Напярэдадні 162-й гадавіны паўстаньня 1863 году невядомыя скралі памятны камень з магілы ксяндза Адама Фалькоўскага ў Лідзе, паведамляе польскае выданьне Znadniemna.pl. Фалькоўскі быў расстраляны расейскімі царскімі ўладамі 24 чэрвеня 1863 году.
Пра акт вандалізму рэдакцыі паведамілі чытачы зь Ліды, якія хацелі ўскласьці кветкі і запаліць сьвечкі на сымбалічнай магіле ксяндза Адама Фалькоўскага ў гадавіну пачатку паўстаньня.
Паводле крыніц выданьня, увосень 2024 году памятны камень яшчэ быў на месцы, палякі запальвалі там сьвечкі ў Дзень усіх сьвятых.
Год таму, на пачатку студзеня 2024 году, нехта ўжо спрабаваў апаганіць помнік на магіле ксяндза Адама Фалькоўскага — зацёр выяву герба паўстанцаў, куды ўваходзяць анёл, польскі белы арол і вялікалітоўская «Пагоня».
Ксёндз Адам Фалькоўскі быў расстраляны расейскімі царскімі ўладамі 24 чэрвеня 1863 году ў Лідзе ля дарогі на Крупы, дзе і пахаваны. Уся віна сьвятара палягала на тым, што ён зачытаў маніфэст паўстанцаў і заклікаў сваіх вернікаў узяць удзел у паўстаньні.
Вандалізм на месцы пахаваньня сьвятара ўжо бываў раней: спачатку камяні вакол магілы раскідвала царская паліцыя, у 1940 годзе крыж зьнішчылі савецкія ўлады. З тымі крыжамі, што ставілі самі людзі ў 90-я, упарта змагаліся мясцовыя чыноўнікі.
У 2010-м з дазволу ўладаў крыжы замянілі на камень, цяпер камусьці не спадабаўся і ён.
Апошнім часам рэжым Лукашэнкі ўсяляк намагаецца сьцерці памяць пра Кастуся Каліноўскага і паўстаньне 1863 году. Так, у 2023 годзе ў Горадні загадкава зьнік памятны знак у гонар паўстанцаў, а на ягоным месцы зьявілася дошка ў гонар савецкіх чыгуначнікаў-падпольшчыкаў. У Старых Дарогах у прыватным музэі ўжо спачылага Анатоля Белага зьнік барэльеф у гонар Кастуся Каліноўскага, на гістфаку БДУ падчас рамонту зьнішчылі керамічнае пано Каліноўскага і яго паўстанцаў, у Менску закрылі бар «Каліноўскі». Падчас праверкі бібліятэчных фондаў загадана схаваць глыбока ў архівы ўсе кнігі пра паўстаньне 1863 году і асобу Кастуся Каліноўскага.
Таксама ўлады зьнішчаюць іншыя памятныя месцы беларускай гісторыі. Напрыклад, у 2023 годзе ў Грозаве і Семежаве зьніклі крыжы, усталяваныя ў памяць герояў Слуцкага збройнага чыну. У Курапатах пад Менскам працягваюцца акты вандалізму, на якія міліцыя ніяк не рэагуе. Таксама ўлады зьнішчылі шэраг польскіх пахаваньняў у розных частках краіны.
Форум