Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яна сядзела проста на асфальце, уся ў крыві». Гісторыя таго самага фота з Марыяй Зайцавай


Марыя Зайцава, параненая 9 жніўня 2020 году ў Менску
Марыя Зайцава, параненая 9 жніўня 2020 году ў Менску

У жніўні 2020 году Марыі было 19 гадоў. Яна доўга аднаўлялася пасьля атрыманага на пратэстах раненьня, атрымлівала мэдычную дапамогу ў Чэхіі. Пасьля 24 лютага 2022 спачатку дапамагала ўкраінскім уцекачам як валянтэрка, пасьля паехала ваяваць сама. 17 студзеня Марыя загінула, выконваючы баявое заданьне на фронце.

Увечары 9 жніўня 2020 году дзясяткі тысяч людзей выйшлі ў цэнтар Менску на пратэст супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. На той момант падыходы да звыклых месцаў збору пратэстоўцаў на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасьці ўжо былі перакрытыя, таму людзі пачалі зьбірацца на скрыжаваньні праспектаў Машэрава і Пераможцаў, побач са стэлай «Менск горад-герой» і музэем Вялікай айчыннай вайны.

Туды ж разам з сябрам прыйшла 19 гадовая Марыя Зайцава, якая прыехала ў Менск з Гомля нягледзячы на тое, што яе родныя былі супраць гэтага.

«Яна была ў першых шэрагах пратэстоўцаў, якіх сілавікі са скрыжаваньня адцясьнілі па 1-м кальцы ў бок мэтро „Маладзёжная“. Там было шмат людзей, яны проста стаялі, размаўлялі адзін з адным», — расказаў у размове са Свабодай адзін з відавочцаў.

Выцясьняць удзельнікаў пратэстаў са скрыжаваньня сілавікі пачалі каля 21 гадзіны. Для гэтага яны спачатку занялі цэнтар скрыжаваньня, куды зьехалася спэцтэхніка. Пасьля пачалі выцясьняць людзей ад стэлы ў абодва бакі па праспэкце Машэрава, выкарыстоўваючы для гэтага вадамёты, гумавыя кулі і сьвятло-шумавыя гранаты. Гранаты запускалі ўглыб натоўпу, проста пад ногі людзям. Выбухі на некаторы час асьляплялі і глушылі пратэстоўцаў, цалкам іх дэзарыентуючы. Асабліва жорстка міліцыянты дзейнічалі там, дзе знаходзілася Марыя Зайцава.

«У нейкі момант на нас паляцелі гранаты, па людзях пачалі страляць гумавымі кулямі. Быў шок, ніхто не мог зразумець, што адбываецца, навошта яны гэта робяць. Выбухі былі паўсюль, я ўбачыў акрываўленых людзей, іх было шмат. Нехта ў больш цяжкім стане, нехта менш. Некаторыя ляжалі ці сядзелі на асфальце. Дзяўчына гэтая таксама была там, ціха сядзела проста на асфальце, уся ў крыві», — гаворыць відавочца.

Усё гэта адбывалася ў першыя хвіліны пасьля апоўначы. Па словах відавочцаў, Марыя нейкі час ніяк не рэагавала на спробы паразмаўляць зь ёй. Побач знаходзіліся мэдыкі, але яны былі занятыя іншымі параненымі. Зайцавай дапамагалі выпадковыя людзі, якія спрабавалі спыніць кроў з раненьняў ад гумовых куляў і аскепкаў гранаты, якая пашкодзіла дзяўчыне твар і вока.

У месцы, дзе былі параненыя Марыя і іншыя ўдзельнікі пратэстаў, працавалі некалькі фатографаў і апэратараў. Адзін зь іх зрабіў здымак, які на наступны дзень абышоў увесь сьвет, стаўшы сьведчаньнем жорсткасьці дзеяньняў беларускіх уладаў.

Неўзабаве пасьля таго, як было зробленае фота, сілавікі зноў пачалі наступ на пратэстоўцаў, якія адступілі далей ад стэлы. Марыя і іншыя параненыя засталіся на месцы. Аб тым, што адбывалася з Зайцавай далей, не памятала нават яна сама.

«Стаялі мірна, крычалі, што за мір. Памятаю, нас паліваюць вадой, і пасьля гэтага — выбух, я ляжу на зямлі. І пасьля гэтага нічога не памятаю… Мяне асьляпіла… Мой знаёмы і людзі вакол спрабавалі мяне адцягнуць кудысьці. У сетку яшчэ патрапілі страшныя фота, як я сяджу ў паўмёртвым стане, галава прабіта і ўся ў крыві. Мяне аглушыла. Я нічога не чула і не бачыла. Спрабавалі яшчэ са мной размаўляць. Ну, а потым, відаць, на „хуткую“ даставілі мяне і павезьлі ў шпіталь», — расказвала Марыя праз тыдзень пасьля раненьня журналістам.

Ад стэлы Марыю разам з некаторымі іншымі пацярпелымі спачатку прывезьлі ў шпіталь Хуткай мэдычнай дапамогі. Там ёй паставілі першы дыягназ: Выбуховая траўма, чэрапна-мазгавая траўма, аскепкавыя раненьні вока, скроні, траўматычнае пашкоджаньне барабаннай перапонкі, пашкоджаньне рукі. Аднаўленьне патрабавала часу і адмысловых спэцыялістаў, Зайцава вырашыла зьехаць зь Беларусі, апынулася ў Чэхіі.

Марыя Зайцава ў чэрвені 2022 году
Марыя Зайцава ў чэрвені 2022 году

Там Марыя Зайцава спрабавала пачаць навучаньне ў Чэскім тэхнічным унівэрсытэце, пасьпяхова прайшла падрыхтоўчы курс, адкрыты для ўдзельнікаў праграмы Medevac, створанай для дапамогі параненым удзельнікам беларускіх пратэстаў. Аднак не змагла паступіць на асноўнае навучаньне праз праблемы са здароўем, выкліканымі атрыманымі 9 жніўня 2020 году раненьнямі.

Пасьля пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне Марыя Зайцава валанцёрыла ў адной з арганізацый, якія дапамагалі украінскім уцекачам у Чэхіі. Вясной 2023 году яна вырашыла паехаць на фронт сама. Неўзабаве атрымала там раненьне рукі, вярнулася на рэабілітацыю ў Чэхію. Спрабавала застацца там, шукала працу. Другі раз на вайну ва Украіну Марыя Зайцава паехала ў свой Дзень нараджэньня, 16 студзеня 2024 году.

Роўна праз год Марыя загінула.

«У вайсковай анкеце я пазначыла, што я атэістка. Не ведаю, ці гэта паўплывае на маё магчымае пахаваньне, але я не хацела бы быць пахаванай пад крыжам. Калі будзе магчымасьць зрабіць гэта лепей, я буду ўдзячная», — напісала Марыя блізкай сяброўцы ў адным з паведамленьняў, адпраўленых пасьля другога ад’езду на вайну.

Як расказалі Свабодзе пабрацімы Марыі Зайцавай, уначы на 18 студзеня цела загінулай беларускі змаглі эвакуяваць з зоны, якую абстрэльваюць расейскія вайскоўцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG