьменаў цяпер разам з заявай абітурыент павінен прадставіць у кураторыюм асьветы дакумэнт, які пацьвярджае здачу экзамэнаў ЦТ і ЦЭ з улікам тэрміну іх дзеяньня — для прызнаньня права на паступленьне ў польскія ВНУ.

Згодна з новым законам, які набудзе моц 1 ліпеня 2025 году, ад беларускіх абітурыетаў у Польшчы ня будуць патрабаваць вынікі іспытаў ЦТ і ЦЭ. Заявы, пададзеныя ў кураторыюм асьветы і не разгледжаныя да 30 чэрвеня, будуць разглядаць з улікам гэтых зьменаў.

Таксама з 1 ліпеня пытаньні, зьвязаныя з прызнаньнем права на паступленьне ў польскія ВНУ, перададуць у кампэтэнцыю Нацыянальнага агенцтва акадэмічнага абмену (NAWA), гаворыцца ў паведаленьні.

  • 25 кастрычніка 2022 году ўрад Беларусі скасаваў пагадненьне аб узаемным прызнаньні дакумэнтаў аб адукацыі з Польшчай. Пасьля гэтага беларускія абітурыенты пачалі сутыкацца з праблемамі з пры паступленьні ў польскія ВНУ. Беларусы пацьвярджалі польскім ВНУ атрыманьне сярэдняй адукацыі рознымі спосабамі: рабілі апастылі, пераклады, спрабавалі атрымаць дублікаты дакумэнтаў у беларускіх адукацыйных установах.
  • У траўні 2024 году Міністэрства адукацыі Беларусі перастала прымаць заявы на выдачу даведак, якія пацьвярджаюць легальнасьць атэстатаў. Такія даведкі патрабавалі ў тым ліку польскія ВНУ пры прыёме беларускіх грамадзян на навучаньне. Пазьней стала вядома, што Мінадукацыі Беларусі спыніла выдачу нават тых даведак, якія б маглі даказаць, што школа, якую абітурыент скончыў, мае акрэдытацыю (такі дакумэнт таксама просяць польскія ВНУ).
  • 7 чэрвеня прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў папраўкі ў заканадаўчыя акты аб дапамозе грамадзянам Украіны, якія апроч іншага спрашчаюць прызнаньне беларускіх дакумэнтаў аб адукацыі. У прыватнасьці, у іх было сказана, што атэстат аб адукацыі, атрыманы ў краіне, якая дэнансавала міжнароднае пагадненьне аб узаемным прызнаньні атэстатаў і іншых выдадзеных за мяжой дакумэнтаў, можа быць пацьверджаны ў Польшчы. Аднак беларускія абітурыенты сутыкнуліся з тым, што ў іх пачалі патрабаваць вынікі праведзенага ў краіне цэнтралізаванага тэставаньня.
  • 10 студзеня 2025 году падчас візыту беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай у Польшчу міністарка нацыянальнай адукацыі Польшчы Барбара Навацка паведаміла, што Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы падрыхтавала пастановы, якія ўпарадкуюць працэс прызнаньня адукацыі асобаў, якія паступаюць у ВНУ. Таксама яна анансавала, што Польшча будзе прызнаваць беларускія атэстаты аб сярэдняй адукацыі на ўзроўні польскіх.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG